Пошук

“Маё мастацкае слова абмяжоўваюць, і я чамусьці ператвараюся ў злачынцу”. Выпуск 24


Фота: ..., ілюстрацыя Уладзіміра Цэслера
Складваецца ўражанне, што рэжым альбо паставіў мэтай знішчыць беларускую культуру, альбо людзі, чыімі рукамі гэта робіцца, не разумеюць усёй трагічнасці сітуацыі. Але трэба выстаяць, мы мусім выстаяць.

Затрыманні, прысуды, пераслед

Іван Вярбіцкі

Іван Вярбіцкі, мультыплікатар з Гальшан, атрымаў 8 гадоў і 1 месяц калоніі за  “тролінгавыя” паведамленні ў Telegram, расцэненыя як падбухторванне да актаў тэрарызму. 

17 сакавіка адбыўся допыт Аляксандра Памідорава ў Дэпартаменце фінансавых раследаванняў у якасці сведкі па крымінальнай справе супраць BY_Help. 

Ян Роман, журналіст і паэт, затрыманы ў Гродна 17 сакавіка. Яго вінавацяць у фінансаванні пратэстаў (ён аплаціў штрафы дваіх чалавек, пакараных за ўдзел у акцыях). Дома ў Яна адбыўся ператрус: забралі ноўтбук і тэлефон.

Алесь Дзянісаў

 

Агляд кватэры Алеся Дзянісава, журналіста і музыкі, лідара гурта DZIЕCIUKI, прайшоў у Гродна 17 сакавіка. Яму таксама закідаюць фінансаванне пратэстаў. Міліцыянты канфіскавалі ноўтбук і смартфон дачкі, а таксама хатні кампутар і тры старыя мабільныя тэлефоны. 18 сакавіка Алеся выклікалі на допыт у Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.  

Вадзіма Дзмітранка, архітэктара, пакаралі трыма гадамі «хіміі». Яго адпусцілі з-пад варты ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах на час абскарджання прысуду.

Зміцер Афанасенка

У Змітра Афанасенкі, вакаліста гурта Amaroka, 17 сакавіка адбыўся ператрус. Зміцер супрацоўнічаў з «Арт-сядзібай», таксама яго затрымлівалі падчас мінскіх маршаў увосень 2020 года.

Дзмітрыя Сачыўку, канцэртнага фатографа і музыку, асудзілі на 30 сутак арышту за ўдзел у Масленіцы.

Змітра Казакевіча, журналіста, аштрафавалі на 1740 рублёў за два артыкулы, якія ён напісаў. У судзе Зміцер працытаваў урывак з рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984» і спрабаваў падарыць суддзі асобнік кнігі ў перакладзе на беларускую.

Андрэй Палуда


Андрэя Палуду
, праваабаронцу, 19 сакавіка выклікалі ў Следчы камітэт на допыт у межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Андрэй Палуда – адзiн з аўтараў нон-фiкшн кнiгi “Смяротнае пакаранне ў Беларусi (2015 год), разам з Адар’яй Гуштын i Палiнай Сцепаненкай. 

Ігару Банцару, які з 3 сакавіка трымаў сухую галадоўку, 19 сакавіка прысудзілі 1,5 года “хіміі”. На час апеляцыі ён адпушчаны на свабоду. 

Ігар Банцар

Таццяну Загорац 19 сакавіка аштрафавалі на 870 рублёў за вокліч “Жыве Беларусь!”, які, як сцвярджае сведка-міліцыянт, яна выгукала са свайго акна 7 сакавіка, хаця жанчына тады нават не знаходзілася дома.  

Гродненскіх праваабаронцаў, сярод якіх пісьменнікі Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, 20 сакавіка выклікалі ў Следчы камітэт у межах крымінальнай справы супраць ПЦ  “Вясна”.

Язэп Палубятка, беларускі грамадска-культурны дзеяч, журналіст і пісьменнік з Мастоў, выкліканы на допыт у міліцыю 22 сакавіка.


Ціск, звальненні, забароны

Арганізатары фестываля Moving Art Festival вымушаныя былі адмяніць фэст і закрываюць пляцоўку, таму што не могуць трапіць у памяшканне, якое арэндуюць у завода “Гарызонт”. 

“Польская школа”, фота tut.by

10 сакавіка пракуратура распачала крымінальную справу па факце “гераізацыі ваенных злачынцаў” на падставе таго, што нібыта ў адной з польскіх дзіцячых арганізацый мела месца ўсхваленне антысавецкіх партызанаў. Адразу ў некалькіх гарадах пачаліся праверкі дзейнасці ў польскіх грамадскіх арганізацыях. Кантроль ажыццяўляюць прадстаўнікі ўсіх магчымых дзяржаўных служб: ад пракуратуры да санстанцыі. Правяраючыя спрабуюць дазнацца, ці адзначаюць дзеці, якія наведваюць “Польскую школу”, польскія нацыянальныя святы і ўвогуле навошта яны вучаць мову продкаў. Пракуратура Брэста падала пазоў аб ліквідацыі “Польскай школы”.

Андрэй Пятроўскі з вучнямі, фота газеты «Светлы шлях»

 


Андрэй Пятроўскі
, настаўнік са Смаргоні, быў звольнены за тое, што на ўроку расказаў вучням пра бел-чырвона-белы сцяг (сын чыноўніцы запісаў усё на тэлефон). 18 сакавіка да яго ў кватэру прыйшлі сілавікі, з санкцыі пракурора быў праведзены агляд, канфіскаваныя старэнькі ноўтбук, планшэт, флэшкі і яго смартфон. 

 

 

Спектакль «Кадзіш» пра трагічны лёс габрэяў у часе Другой сусветнай вайны, які мусіў прайсці ў Гродна 20 сакавіка, быў забаронены пад пагрозай крымінальнай адказнасці арганізатарам. Прычынамі для забароны стала тое, што «ў спектаклі «Кадзіш» асуджаецца фашызм», кажацца пра канцлагеры і трагічны лёс габрэяў, а менавіта з фашыстамі частка беларускага грамадства асацыюе сённяшнюю ўладу».


Сімволіка

Дзмітрыя Ліпіева 15 сакавіка затрымлівалі ва ўласнай кватэры шасцёра невядомых у масках са зброяй. Падставай стаў бчб сцяг у вакне, які насамрэч ляжаў у шафе. Падчас затрымання і ператрусу супрацоўнікі спрабавалі высветліць, ці з’яўляецца Дзмітрый адміністратарам тэлеграм-каналаў. 17 сакавіка Дзмітрыя, пасля двух сутак на Акрэсціна, асудзілі на 30 дзён адміністратыўнага арышту. 

Ульяна Гарбачова

Гэты прыклад у чарговы раз ілюструе жорсткасць і неправамернасць рэпрэсій і неабароненасць грамадзян у Беларусі. Больш за тое, зафіксаваныя іншыя выпадкі, калі грамадзян каралі за сцягі, якія не віселі ў вокнах.

Ульяну Гарбачову, былую работніцу МТЗ, якую звольнілі за ўдзел у забастоўцы, 18 сакавіка затрымалі, калі яна гуляла з сынам і сабакам. На яе склалі пратакол за абрад “Гуканне вясны” (якое святкавалі ў лесе, Ульяна была ў чырвонай сукенцы і белым шаліку, з чырвоным палатном у руках) і, пакараўшы штрафам у 50 базавых, вечарам адпусцілі.


Творчы супраціў

Сучасны мастацкі тэатр (СХТ) паказаў спектакль “Дракон у анлайнавым фармаце 18 сакавіка. Усе сабраныя падчас паказу сродкі будуць перададзеныя на новую пастаноўку “Былы сын” паводле рамана Сашы Філіпенкі.

«Словы мацней»: Кецеван Асраташвілі, спявачка, акторка, настаўніца, каб выказаць салідарнасць і падтрымаць рэпрэсаваных дзеячоў і дзяячак культуры, чытае верш паэта Ігната Дварчаніна, рассталянага ў 1937 годзе.  

Артысты ПерамогіLIVE 20 сакавіка: Вераніка Круглова (KRIWI) & Валерыя Дэле (Dee Tree). 

Мінчук Fromm Savoque напісаў песню “Я выходжу для натхнення беларусам і памяці Рамана Бандарэнкі. 

Актуальнае пратэснае мастацтва:

Лілія Квацабая “Ідэальны мікрафон па версіі гурта «Галасы ЗМеста»;

Savichz “Дапаможам прагнаць махляроў з гораду


Галасы асобаў

Сяргей Гапон, Courtesy photo

Сяргей Гапон – фатограф «Франс Прэс», які жыве ў Крэве і актыўна развівае мястэчка: ладзіць выставы і сустрэчы, аднаўляе старыя могілкі. 15 верасня супраць яго была распачатая адміністратыўная справа за святкаванне Масленіцы. 

“Я шчыра люблю Крэва. Гэта для мяне не нейкая ноўнэйм-вёска. Гэта мая радзіма, я бачу вялікі патэнцыял у Крэве. У Фэйсбуку ў каментах мне нехта напісаў – давай, чакаем у Літве цябе. Але я нікуды не хачу з’язджаць. У мяне тут распачата шмат праектаў, працы вышэй галавы, і яе трэба рабіць”.

Аксана Машынкова

Аксана Машынкова, рэжысёрка, пра адмену спектакля “Кадзіш”:

“Калі я як акторка не магу казаць з дапамогай мастацкага слова, то мне наогул не зразумела, пра што я магу з ім размаўляць. Ці магу я, ці мне можна? Маё мастацкае слова абмяжоўваюць, і я чамусьці ператвараюся ў злачынцу. Можа варта выкласці рэестр, пра што можна размаўляць, пра што не?”

Вадзім Дзмітранок, архітэктар, які пасля чатырох месяцаў за кратамі выйшаў на волю перад “хіміяй”, пра зняволенне:

Вадзім Дзмітранок

“«Сядзець» дапамагаюць кнігі. На «Валадарцы» лепшая бібліятэка: і кніг больш, і ў добрым стане. У Жодзіне зашмат старых, жоўтая зацёртая папера, чытаць было цяжка, тым больш з маімі пашкоджанымі пасля затрымання вачамі. Пра сукамернікаў персанальна не буду гаварыць, каб ім не адгукнулася, але скажу, што сустрэў шмат разумных і таленавітых людзей. І асабліва захапляюся маладымі. Ашаламляльныя, яны дакладна не здадуцца”


Міжнародная салідарнасць

17 сакавіка ў межах Міжнароднага фестывалю паэзіі і перакладу ў Атланце адбылася паэтычная імпрэза, падчас якой беларускія паэты і паэткі Дзмітрый Строцаў, Юлія Цімафеева, Марыя Мартысевіч і Уладзімір Лянкевіч прачыталі свае пераклады вершаў амерыканскіх калег –  Vievee Francis, Hanif Abdurraqib, Travis Denton і Mario Chard. І, адпаведна, наадварот.

Дзесяць акцёраў Гродзенскага драматычнага тэатра, якія былі звольненыя за ўдзел у агульнанацыянальнай забастоўцы, пераехалі ў Літву, дзе возьмуць удзел у супольных міжнародных праектах.

Беларускія паэт і паэтка Дзмітрый Строцаў і Ганна Комар атрымалі Прэмію за свабоду слова ад Нарвежскага саюза пісьменнікаў. 

Дзмітрый Строцаў і Ганна Комар

У Сусветны дзень паэзіі 21 сакавіка ладзіўся глабальны паэтычны анлайн-фестываль Poesia 21. Беларусь на фестывалі прадставілі тры паэткі: Юлія Цімафеева, Таццяна Скарынкіна і Марыя Маліноўская.

З нагоды Сусветнага дня паэзіі Міжнародны ПЭН адзначыў дзвюх паэтак і двух паэтаў, якія сёння знаходзяцца ў небяспецы праз сваю дзейнасць, сярод іх – беларуска Марыя Мартысевіч. У сваёй заяве PEN International выказаў салідарнасць з культурнымі дзеячамі Беларусі і заклікаў беларускія ўлады неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да іх.


Спампаваць pdf-версію 24-га выпуску маніторынга культурнага супраціву