Гісторыя

Міжнародны ПЭН-клуб — гэта сусветнае аб’яднанне прафесійных літаратараў, заснаванае ў Лондане 5 кастрычніка 1921 года з ініцыятывы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і Джона Галсуорсі, каб пашыраць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесіяў і абараняць іх правы. У 2010 годзе Міжнародны ПЭН-клуб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах свету. Сённяшняя прэзідэнтка - пісьменніца Джэніфер Клемент.
Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзіла 20 пісьменнікаў, і прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў № 274 ад 1 лістапада 1990 года і перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як сябар Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН-цэнтр мае статус “А” ў ЮНЭСКА і дарадчы статус у ААН.

У 1994 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр заснаваў дзве штогадовыя літаратурныя прэміі, якія прысуджаюцца выбітным літаратарам з мэтай заахвоціць іх у працы і адзначыць іх дасягненні: прэмія імя Алеся Адамовіча і прэмія імя Францішка Багушэвіча. У 2012 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў як адзін з заснавальнікаў Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

З 1996 года Беларускі ПЭН-цэнтр з’яўляецца сябрам Камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні” (Writers in Prison Committee), заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.

Прэзідэнты Беларускага ПЭН-цэнтра


1990 – 1999
Рыгор Барадулін
1999 – 2003
Васіль Быкаў
2003 – 2005
Лявон Баршчэўскі
2005 – 2009
Уладзімір Някляеў

з 2009 – 2017
Андрэй Хадановіч

з 2017 па сённяшні дзень
Таццяна Нядбай



Мэта Беларускага ПЭН-цэнтра — абараняць свабоду слова і прафесійныя правы пісьменнікаў, пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва, удзельнічаць у сусветным літаратурным працэсе, развіваць беларускую культуру, выхоўваць ў грамадскай свядомасці высокія гуманістычныя ідэалы.