Пошук

«Самае лепшае – зрабіць маленькі крок». 32-і выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу


Фота: малюнак Стасі Міронцавай
“У траўні мы ўсе – радыё постпамяці. Рэха таго, што здарылася не з намі”, – кажа Максім Жбанкоў у новым выпуску перадачы “Шокінг Культ”. Але кожны дзень нам адгукаецца і памяццю таго, што здарылася з намі: часам шэптам, але часцей –  грукатам і звонам. 

Спампаваць pdf-версію 32-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Аляксей Санчук

Аляксея Санчука, музыку, асудзілі да 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: Заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім. Ім пагражае да 12 гадоў зняволення. 

Таня Капітонава, фатографка і відэааператарка, была затрыманая 13 красавіка за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – 12 красавіка група жанчын у белым паклалі кветкі каля Камароўскага рынку, Таня рабіла здымкі. Яе пакаралі 10 суткамі адміністратыўнага арышту.

Адам Бяляцкі, фота svaboda.org

Адам Бяляцкі выйшаў да станцыі метро Каменная горка ў Мінску з плакатам у падтырмку палітзняволеных журналістак Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, а таксама шматдзетнай маці Вольгі Залатар. Яго затрымалі і пакаралі 15-суткавым арыштам.

Анжаліцы Борыс, палітзняволенай старшыні «Саюза палякаў Беларусі», працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на пяць месяцаў.

Эканамічны суд 12 траўня пастанавіў ліквідаваць культурніцкую пляцоўку “Цэнтр гарадскога жыцця”Фармальнай падставай стала карціна мастака Алеся Пушкіна, выстаўленая там у сакавіку, якая, па версіі ўладаў, парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Мікола Таранда, фота hrodna.life

Мікола Таранда, выкладчык, грамадскі актывіст, адзін з заснавальнікаў і кіраўнік гістарычна-культурнага клубу «Паходня», які займаўся захаваннем беларускіх традыцый і пашырэннем ведаў пра іх, звольнены з Гродненскага аграрнага ўніверсітэта.

Новым дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы і балету прызначаны Вячаслаў Гарбузаў. З 2017-га ён кіраваў тэатрам драмы ў Брэсце. На мінулай працы ён, напрыклад, запомніўся загадам набываць туалетную паперу і мыла для тэатру за кошт працаўнікоў. 

На стэле, што на ўездзе ў горад Бяроза, намалявалі чырвоную паласу. Газета раённага выканкама назвала гэта праявай неанацызму. 

Лукашэнка падпісаў закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», які праваабаронцы называюць «інструментам расправы з іншадумцамі». Закон устанаўлівае забарону на гераізацыю і апраўданне нацысцкай ідэалогіі і садзейнічанне гэтаму ў любой форме. Таксама пашыраны змест тэрміну «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка».


Сімволіка

Ірына Сурыгіна, фота belsat

За фота са сцягам Ірына Сурыгіна, маці траіх непаўнагадовых дзяцей, якіх яна ўтрымлівае адна, атрымала штраф 5220 рублёў, а яе сям’я – статус сацыяльна-небяспечнай. 

Анастасія Перавошчыкава 9 траўня вызваленая пасля 105 дзён адміністратыўнага арышту. Гэта рэкордны для Беларусі адміністратыўны тэрмін, і Анастасія атрымала яго за сімволіку. 

Адама Шпакоўскага, якога затрымалі 21 красавіка, бо суседзі паскардзіліся, што ён размаўляе па-беларуску, і пакаралі 15-суткавым арыштам, асудзілі яшчэ на 12 сутак  за “публічную дэманстрацыю, выраб, распаўсюд нацысцкай сымволікі ці атрыбутыкі”. 

Кампанію з сямі чалавек затрымалі 11 траўня на Мінскім моры, дзе яны адпачывалі з бел-чырвона-белым сцягам. Ім прысудзілі ад 5 да 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Не менш за дзевяць чалавек пачынаючы са жніўня ў Брэсцкай вобласці былі пакараныя за “знявагу дзяржаўнага сцяга” на тэрміны ад 6 месяцаў “мер выхаваўчага характару” для непаўналетняга да 1 года “хіміі”. Яшчэ дзве новыя справы дасланыя на разгляд судом, “злачынства” заключалася ў тым, што людзі сарвалі афіцыйны сцяг з флагштока.  

Дзмітры Таратун і Дзіяна Казак

Дзмітры Таратун атрымаў 3 гады абмежавання волі, а Дзіяна Казак – паўтара года хатняй “хіміі” за тое, што ў пачатку лютага 2021 года яны нанеслі на фасад будынка трансафрматарнай будкі малюнак – сардэчка, кулак і вікторыю. 

Адзінаццацікласнікам у Ганцавічах забаранілі прыходзіць на выпускны ў стужках белага і чырвонага колераў. 

Затрымалі за белую гумку на руцэ, прысудзілі 20 сутак за маску з “няправільным малюнкам”, адміністратыўны арышт за сцяг і фатасесію ў лесе, за ружовы тапак з белай паласой, штраф за сцяг у машыне.


Жыццё за кратамі

Алесь Пушкін, мастак, які падазраецца па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы), у зняволенні заснаваў арт-суполку «Турма». У сваім лісце ён паведаміў, што новая арт-суполка створана для тых мастакоў, хто:

  • Сядзеў
  • Жыве альбо зрабіў свядомы выбар вярнуцца з эміграцыі ў Беларусь
  • Размаўляе на беларускай мове.

Зміцер Дашкевіч

Аляксандр Фядута шмат чытае і адукуе сукамернікаў.

Зміцер Дашкевіч, актывіст, былы палітвязень, пісьменнік, які адсядзеў 20 сутак за варту ў Курапатах, распавёў пра ўмовы ўтрымання для палітычных:

“У іх забралі матрацы, пасцельную бялізну, кнігі, асадкі, лісты забаранілі пісаць. Піць трошкі дазваляюць, нейкія перадачы, трошкі бялізны, зубной пасты, шчоткі”.

Кася Будзькозняволеная па студэнцкай справе, цяпер мае свой інстаграм акаўнт, які стварылі для яе сябры. У адным з лістоў яна піша:

“Останусь ли я человеком после зоны, сколько мне понадобится времени для восстановления, адаптации и рефлексии, ну и пройдёт ли наша дружба это испытание…”


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Андрэй Ціцяк “ЖЭСтачайшая цензура” 

Малюнак Анастасіі Перавошчыкавай з-за кратаў

Вікторыя Семыкіна

Вольга Якубоўская

 

Артыстка AnaMova і журналістка Vera May выпусцілі падкаст да паўгода з гібелі Рамана Бандарэнкі. У падкасце яны распавядаюць, што адбылося ў двары на Чарвякова на больш глыбінным узроўні. 

Мая жыве ў Магілёве і робіць лялькі – прататыпы вядомых людзей у тым ліку. Гэта пачалося пасля лета 2020 як спосаб знайсці творчы выхад моцным перажыванням, а таксама як спосаб зарабіць грошы: Маін муж звольніўся падчас забастоўкі ў кастрычніку, а сям’я выхоўвае дзіця з аўтызмам, і за актыўную пазіццыю іх пазбавілі нават дапамогі, што выплочваецца сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. 

Артысты Перамогі: 15 траўня канцэрт Сяргея Башлыкевіча пад назвай “Дзе той адказ?” 


Галасы асобаў

Зварот Паўла Севярынца перад пачаткам суда 12 траўня. Суд закрыты. 

“Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Размаўляй па-беларуску, чытай і ведай сваю гісторыю”.

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў, паэт, пісьменнік, палітык, пра Святлану Ціханоўскую як лідарку: 

“Час паказвае, што яна не так і выпадкова аказалася на месцы, які выбраў лёс, бо тая хуткасць, з якой яна набірае ўпэўненасць, досвед палітычны – гэта ўражвае, яна малайчына”. 

Тры беларускія музыкі – Руся, Наста Шпакоўская і Маргарыта Ляўчук – жывуць па-за межамі Беларусі ўжо больш за паўгода, яны расказалі, чаму эмігравалі, чым жывуць і як уяўляюць той дзень, калі вернуцца ў Беларусь.

Маргарыта Ляўчук

Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка:

“Дзякуй Літве за тое, што мы жывём нармальным жыццём. Тут у нас поўная свабода, рабі што хочаш. Мы можам казаць праўду, пець праўду, посціць што заўгодна і не баяцца, што за намі прыйдуць і забяруць на Акрэсціна”.

Руся (Марына Шукюрава), вакалістка беларускага гурта Shuma:

“Што я магу зараз рабiць? Натхняць людзей, карыстацца сваiмi медыямагчымасцямі, распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусi. За гэтыя паўгода мы ўжо знялi некалькi дакументальных фiльмаў пра сiтуацыю ў Беларусi, у прыватнасцi пра беларускiх жанчын, разам з Сяргеем Будкіным запусцiлi Фонд культурнай салiдарнасцi, з эстонскiмi калегамi — фонд Frida Bel, прысвечаны выключна жаночай тэме. А таксама зрабiлі некалькi калабарацый з кiеўскiмi артыстамi на студыi Iвана Дорна”.

Наста Шпакоўская

Наста Шпакоўская, лідарка гурта Naka і былая актрыса Горкаўскага тэатра:

“Галоўная мэта школы [анлайнавай школы для беларускіх дзяцей ва Украіне] – дадаць да ўкраiнскай школьнай праграмы прадметы беларускага напрамку: беларуская мова, лiтаратура i гiсторыя Беларусi. Наша школа выдае атэстат дзяржаўнага ўзору, такiм чынам, нашы дзецi, нягледзячы на «вайну» дарослых, працягваюць вучыцца беларускай мове i атрымлiваць адукацыю”.


Міжнародная салідарнасць

Андрэй Маісееў, фатограф з Масквы, зрабіў фотапраект. Ён каментуе яго так:

“Все то, что происходит за ближайшей границей – шок для меня. Я представить не мог, что Человек способен так легко и с неподдельным желанием опуститься на пару ступеней в развитии. До крайне скотского состояния. Животные так себя не ведут, как позволяет себе поступать существо, способное на самоанализ, критику и совесть”.

Беларусы Бразіліі адкрылі збор сродкаў на арганізацыю фотавыставы аб падзеях у Беларусі. На першым плане — роля жанчын у пратэстах.

Адзін з перадавых тэатраў Таліна Vaba Lava 31 траўня пакажа спектакль «Error 403» пра трагедыю 10 жніўня 2020 года ў Мінску, калі быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

 

У траўні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (12 траўня), блогер Павел Спірын (20 траўня), студэнтка і мастачка Кася Будзько (25 траўня).

Адрас для лістоў Расціславу і Касі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Адрас для лістоў ПаўлуПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1