Пошук

«Словы мацней»: Раман Абрамчук чытае Максіма Гарэцкага


Музыка і перакладчык Раман Абрамчук чытае ўрывак з апавядання Максіма Гарэцкага «Усебеларукі з’езд 1917-га года» ў новым роліку відэапраекта «Словы мацней».

«Словы мацней» – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска сталі збірацца, каб разам спяваць беларускія песні. Найбольш актыўных з іх, і найперш, культурніцкіх дзеячаў, сталі цікаваць.

У кожным роліку праекта сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску пасля 9 жніўня 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы. Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.

Раман Абрамчук — музыка гурта «Гарадскі вал», прыкметны выканаўца песень, у тым ліку на вершы сучасных беларускіх паэтаў. Раман быў схоплены падчас ланцуга салідарнасці ў сябе на раёне ў кастрычніку 2020 года. Лішне й казаць, што ў ланцугах салідарнасці не было і ніколі не бывае ніякіх пагроз насельніцтву ці іншых беспарадкаў. Гэта была цалкам мірнае выяўленне ўласнай пазіцыі, на якое абрынулася гвалтам чарговая брыгада невядомых у масках, адыдасах і красоўках, пасля чаго вечар і ноч для Рамана ператварыліся ў пекла. Неўзабаве ён быў асуджаны на 10 дзён арышту па сумнавядомых 23.34 і 23.4 КоАП.

Максім Гарэцкі (1893-1938) — адзін з галоўных празаікаў Беларусі першай траціны XX стагоддзя. Як і ўсе нашаніўцы — чалавек разнабаковых талентаў, аўтар апавяданняў, аповесцяў, п’ес, тэатральнай і літаратурнай крытыкі, перакладаў, збіральнік і публікатар фальклору, стваральнік шэрагу руска-беларускіх слоўнікаў, складальнік хрэстаматый і падручнікаў, аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», любімы выкладчык у Віленскай беларускай гімназіі, БДУ, Горы-Горацкай сельгасакадэміі. Франтавік I сусветнай вайны і аўтар найлепшых твораў беларускай літаратуры пра гэтую вайну. Арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» ў 1930-м. На высылцы ў Расіі напісаў нямала выдатных твораў, у другой палове 1930-х знаходзіўся на вяршыні сваёй пісьменнніцкай формы. Паўторна арыштаваны ў новую хвалю сталінскага тэрору. Расстраляны.

«Словы мацней»: Дзмітрый Строцаў чытае Майсея Кульбака

«Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку

«Словы мацней»: Андрусь Такінданг чытае верш Паўлюка Шукайлы

«Словы мацней»: Тарас Тарналіцкі чытае Станіслава Грынкевіча

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава