Прэмія імя Алеся Адамовіча

Прэмія імя Алеся Адамовіча

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і мас-медыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча, у чатырох намінацыях:

1) літаратурная публіцыстыка;
2) газетная журналістыка;
3) кінажурналістыка;
4) радыёжурналістыка.

Пазней прэмія пачала ўручацца 26 студзеня — у дзень смерці пісьменніка. Лаўрэаты атрымліваюць дыплом і памятны знак. Першае ўручэнне прэміі Алеся Адамовіча адбылося падчас працы Другога міжнароднага кангрэсу ў абарону дэмакратыі і культуры ў Іслачы 3 верасня 1995 года.

Мэты прэміі:

— ушанаваць памяць Алеся Адамовіча;
— адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.


Лаўрэаты

2017 — Аляксандр Лукашук за стварэнне кніжнай серыі "Бібліятэка Свабоды", а таксама за выданне кніг "Прыгоды АРА ў Беларусі" і "Сьлед матылька. Освальд у Менску".

2016 — Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы»

2015 — Уладзімір Арлоў за кнігу “Імёны Свабоды” (Мінск, 2015).

2014 — Уладзімір Някляеў за кнігу “Знакі прыпынку”

2013 — Алесь Бяляцкі за кнігу "Асвечаныя беларушчынай"

2012 — Валер Булгакаў за кнігу “Беларусь 1994—2004 гг.: разбудова дзяржавы і пераслед нацыі” і Аляксандр Фядута за кнігу “Амерыканскія вершы”, напісаную падчас знаходжання ў СІЗА КДБ

2011 — Аляксандр Тамковіч за кнігу інтэрв'ю “Без палітыкі” і Мікалай Мельнікаў за вялікі ўнёсак у зберажэнне спадчыны Васіля Быкава

2010 — Сяргей Шапран за кнігу “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”

2007 — Павал Севярынец за публіцыстычны цыкл “Лісты з лесу”

2006 — Сяргей Навумчык за кнігу “Сем гадоў Адраджэння, альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі”

2004 — Генадзь Бураўкін за кнігу паэзіі “Жураўліная пара”, укладанне кнігі ўспамінаў “Наш Быкаў” і серыю публіцыстычных артыкулаў у газеце “Салідарнасць”

2002 — Ганна Соўсь за цыкл рэпартажаў у эфіры Радыё Свабода з урочышча Курапаты падчас будаўніцтва там кальцавой дарогі

2001 — Валянцін Акудовіч за культуралагічныя эсэ, прысвечаныя самаідэнтыфікацыі беларусаў, і Валерый Дранчук за публіцыстычныя артыкулы ў абарону беларускай прыроды

2000 — Міхась Скобла за цыкл перадач "Вольная студыя" 1999—2000 гадоў і Сяргей Шупа за публікацыю дзвюх кніг "Архiва Беларускай Народнай Рэспублiкi"

1998 — Сяргей Дубавец за цыкл перадач “Вострая Брама”

1996 — Віталь Тарас і Людміла Паўлікава-Хейдарава за прынцыповасць i майстэрства ў асвятленнi сучасных праблем Беларусi

1995 — Павел Шарамет, Анатоль Казловіч, Віталь Цыганкоў, Валянцін Жданко, Самсон Палякоў і Анатоль Алай