Пошук

ПЭН-клубы свету выказаліся ў падтрымку Беларускага ПЭН-цэнтра


Фота: PEN America
Міжнародны ПЭН, ПЭН-цэнтр Нямеччыны, Украінскі ПЭН, Шведскі ПЭН, Румынскі ПЭН, ПЭН Амерыкі і ПЭН-Масква выступілі з заявамі, у якіх асуджаюць знішчэнне беларускімі ўладамі грамадскіх арганізацый і грамадзянскай супольнасці краіны, а таксама патрабуюць спыніць пераслед Беларускага ПЭН-цэнтра.

У адказ на навіну аб тым, што Міністэрства юстыцыі Беларусі мае намер зачыніць Беларускі ПЭН-цэнтр, прэзідэнт PEN International Джэніфер Клемент заявіла:

“На працягу многіх гадоў Беларускі ПЭН-цэнтр змагаецца за свабоду выказвання меркаванняў. Cтаршыня Беларускага ПЭНа, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч з’яўляецца віцэ-прэзідэнткай Міжнароднага ПЭНа. Мы бачым, як Міністэрства юстыцыі Беларусі ідзе супраць сваіх адважных грамадзян. Гэта безумоўны акт цэнзуры і несправядлівасці. Сусветная ПЭН-супольнасць падтрымлівае пісьменнікаў і народ Беларусі, якія патрабуюць дэмакратыі i захавання правоў чалавека i асноўных свабод у сваёй краіне”.

Міжнародны ПЭН заклікае беларускія ўлады тэрмінова спыніць рэпрэсіі супраць незалежных грамадскіх дзеячаў, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, каго ўтрымліваюць за мірнае выказванне сваіх поглядаў, а таксама спыніць рэйды, затрыманні, пераследы і напады на ўсіх, хто ажыццяўляе свае правы на свабоду выказвання меркаванняў і асацыяцый.

Арыгінал заявы па спасылцы.


ПЭН Украіна звяртаецца да ўраду Украіны, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, Радзе ААН па правах чалавека і іншых міжнародных праваабарончых і гуманітарных арганізацый з заклікам падтрымаць і абараніць Беларускі ПЭН-цэнтр. У той час як тысячы людзей у Беларусі працягваюць заставацца за кратамі, падвяргаюцца пераследам і катаванням, беларускія праваабаронцы знаходзяцца ў асаблівай рызыцы.

Мы салідарныя з калегамі з Беларускага ПЭН-цэнтра і рашуча асуджаем пераслед і рэпрэсіі, якія ажыццяўляюцца самаабвешчаным урадам Беларусі ў дачыненні да праваабарончых арганізацый.

Арыгінал заявы па спасылцы.


Асацыяцыя нямецкіх пісьменнікаў (VS in ver.di) і ПЭН-цэнтр Нямеччыны асуджаюць напады дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі на Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр.

Арыгінал заявы па спасылцы.


ПЭН Амерыка ініцыяваў петыцыю і прапанаваў паказаць беларускім калегам і сябрам Беларускага ПЭНа , што яны не пакінутыя і што міжнародная супольнасць аб’ядноўваецца ў падтрымку свабоды слова і свабоды выказвання, заўсёды і паўсюль.

Падпішыце петыцыю ПЭН Амерыкі.


Таксама сваю салідарнасць выказалі ПЭН Масквы, ПЭН Швецыі і Румынскі ПЭН.