Пошук

“Ты ўдыхаеш на поўныя грудзі, а паветра няма”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 38


Фота: малюнак Марыі Калеснікавай, "Вольныя паштоўкі"
Што дапамагае нам не здавацца? Нашая зямля і тое добрае, моцнае, што мы атрымалі  ў спадчыну. Салідарнасць і непахіснае імкненне будаваць лепшае жыццё тут, дома. Азіраешся – а за спінаю выпаленая глеба, але мы ратуем сваю Беларусь, захоўваючы ў сабе, па часцінцы, і аднойчы складзем іх, каб атрымалася цэлае. 

Спампаваць pdf-версію 38-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Уладзіслаў Наважылаў

Уладзіславу Наважылаву, вакалісту гурта Gods Tower, прысудзілі тры гады “хіміі” з накіраваннем у папраўчую установу за “Абразу прадстаўніка ўлады”.

Ксенія Тырсікава, культурная менеджарка, вымушана з’ехала з Беларусі. Яе затрымалі 15 траўня 2021 ва ўласнай кватэры, яна адбыла 15-суткавы арышт, пасля чаго адзначала, што не адчувае сябе ў бяспецы. 

Алеся Дзянісава, музыку, і ўсю яго сям’ю выклікалі на допыт у Следчы камітэт 22 чэрвеня ў якасці сведкаў па крымінальнай справе супраць Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйкі за “рэабілітацыю нацызму”. 

Акцыя ў Маладзеча

20 чэрвеня ў Маладзечне ля камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» затрымалі шэсць чалавек. Пятра Дыка арыштавалі на 15 сутак, а Жанну Пілючонак –  на 25 сутак.

Вольга Калацкая, перакладчыца, зноў падазраваная па 342 арт. Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

Ілля Ясінскі, актор, быў вымушаны бегчы з Беларусі праз распачатую супраць яго крымінальную справу.

Цэнтр гарадскога жыцця, фота hrodna.life

Цэлую здымачную групу – 20 чалавек, – якая здымала дыпломную працу маладога рэжысёра, затрымалі ў Мінску 24 чэрвеня. У затрыманых цікавіліся, пра што здымаўся фільм, ці будзе ў ім бел-чырвона-белая сімволіка, хто фінансуе. Большую частку здымачнай групы ноччу адпусцілі. 

“Цэнтр гарадскога жыцця” ў Гродна ліквідаваны 21 чэрвеня. Падставай для закрыцця стала карціна Алеся Пушкіна, які быў затрыманы 30 сакавіка па арт.  130 Крымінальнага кодэксу – Распальванне варожасці. 

Галерэі Арт-Беларусь вярнулі канфіскаваныя летась карціны.


Сімволіка

Пётр Кірылюк

Пётр Кірылюк, 45-гадовы жыхар вёскі Быстрыца Кобрынскага раёна, пакараны годам “хіміі” за сарваны дзяржаўны сцяг.

Юрыю Шастко і Яўгену Грыбу прысудзілі штрафы па 100 базавых велічынь (2 900 рублёў з кожнага) за надпісы і выявы «пратэстнага зместу» (надпісы «Жыве Беларусь!», «3%», бел-чырвоныя палосы) на трох аўтобусных прыпынках.

19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў кватэру сям’і Скаргі за налепку з “Пагоняй” у акне. Калі гаспадары не адчынілі дзверы, міліцыянты выкруцілі вочка ў дзвярах і пусцілі ў кватэру газ, прымусіўшы адчыніць дзверы, затрымаўшы ўсю сям’ю. 

Уладзімір Дрындрожык, музыка, быў затрыманы 24 чэрвеня, меркавана, за налепку на машыне, асуджаны на 7 сутак адміністратыўнага арышту.


Жыццё ў няволі

Аляксандр Васілевіч

Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання за кратамі. Ён перадаў паведамленне:

“Тут мала што ведаеш і разумееш, але ведаю дакладна, што сяброў у мяне і добрых людзей вакол значна больш, чым я думаў і мог чакаць”.

Наталлю Хершэ ўжо месяц трымаюць у штрафным ізалятары. 

 

Ліст ад Стасі Міронцавай:

“Посуд нам выдаюць, калі кормяць… Потым, канешне, забіраюць. Можна браць пустыя талеркі, чым я і займаюся. У нас заўсёды ў камеры толькі чаркі алюмініевыя (зэчкі). Ваду кіпяцім у іх. Яны вельмі награваюцца, і ў рукі ўзяць немагчыма. Але Таня робіць з СБ такія кружочкі чыхольчыкі, і з імі нармальна. А каву і гарбату п’ем праз трубачкі ад ручак, каб вусны не апякаць. Бо нават, калі кава ўжо падастыла, алюміній яшчэ гарачы”.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

23 чэрвеня адбыўся анлайнавы паказ спектакля “Белы трус, чырвоны трус”, які не можа быць паказаны афлайн і падчас прагляду якога на мінулым тыдні адбыліся затрыманні.  

Арт у падтрымку франтмена Gods Tower Уладзіслава Наважылава

Вольга Якубоўская прысвячэнне Кацярыне Барысевіч.

Анлайн-прэм’ера спектакля “Застацца нельга з’ехаць” Незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos. Усе ролі выконваюць былыя артысты Новага драматычнага тэатра, якія калектыўна звольніліся ў кастрычніку 2020 года праз парушэнне іх грамадзянскіх правоў на забастоўку. 

Лявон Вольскі і Маргарыта Ляўчук запісалі новую версію песні “Палон”, прысвечанай палітвязням. 

Выціснуты з Беларусі Сучасны мастацкі тэатр запрацаваў у Кіеве.


Галасы асобаў

Алена Анісім

Алена Анісім, cтаршыня Таварыства беларускай мовы, каментуе праект МУС «Аб вызначэнні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»:

“Сцяг, безумоўна, можна забараніць, але з людской памяці і душы гэта не вытравіш. І з гісторыі не выкінеш. У любым выпадку прыйдзе час, калі гэты сцяг ізноў вернецца. Усё стане так, як і павінна быць”.

 

Сяргей Будкін, фота svaboda.org

Сяргей Будкін, кіраўнік BY_Culture: 

“Гаворачы пра выпрацоўку новай культурнай палітыкі для Беларусі, мы не зьбіраемся нікому навязваць сваё бачаньне. Мы хочам наладзіць працэс абмеркаваньня новай культурнай палітыкі, прапануючы свой плян рэформаў, сваю «дарожную мапу”.

 

 

Міла Котка

Міла Котка, хросная маці беларускага стрыт-арту, заснавальніца і куратарка беларуска-бразільскага фестывалю вулічнай культуры Vulica Brasil:

“Імкнучыся ў будучыню, нам нельга забываць пра традыцыі беларускага народа. Страціўшы гістарычную памяць, забыўшыся пра традыцыі і адмовіўшыся ад беларускай мовы, мы страцім сувязь са сваёй зямлёй. А гэту сувязь губляць нельга ні ў якім разе, нават выпраўляючыся ў светлую касмічную будучыню”.


Міжнародная салідарнасць

Мурал у Лос-Анджэлесе

 

Беларуская дыяспара ў Лос-Анджэлесе стварыла мурал, натхнёны працамі беларускіх мастачак і мастакоў, на знак павагі і любові да суайчынніц і суайчыннікаў.

У межах X Міжнароднага фестывалю «Кніжны Арсенал» адбыліся паэтычныя чытанні «Вершы свабоды з Беларусі», дзе выступілі сябры Беларускага ПЭНа: Уладзімір Лянкевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Андрэй Хадановіч і Таццяна Нядбай.

Вольны хор выступіў у Берліне на ўрачыстым адкрыцці беларускай выставы “Жыве Беларусь”.


Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.