Крысціна Бандурына




Нарадзілася ў 1992 у Мазыры, жыве ў Гомелі. Навучаецца на філфаку ГДУ імя Францыска Скарыны. Фіналістка конкурсу “Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава (2014), скончыла Школу маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў (2015).



Пра ідэю Рэзідэнцыі і пра Вільню ўвогуле


Пра Рэзідэнцыю я ведала задоўга да таго, як адправіла туды заяўку: да філфаку яшчэ даходзіць сёе-тое з беларускамоўных сайтаў. Але паўдзельнічаць вырашыла толькі пасля заканчэння Школы маладога пісьменніка, неяк тады было больш упэўненасці ў сабе. Сама па сабе магчымасць пісаць у асобнай прасторы, дзе няма людзей, мяне вельмі прываблівала, але будзе не зусім праўдай, калі я прамаўчу пра жаданне ўбачыць іншую краіну і знакамітую сталіцу ВКЛ у прыватнасці.

Наколькі апраўдаліся мае чаканні? Мне было цікава, ці вытрымаю я на самой справе адна два тыдні. Ужо ў канцы першага тыдня мне хацелася адтуль з’ехаць. Старую частку Вільні я вывучыла за два вечары, у многім мне дапамагла ў гэтым папярэдне зробленая экскурсія па горадзе з Пашам Анціпавым, за што яму асабісты дзякуй. У пошуках цікавых мясцін я яшчэ выбіралася ў розныя іншыя раёны Вільні, але ў цэлым большую частку часу я прасядзела ў чатырох сценах. Рэзідэнцыя была для мяне магчымасцю не столькі спакойна папрацаваць, колькі разабрацца ў сабе, прыслухацца да адчуванняў, раскласці па палічках думкі. Да таго ж сама атмасфера ў Доме правоў чалавека, як на мяне, абсалютна не спрыяла з’яўленню натхнення. Калі б там не было доступу ў Інтэрнэт, не ведаю, што б мяне ратавала. Я не збіралася наведваць музеі і выставы, не прываблівалі мяне таксама і вандроўкі па кавярнях. У мяне была мэта – пісаць, і неяк дзіўна, але ў вышэй пералічаныя месцы нават не цягнула.

Харчавалася я тым, што купляла ў крамах, наколькі гэта магчыма было ва ўмовах адсутнасці кухоннай пліты. У крайніх выпадках заўсёды ратавалі гарбата, пячэнькі і цукеркі ад ДПЧ. Дарэчы, без гарбаты ў мяне праца чамусьці ісці не хацела.

Пра працу і творчасць

Калі я падавала заяўку ў Рэзідэнцыю, дакладна ведала, што я хачу там зрабіць. У мяне быў пачатак кнігі на расейскай мове, які я наіўна збіралася перакласці і дапісаць. У выніку атрымалася, што я пачала пісаць з нуля, без усялякіх перакладаў. Калі ўлічыць адсутнасць жадання ствараць нешта ва ўмовах Дома правоў чалавека, тыя прыкладна трыццаць адсоткаў працы, якія я паспела напісаць, выглядаюць не так ужо і блага, як мне гэта падавалася спярша. Каюся, я не прачытала ніводнай кнігі за гэтыя два тыдні, хаця часам узнікала жаданне што-небудзь разгарнуць, знаходзячыся па-за межамі майго пакоя, але нашмат цікавей было назіраць за наваколлем.

Калі ўсё ж і цягнула мяне пісаць, звычайна гэта бывала з раніцы, пасля таго як мне даводзілася змагацца са сваёй бурнай рэакцыяй на адборны расейскі мат у выкананні будаўнікоў пад вокнамі суседняга дома. Яскравы момант, які цяпер трывала асацыюецца ў мяне з працай над тэкстам у Вільні. Агулам жа, вывучаючы горад, знаходзячыся сярод мноства разнастайных культур, хацелася не столькі ствараць нешта мастацкае, колькі ўбіраць у сябе творчасць іншых людзей, якой хапала на віленскіх вуліцах: пачынаючы ад малюнкаў на сценах, вязанай вопраткі на дрэвах і заканчваючы незабыўнымі спевамі вулічных музыкаў. Напэўна, у гэтым для мяне запомнілася больш духу Вільні, чым ва ўсіх яе гістарычных помніках і проста прыгожых старых вуліцах.

Па традыцыі, у справаздачы прынята выкладаць кавалак зробленай працы, і на гэтым месцы заканамерна мусіў быць мой урывак, але тэкст пакуль яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, таму я не буду яго выкладаць.

Дзякуй ПЭН-цэнтру за цудоўны досвед іншаземнага жыцця, ён быў вельмі карысным для мяне. Таму што часам не столькі не хапае прасторы для творчасці, колькі магчымасці проста застацца сам-насам са сваімі думкамі, зразумець, што ты хочаш зрабіць, для чаго і што табе дзеля гэтага патрэбна. Мне падаецца, для пісьменніка гэта не менш важна, чым уласна стварэнне твора.