Пошук

“У турме ты толькі пасажыр”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 19-25 ліпеня


Фота: ілюстрацыя @cactuss.art
“Гэта сапраўды вельмі страшна – імкліва губляць каштоўнасці, перш за ўсё, у галіне права, якія чалавецтва выпакутавала цягам сваёй гісторыі. Я б ніводнаму чалавеку не пажадала апынуцца пасярод дзікунскага свята беззаконня”. Сабіна Брыло

Спампаваць pdf-версію 42-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Вынікі маніторынгу парушэнняў культурных правоў за студзень-чэрвень 2021 года

За 1-е паўгоддзе 2021 года зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў і дзяячак культуры.


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская, фота budzma.by

Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская, кіраўніцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і каардынатаркі грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у мэтах бяспекі вымушаныя былі часова з’ехаць з Беларусі. 

Таццяна Мастыка, якая ў мінулым узначальвала грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”, і яе муж Андрусь Мастыка, гісторык і навуковец, затрыманыя пасля ператрусу супрацоўнікамі КДБ 19 ліпеня. Пасля Таццяну змясцілі ў СІЗА КДБ, а месцазнаходжанне Андруся дагэтуль невядомае. Адваката да іх не дапускаюць. 

Максім Субач, фота Polina Sharai

Максім Субач, музыка, удзельнік гуртоў TonqiXod і Subtonans, затрыманы 20 ліпеня ў Мінску. Падставай для затрымання з’явілася налепка на машыне, а дакладней, яе фота, што было зроблена ў пачатку сакавіка 2021 года. Музыку прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

19 ліпеня стала вядома, што на банкаўскі рахунак Беларускага ПЭН-цэнтра накладзены арышт. Пасля Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭНа.

У Оршы вымушана закрыцца крама нацыянальнай сімволікі “Цудоўная крама”. У ліпені 2021 года Ігара Казмерчака – уладальніка крамы, праваабаранцу, двойчы затрымлівалі, ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб псаванні маёмасці, а ў яго кватэры правялі ператрус. 24 ліпеня следчыя органы спынілі крымінальную справу

У сядзібе ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча 20 ліпеня адбыўся ператрус. 

Андрэй Дынько

Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопіса “Наша гісторыя”, адпушчаны са Следчага Камітэта 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы. Верагодна, Андрэй застаецца падазраваным па ч.2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання).

Ганна Сокур, танцорка, затрыманая 22 ліпеня, асуджаная на 7 сутак адміністратыўнага арышту. 

Больш за 40 грамадскіх арганізацый былі зліквідаваныя ў Беларусі 23 ліпеня, сярод іх культурніцкія: Арт-сядзіба, Майстэрня сацыяльнага кіно, Інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт» (Наваполацк), курсы беларускай мовы “Мова нанова”, Культурна-асветнiцкая ўстанова “АСЕТ”, Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Амарока”, Культурна-асветніцкая ўстанова “Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў”, Культурна-асветніцкая ўстанова “Крэсы”, Сацыяльна-асветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны “УНОВІС-форум”.

Стася Губарэвіч, фота Наша Ніва

Ксенія Галубовіч, фатографка, была затрыманая 23 ліпеня падчас здымак у дзіцячым хоспісе. У яе кватэры прайшоў ператрус, пасля допыту яе адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. 

Да Стасі Губарэвіч, былой жонкі палітыка Юрыя Губарэвіча, прыйшлі з вобшукам, падчас якога знайшлі сцяг, павесілі яго на балконе, прымусілі жанчыну пераапрануцца ў кашулю з чырвонымі палоскамі і шкарпэткі такога ж колеру. Пасля сфатаграфавалі, павезлі ў РАУС і прыцягнулі да адказнасці за аднаасобны пікет, пакараўшы штрафам у 70 базавых велічынь. 


Жыццё ў няволі

Ігар Ільяш, фота Euroradio.fm

Ігар Ільяш, журналіст, аўтар (разам з Кацярынай Андрэевай) кнігі “Беларускі Данбас”, быў затрыманы 16 ліпеня, паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Паводле сведчанняў родных, ён бадзёры і спакойны. У камеры ён сядзіць з іншымі «палітычнымі», матрасаў і бялізны нікому не даюць. Ён прасіў перадаць калегам: «Працаваць, працаваць і працаваць ў тры разы болей! Не спыняцца і не апускаць рукі!».

Зноў пачалі прыходзіць лісты ад Андрэя Пачобута. Ён распавядае, што перанёс каранавірус цяжка, але наступстваў пакуль не адчувае і спадзяецца, што іх і надалей не будзе. Турму летам ён называе пеклам, кажа, што калі дождж, тады лягчэй дыхаецца. Ён рыхтуецца да суду – вывучае матэр’ялы справы. Жыве ўспамінамі пра родны горад Гродна.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Працяг мастацкай кароткаметражнай кінаанталогіі “Менск 2020”

Што малююць беларускія вязні: Андрусь Войніч; Дзмітры Дубоўскі; Сяргей Раманаў; Яна Арабейка.

 

Прэзентацыі нямецкага выдання новай кнігі Вольгі Шпарагі Die Revolution hat ein veiblcichest Gesicht – і дыскусіі з удзелам філосафкі праходзяць у розных гарадах Германіі. 

Андрэй Хадановіч прэзентаваў сваю новую кнігу «Фантомныя радасці», якая выйшла ў Польшчы на беларускай і польскай мовах. 

Вольны хор выступіў з канцэртам у Познані і Уроцлаве.


Галасы асобаў

Ніна Шыдлоўская

Ніна Шыдлоўская:

“Не думала, што давядзецца так зрабіць… Але давялося… Беларусь мая родная, чакай мяне! Я вярнуся. Дзякуй вялікі ўсім добрым людзям”.

 

Алена Макоўская

Алена Макоўская: 

“Хочацца спадзявацца, што гэта ўсе ж, хаця і раптоўная, але камандзіроўка, што гэта ўсё скончыцца і можна будзе вярнуцца ў Беларусь. Дзякуй усім, хто дапамагаў”.

 

Андрэй Хадановіч пра сваю новую кнігу:

Андрэй Хадановіч, фота Анастасіі Канарскай

“Для многіх удалы верш – гэта маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі. Калі з гэтым сутыкаешся, то адразу не дазваляеш сабе расслабляцца і пішаш гэтую гісторыю далей. Заканчэнне кнігі далёкае ад звыклага чытачу Хадановіча. Гэтыя тэксты больш лірычныя, больш сур’ёзныя, больш трагічныя. Хоць я спрабую не пісаць тэкстаў, якія б не заканчваліся надзеяй, бо дэпрэсіі хапае і без мяне”.


Міжнародная салідарнасць

Барыс Пятровіч, фота euroradio.fm

Шведскія пісьменнікі падтрымалі Барыса Пятровіча, беларускага празаіка, старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў, у доме якога на мінулым тыдні прайшоў ператрус і які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. На знак салідарнасці ў сваіх сацыяльных сетках пад хэштэгам #baryspjatrovitj яны змясцілі відэаролікі, на якіх чытаюць фрагменты з кніжкі Барыса Пятровіча «Fresker», што выйшла ў 2008 годзе ў перакладзе Дзмітрыя Плакса.

23 ліпеня ў Штутгарце ў рамках руху Music for Belarus прайшоў канцэрт TRIO vis-à-vis, прысвечаны Марыі Калеснікавай

Падтрымку Беларускаму ПЭНу і беларускай грамадзянскай супольнасці выказаў шэраг арганізацый, сярод якіх: Украінскі ПЭН, ПЭН Амерыка, Еўрапейская пісьменніцкая рада і Выдавецкія перспектывы, Брытанская асацыяцыя пісьменнікаў, Міжнародны ПЭН-клуб, ПЭН Масква і асацыяцыя “Вольнае слова”, Шведскі ПЭН, Асацыяцыя нямецкіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр Нямеччыны


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У ліпені 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта Мікалай Сасеў, выкладчык танцаў (16 ліпеня); Іван Вярбіцкі, мастак і дызайнер (17 ліпеня), Аляксей Санчук, музыка (18 ліпеня) і Віктар Лосік, капірайтэр (22 ліпеня). 

Адрасы для лістоў: 

Аляксею Санчуку ды Мікалаю Сасеву: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Віктару Лосіку: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Івану Вярбіцкаму: ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1