Пошук

“Яны адчулі, што культура – гэта першасны выклік”. Сціслы агляд беларускай культуры за мінулы тыдзень, выпуск 27


Фота: малюнак Міхаіла Юдзіна
«Мы хацелі гэтага [свайго роду негвалтоўнай рэвалюцыі] дамагчыся без праліцця крыві. Гэта быў ідэалістычны план». Святлана Алексіевіч  

Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.


Затрыманні, прысуды, пераслед, забароны

Выставу “Машына дыхае, а я – не”, прысвечаную беларускім медыкам, якія змагаюцца з кавідам, вымушаныя былі зачыніць, арганізатаркі выставы былі затрыманыя 5 красавіка. 

Таццяна Гацура-Яворская, праваабаронца, арганізатарка шматлікіх культурных ініцыятыў, сярод якіх фестывалі дакументальнага кіно, грамадскае аб’яднанне “Звяно” і выставы “Машына дыхае, а я – не”, арыштаваная па крымінальнай справе.

Арганізатары перанеслі анлайн-фестываль дакументальнага кіно BelarusDocs, запланаваны на 13-19 красавіка, з прычыны масавых затрыманняў актывістаў і актывістак. 

Мікола Канановіч

Мікола Канановіч, паэт і галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай”, быў выкліканы ў міліцыю 7 красавіка. Паводле міліцыі, на сайце выдання знайшлі публікацыю, якая ўтрымлівае рэпост тэлеграм-канала, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. 

Уладзімір Лобач, доктар гістарычных навук, этнограф, аўтар шматлікіх кніг, паэт, 7 красавіка  звольнены з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён быў адным з падпісантаў заявы ў абарону бела-чырвона-белага сцяга.

Рамана Васюковіча, журналіста, 7 красавіка суд аштрафаваў на 20 базавых велічынь за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас». 

Таццяну Нядбай, паэтку, пісьменніцу, праваабаронцу, першую намесніцу старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, просяць тэрмінова забраць з крамаў «Белкнігі» асобнікі кнігі «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя», якія яна аддавала туды на рэалізацыю.

Даніла Ганчароў

Новае выданне кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы” на мытні забралі на экспертызу. 

Мастака па асвятленні Данілу Ганчарова, звольненага з Новага драматычнага тэатра за забастоўку, абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула ч. 1 арт. 342 КК – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, пісьменнік, 9 красавіка быў дапытаны ў Следчым камітэце ў якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай на “Вясну” паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – “Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Допыт вёўся па-беларуску, як запатрабаваў спадар Бяляцкі. Ён падпісаў дакумент аб неразгалошванні.

Экспазіцыю мастацкай суполкі “Пагоня”, якая выказалася ў падтрымку Алеся Пушкіна, загадалі зняць за два дні да яе афіцыйнага закрыцця ў Палацы мастацтваў у Мінску.


Сімволіка

Юля Міхайлава

Жыхара Слоніма асудзілі да 7 сутак адміністратыўнага арышту за “пікетаванне” і канфіскавалі аўтамабіль з налепкай “Пагоня” і бел-чырвона-белым сцягам.

Юлю Міхайлаву затрымалі 7 красавіка пасля таго, як апазналі на фота сярод жанчын, якія гулялі па Мінску з бел-чырвона-белымі парасонамі. Пасля агляду кватэры затрымалі таксама яе маці Таццяну і брата Пятра. Юлі прысудзілі 25 сутак адміністратыўнага арышту, маці – 5, а брату – 6. 

Судзяць за чырвоную плёнку (фальгу) на акне, герб на сцяне ўласнай хаты, сцягі ў вокнах, а таксама вывешваюць з вокан кватэры сцяг, якога не было, фатаграфуюць і караюць за пікетаванне.


Творчы супраціў

Беларускія мастакі, сябры грамадскага творчага аб’яднання «Пагоня», выступілі ў падтрымку Алеся Пушкіна, прызнанага палітычным зняволеным. 

“Хіба іншадумства – гэта нагода распачынаць судовую справу супраць мастака-творцы? Хіба перастала дзейнічаць у нашай краіне фундаментальнае гуманітарнае права – права на творчасць?”

Малюнкі 18-гадовага палітзняволенага Ціхана Клюкача:

Мастацтва на волі

Ліля Квацабая, “Будучыня 

karikatu.rama, “Альтэрнатыўны постэр. Добра было б убачыць герояў у твар” 

Вольга Якубоўская, “Вартаўнік закону” 

Уладзімір Цэслер, “Дзень памяці ахвяраў Халакосту” 

Малюнак Алены Крашэўскай

 

Падборка малюнкаў беларускай мастачкі Алены Крашэўскай.

Максім Знак – не толькі адвакат, ён таксама паэт і музыка, а падчас свайго зняволення (сем месяцаў) ён напісаў больш за сотню твораў: дзевяноста апавяданняў, дзясяткі вершаў і песень. 

Святлана Алексіевіч расказала, што плануе пісаць кнігу пра падзеі, якія разгарнуліся ў Беларусі пасля 9 жніўня 2020 года.


Галасы асобаў

Віктар Марціновіч

 

Віктар Марціновіч, пісьменнік: 

“Яны адчулі, што культура — гэта першасны выклік. Што менавіта культура прывяла паступова да новай сытуацыі. Таму і ідзе барацьба з культурай як такой — як гэта было з выставай пра мэдыкаў”.

 

Наталля Качаткова

Наталля Качаткова, акторка, пра сыход з Купалаўскага тэатра: 

“У нас чароўны калектыў! Цяпер вось сустракаемся, здымаем у холадзе да ночы – вельмі цяжка. Але зносіны прыносіць такую радасць, такую ўзаемную любоў!.. Мы адчуваем вялікую павагу адны да адных. Я думаю, што калі б не здарыўся наш сыход, то мы, напэўна, ніколі не змаглі б так моцна адчуваць, так шчыра  адны пра адных клапаціцца. Мы ўсе адкрыліся са сваіх лепшых бакоў”.

Канстанцін Яськоў, фота gazetaby

Канстанцін Яськоў, кампазітар: 

“І такіх людзей, як Віктар Бабарыка, актыўных, багатых, дзёрзкіх і свабодных, павінна стаць шмат, тады будзе развівацца ўсё – і грамадзтва ў цэлым, і творчасць. Дзеля разнастайнасці патрэбна татальная свабода”.

 

 

Ірына Дзям’янава

Ірына Дзям’янава, выкладчыца і праграмны дырэктар «Лістапада»: 

“Як проста грамадзянін, а не чалавек, звязаны з кіно, я ўвесь час думаю, як захаваюцца сведчанні тых, напрыклад, хто прайшоў праз затрыманне і допыты. Дзе гэты досвед застаецца, апроч памяці людзей? Бо калі не застаецца, далей нам будзе няма чаго прад’явіць, чарговая траўма не будзе перажытая як нацыянальны досвед, а значыць, гэта ўсё паўтарыцца, няважна, хто будзе ва ўладзе”.


Міжнародная салідарнасць

На расейскім РБК выйшаў поўнаметражны дакументальны фільм пра сучасную беларускую музыку

Выставу “Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў” можна паглядзець анлайн

Грузінская незалежная арганізацыя Kontaktobana заклікае да салідарнасці і прапануе даслаць паштоўку ў падтрымку больш чым 300 беларускіх палітзняволеных, а пасля плануе анлайн-выставу ўсіх дасланых паштовак. 

Выстава “Абуджэнне Беларусі” адкрылася ў Беларускім Доме ў Варшаве 9 красавіка. 

На фестывалі дакументальных фільмаў “Артдокфэст” у Маскве у пазаконкурснай праграме «Жыве Беларусь!» паказалі 7 дакументальных фільмаў.


Спампаваць pdf-версію 27-га выпуску маніторынга культурнага супраціву