Пошук

Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава 2021


Цырымонія ўручэння прэміі Міхала Анемпадыстава прайшла 29 красавіка ў анлайн-фармаце.

Пераможцай прэміі Анемпадыстава сёлета стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку да кнігі “Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў”.

“Прэмія мела пэўныя асаблівасці сёлета, і гэтыя асаблівасці дадаліся ў знакі сябрам журы. Так, у кнізе “Беларуская нацыянальная ідэя” былі “обноружены” элементы экстрэмізму, а кніга “Простыя словы” – пра патрона гэтай прэміі, пра Міхала Анемпадыстава, і магчыма кагосьці гэта здзівіць, але як ёсць. Гэты няпросты час, у якім мы знаходзімся, абудзіў творчы патэнцыял людзей. У гэтым годзе вокладкі былі надзвычай цікавымі, са свежымі формамі і незвычайнымі каляровымі рашэннямі. Таму вельмі складана было з вартых выбіраць вартае”,

– адзначыла літаратарка Вольга Бабкова, якая сёлета не толькі ўваходзіла ў склад журы, але і стала адной з вядоўцаў цырымоніі.

“Я адразу хацела, каб гэта быў менавіта фотаздымак. Каб вокладка паказвала, што кніжка – вось пра гэтага чалавека. Трэба было знайсці фотаздымак, які б адпавядаў характару Міхала, які б паказваў яго прынцыповасць і тое, што Міхал быў правадыром ідэй і што яму было важна, каб яго слухалі. І вось гэты жэст на фота– гэта ягоны жэст. Я зрабіла некалькі варыянтаў, але менавіта гэты варыянт падтрымалі мае сябры”,

– прамовіла пераможца Прэміі, дызайнерка Алена Дашкевіч.


У конкурсе сёлета бралі ўдзел 28 вокладак. Фіналістамі сталі:

  1. Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя”, Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. Медысонт, 2020.
    (Мінская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае “прыкметы праяўлення экстрэмізму”).
  2. Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі “Лотас на асфальце”, Алесь Плотка. Люта Справа, 2020.
  3. Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Нарысы сучаснага краязнаўства”, Збых Слупоўскі. Галіяфы, 2020.
  4. Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Папяросы”, Юры Іздрык (пераклад на беларускую – Алесь Плотка). Галіяфы, 2020.
  5. Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі “Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў”. Stowarzyszenie Młodych Twórców -“Ku Teatrowi” (сувыдавец – Agencja Wydawnicza Ekopress), 2020.
  6. Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “ROT”, Юля Цімафеева. Янушкевіч, Вясна, 2020.

Пераможцу вызначала журы, у якое ўвайшлі літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, дызайнерка Кацярына Пікірэня, мастачка Антаніна Слабодчыкава.


Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў  і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”.


Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі “Віленскі покер” Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі” Джэрома К. Джэрома.