Пошук

Патрабуем неадкладнага вызваленння палітвязняў Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай


Як нам стала вядома, 13 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у г. Мінске быў затрыманы журналіст і медыяменеджэр Андрэй Аляксандраў. Разам з ім была затрыманая Ірына Злобіна.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Г. Казакевіч заявіў, што  А. Аляксандраў і І. Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці”. Па ягоных словах “Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах у Мінске, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсаваннем сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.”

Паводле паведамлення МУС Аляксандраў с 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY Help.

Пазней стала вядома, што А. Аляксандраву і І. Злобінай было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 342 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для удзелу ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці).

Улічваючы факт таго, што ў дачыненні да абодвух абвінавачаных у якасці меры стрымання было абранае ўтрыманне пад вартай (такая мера стрымання не можа быць абраная па абвінавачыванні толькі па ч.2 арт. 342 КК), у нас есць падставы меркаваць аб прад’яўленні абвінавачвання па некалькіх артыкулах КК.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый адзначаем наступнае:

Збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў мірных сходаў і выказвання меркавання, не мае нічога агульнага з фінансаваннем супрацьпраўнай дзейнасці і адпаведна не з’яўляецца злачынствам.

У дадзеным кантэксце дзейнасць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай з’яўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасцю па аказанню дапамогі  ахвярам масавых палітычных рэпрэсій у краіне і па сваёй сутнасці з’яўляецца правабарончай.

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998) , кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.

Згодна з арт. 13 дадзенай Дэкларацыі кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, запрошваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы адмыслова для мэтаў заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод мірнымі сродкамі і ў адпаведнасці з арт.3 Дэкларацыі.

Акрамя таго кваліфікацыя такіх  дзеянняў А. Аляксандрава і І. Злобінай, як крымінальнага злачынства паводле ч.2 арт. 342 КК, па нашым глыбокім перакананні, з’яўляецца відавочна нацягнутай і маніпулятыўнай.

Ірына Злобіна

Аплата штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці па арт. 23. 34 КаАП і выдаткаў па іх ўтрыманні ў ЦІП і ІЧУ,  не мае нічога агульнага з фінансаваннем масавых беспарадкаў ці іншых групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: абвінавачаныя не ажыццяўлялі аплату нейкіх злачынных дзеянняў, загадзя не абяцалі аплату асобам пры ўмове здзяйснення дзеянняў, якія ахопліваюцца дыспазыцыямі арт. 342 ці 293 КК, не прымалі ўдзел у іх падрыхтоўцы (навучанні, іншым матэрыяльным забеспячэнні).

Яшчэ раз адзначаем, што масавыя пратэсты грамадзянаў Беларусі насілі мірны характар і былі выкліканыя фальсіфікацыямі вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на карысць  кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі.

Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед А. Аляксандрава і І. Злобінай з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх дзейнасці па дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсій, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.