Пошук

“Я іду, але я не адна” – галасы, якія не заглушыць. 11 выпуск дайджэста з падзеямі культурнага супраціву


Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ Беларускі фонд культурнай салідарнасці Donate (paypal.com) і кампанію “Save Our Songs”.

Вынікі маніторынгу Беларускага ПЭН-цэнтра

Беларускі ПЭН-цэнтр прэзентаваў першыя лічбы і вынікі маніторынгу парушэння правоў у сферы культуры ў Беларусі, якія ён рэалізоўваў цягам года (снежань’19 – лістапад’20) . У хуткім часе з’явіцца поўная справаздача за год.


Затрыманні, суды

Аляксей Галубец, дыджэй Delos, які быў затрыманы 13 снежня і правёў дзве ночы на Акрэсціна, атрымаў штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў) і выйшаў на волю. 

Лера Лазук, мастачка, затрыманая ў няделю 13 снежня, 16 снежня была пакараная 13 суткамі арышту. 

Святлана Купрэева дачка пісьменніка Міколы Купрэева, былая сяброўка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка і блізкая сяброўка іх сям’і. З 11 ліпеня яна знаходзіцца пад вартай па крымінальным абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў. 11 снежня суд працягнуў ёй тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. 

 

Музыка гурта Rahis Дзяніс Філіпенка, якога затрымалі 14 снежня для адбыцця 13-сутачнага адміністрацыйнага арышту, 16 снежня атрымаў яшчэ 13 сутак (за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка). Такім чынам ён правядзе пад арыштам 26 сутак.  

 

 

Затрыманыя ў нядзелю 20 снежня:

  • Ягор Шумскі, фатограф і дызайнер, затрыманы ў двары свайго дома ў Мінску. 
  • Андрэй Янковіч, карыкатурыст, які стаў вядомым пасля мітынгу 30 жніўня, калі выйшаў на пратэст у вобразе “ненастаяшчага прэзідэнта” і за які адсядзеў 7 сутак арышту, а да гэтага адседзеў 10 сутак арышту за 16 жніўня, затрыманы ў Гродна. 
  • Антон Сіліч, вулічны музыка, затрыманы ў Гродна. 
  • Віктар Якубаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго затрымалі, калі ён вяртаўся з дзіцячага свята ў раёне.
  • 21 снежня Мінскі гарадскі суд адмяніў 15 сутак, якімі суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў паэта і музыку Уладзя Лянкевіча, аднак Уладзь ужо адбыў усе 15 сутак.

Ціск, звальненні, забароны

Андрэй Бастунец, паэт, журналіст, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, 16 снежня быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Сям’і Доўнар, заснавальнікам брэнду адзення Honar, пагражаюць статусам «сацыяльна небяспечнай» і пастанавілі правесці расследаванне, якое тычыцца іх 8-гадовай дачкі (сям’ю могуць паставіць на ўлік, калі там дзеецца гвалт, дзіця не даглядаюць, не кормяць і г.д.), паведаміўшы, што ёсць нейкі фотаздымак з марша у сацсетках, але ні паказаць гэты фатаздымак, ні патлумачыць прычыны прэтэнзій сям’і не змаглі. 

 

 

Тэатразнаўца і выкладчыка БДАМ Аляксея Стрэльнікава звольнілі з працы.

“19 ноября я объявил руководству Белорусской государственной академии искусств о начале забастовки в связи с событиями в стране и тем, как Академия общается со своими студентами и преподавателями. Сегодня я ознакомился с приказом о своем увольнении за прогулы.

Я пришел в Академию в 2013 году и хотел, чтобы мои знания были на пользу студентам и выпускникам. Я по-прежнему уверен, что у нас у всех есть будущее, а у тех, кто судорожно занимается репрессиями, его нет”.

Наталля Ляванава, супрацоўніца Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, 11 снежня была таксама звольненая за тое, што далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі. 

Праца фатографа Валера Вядрэнкі была знятая з выставы “Дарога да святла 16 снежня” ў галерэі “Высокае месца” ў Мінску. Прычыну аўтару здымка не змаглі дакладна патлумачыць, а толькі спаслаліся на “прадпісанне”, якое рэгламентуе, якія працы можна выстаўляць, а якія нельга.

Андрэй Шапараў, дызайнер і мастак, сябра Беларускага саюза дызайнераў, вымушаны быў з’ехаць з краіны разам з жонкай Святланай Петушковай, мастачкай, праз ціск з боку МУС, які ставіў іх сям’ю ў небяспечнае становішча. Напярэдадні Андрэю пазванілі з міліцыі датычна малюнка, які Андрэй змясціў на асабістай старонцы ў Фэйсбуку – малюнак кагосьці абразіў. 

Канстанцін Яськоў, кампазітар, разам з сям’ёй пакінуў Беларусь на неакрэслены час. 

Як ён сам патлумачыў, прычына палягае ў тым, што сітуацыя для людзей, нязгодных з гвалтам і беззаконнем, кожны дзень робіцца ўсё больш небяспечнай.

Апошняй кропляй стала стала навіна пра абмежаванне на выезд з Беларусі.

 


Рэпрэсіі за сімволіку

 

Лізавета Бурсава, 87-гадовая жыхарка Мінска, якая перажыла Халакост, атрымала штраф 15 базавых велічынь (405 рублёў) за бел-чырвона-белы сцяг, які яна вывесіла на балконе.

 

Трое мінчукоў, сярод якіх Андрэй Мацук – вядомы ў Беларусі і ў замежжы спецыяліст па гісторыі ВКЛ XVIII ст, атрымалі па 15 сутак за святкаванне дня народзінаў у двары, бо ў іх быў торцік з “Пагоняй”. 

Глеб Шапо, экс-рэжысёр БТ, які быў рэжысёрам нумароў беларускіх прадстаўнікоў на конкурсах «Дзіцячае Еўрабачанне-2015, 2017», дарослае «Еўрабачанне» ў 2015 годзе, а таксама асістэнтам рэжысёра на конкурсе «Дзіцячае Еўрабачанне-2010, 2018» у Мінску, 15 снежня атрымаў 10 сутак арышту за сцяг на акне.

Аляксандр Шарайбак, актывіст з горада Глыбокае, за сцяг над домам атрымаў штраф у памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў). 

У Паставах за сцяг над домам актывіста Паўла Марозава пакаралі 8 суткамі арышту.


Творчы супраціў 

Амаль 500 песень было створана сёлета музыкамі з розных краін пад уплывам беларускіх пратэстаў. Плэйліст можна паслухаць тут.

Беларуская спявачка Іна Афанасьева выпусціла новы кліп і выказалася ў падтрымку беларускага народа. 

Столькі ўсяго адбылося за гэты час, падзяліла на “да” і “пасля”! Але я ведаю, што беларусы – самы моцны і смелы народ, які ўмее любіць! Я ганаруся тым, што з’яўляюся часткай гэтай нацыі, і ўдзячная кожнаму з вас за вашу любоў!”

Музычны праект TryNići (Іван Кірчук, Сяржук Доўгушаў і Маргарыта Ляўчук) прэзентаваў кліп LITO і прысвяціў яго жніўню 2020. Рэжысёр кліпа – Юра Дзівакоў.

Студэнткі трох творчых ВНУ (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) арганізавалі Студэнцкае аб’яднанне мастацтваў (САМ) дзеля падтрымкі культуры і студэнцкіх ініцыятыў. Падтрымаць актывістак на першай сустрэчы прыйшлі вольныя купалаўцы і купалаўкі. 

17 снежня адбылася прэм’ера інтэрактыўнага шоу «Годны двор» – вечаровая анлайн-сустрэча, якая перадае  атмасферу тых самых раённых святаў, якія сталі новай традыцыяй для тысяч беларусаў.  У першым выпуску – парады па перамогах у дваровых гульнях ад Ганны Бонд, дыскусія з бізнэсоўцам і выступ гурта “Разбітае Сэрца Пацана”, а таксама знаёмства з прадстаўнікамі актыўных двароў Беларусі.

Дзмітры Строцаў 15 снежня правёў анлайн-чытанні сваіх вершаў “БЕЛАРУСЬ  ОПРОКИНУТА” пры падтрымцы Белрускага ПЭН-цэнтра. Дапамагалі яму Андрэй Хадановіч і Аляксандр Памідораў. 

З 17 па 23 снежня ў Мінску праходзіць Фестываль беларускага кіно. На ім паказваюць фільмы, якія ўваходзілі ў праграму кінафестываля “Лістапад”, што быў адменены, а таксама два вечары памяці, прысвечаныя загінулым Любе Зямцовай, Максіму Гаўрыленку і Уладзіміру Міхайлоўскаму, аўтарам дакументальнага праекта «Невядомая Беларусь».

 

Першы сінгл новага беларускага музычнага праекта з жаночым вакалам PLATER, названы ў гонар моцнай, маладой і таленавітай рэвалюцыянеркі ХІХ стагоддзя Эміліі Плятэр, прысвечаны нашым мамам. 

“Сёння яны, магчыма, як ніколі ідуць з намі поплеч. Яны кожны вечар чакаюць нас дома, яны выходзяць з намі на вуліцы, яны дапамагаюць нам сабрацца на прагулку, яны стаяць каля ізалятараў і РУУС – яны з намі заўсёды, колькі б нам ні было гадоў і што б з намі ні здаралася.”

Малюнкі, партрэты сукамерніц Наталлі Хершэ, якую асудзілі на 2,5 года зняволення за сарваную з амапаўца маску, у матэрыяле Радыё “Свабода”.


 

Праект “Арыстакратычная бледнасць” зладзілі сатырычны LIVE у падтрымку беларускіх культурных дзеячаў разам з Беларускім фондам культурнай салідарнасці. 

Дзіцячыя малюнкі ў двары на вуліцы Міхася Лынькова ў Мінску. 

 

Сяргей Міхалок і гурт Drezden прэзентавалі новы кліп Barrikado — своеасаблівы маніфест у адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Фестываль “Музыка побач-2” адбыўся анлайн 19 снежня. У ім узялі ўдзел беларускія музыкі: Лявон Вольскі і Павел Аракелян, Ілля Чарапко-Самахвалаў (“Петля Пристрастия”, “Кассиопея”), гурты RECHA, LEIBONIK, Re1ikt, бард Андрэй Мельнікаў. 

Другі жаночы паэтычны марш прайшоў анлайн 19 снежня. На ім свае вершы чыталі: Марыя Бадзей, Вольга Маркітанава, Марыя Мартысевіч, Ганна Отчык і Таццяна Светашова. 


Галасы асобаў

Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменніца, літаратуразнаўца, падзялілася сваімі думкамі пра вынікі 2020 году

“Для мяне як для чалавека, які займаецца папулярызацыяй літаратуры, галоўны вынік — неймаверная прага свайго. Два гады таму 5-7 чалавек прыходзілі на імпрэзу ў цёплы музей, а цяпер у дварах 50-70 чалавек стаяць у холад. Стаяць дарослыя, дзеці, сабакі сядзяць…. Гадзіну-паўтары гаворыш — слухаюць, тры гадзіны б гаварыў — слухалі б. Прага свайго ў людзей — такая дарагая каштоўнасць, дзеля якой мы мусім ва ўсе лапаткі і ва ўсю моц працаваць, каб гэтым людзям было што браць”.

Каця Іванчыкава, беларуская спявачка з гурта IOWA, выказалася пра падзеі ў Беларусі, пра гонар і самапавагу

“Мы можам ганарыцца сабой, тым, што мы ведаем, чаго хочам. Мы паважаем сябе, сваё меркаванне. Ведаем, што мы і ёсць дзяржава – людзі, якія жывуць, працуюць на заводах, пякуць хлеб, робяць цэглу для дамоў, ствараюць музыку і развіваюць мастацтва, абʼядноўваюць духам, пішуць кнігі. Гэтыя людзі мусяць сабой ганарыцца, таму што нават у турмах, у моманты нягоды – яны застаюцца сапраўднымі людзьмі”.

Максім Жбанкоў, культуролаг, медыя-аналітык, культурны актывіст выказаўся пра прыроду рэвалюцыі

“Что мы видим здесь и сейчас? Странную смесь. Движ не по правилам. Легальный мятеж. Неспешные прогулочные маневры. Бунт пофигистов. Критику власти без борьбы за власть. Стихийные альянсы и уличные импровизации. Легалайз свободы при полном отсутствии идейной базы массового действия.”

Вольга Якубоўская, мастачка, дзіцячая ілюстратарка з Наваполацка, аўтарка серыі малюнкаў пра коцікаў і ваўкоў

“Надыходзіць час — і ты разумееш, што ты ў сваім гняздзе на дрэве нічым не абаронены, калі гэтае дрэва трасуць. Я не ўяўляю, як з гэтым цяжарам жыць. Я лічу, што чалавек павінен жыць, займацца сваёй справай, любіць сваю краіну, любіць сваіх дзяцей, зямлю. Што ў гэтым кепскага? Я хачу, каб на гэтай зямлі не было гвалту”.

Ціматэ Суладзэ, трубач, які грае ў пераходах і на дваравых канцэртах салідарнасці і за гэта быў асуджаны два разы — спачатку на 13 сутак, пасля — на 15 сутак распавёў пра свой досвед за кратамі

“Па маіх адчуваннях, гэта быў самы натуральны фашысцкі канцлагер з псіхалагічнымі катаваннямі. На поўную моц цэлымі днямі там грала радыё, прычым дзве розныя радыёхвалі адначасова. Часта ўключалі плэй-ліст з «хітамі» кшталту: «Любимую не отдают». Днём нам нават дакранацца нельга было да ложка. Пры гэтым на лаўку мы не памяшчаліся. Калі я вельмі хацеў ляжаць, то клаўся на падлогу з пліткі”.


Міжнародная салідарнасць 

15 снежня ў Кракаве адкрылася выстава беларускага мастацтва ‘Before/After/ 2020. Belarus’, яна будзе цягнуцца да 31 снежня. 

Удзельнікі і ўдзельніцы выставы: Stas Sugintas, Yana Chernova, Anastasia Rydlevskaya, Hanna Plotnikava, Anton Radionov, Mari Skakun, Aliaksandr Sakalou, Maria Stankevich, Maria Kosheleva-Likhota, Lizaveta Antropova.

 

У цэнтры Парыжа адкрылася выстава беларускага мастацтва пратэсту, у якой прадстаўленыя працы больш як 20 мастакоў і мастачак (Надзеі Саяпінай з Акрэсціна, Руфіны Базлава і яе «Выжыванка», Марыны Напрушкінай  і яе газеты, Сяргея Шабохіна і інш.)

 

Вершы Уладзя Лянкевіча і Ганны Комар пра падзеі лета-восені 2020 у Беларусі, а таксама эсэ Альгерда Бахарэвіча “Апошняе слова дзяцінства”  ў перакладзе на шведскую мову выйшлі ў часопісе Шведскага ПЭНа PEN/Opp. 

Дзённік “Дні ў Беларусі” Юлі Цімафеевай пра рэвалюцыйныя падзеі лета-восені ў Беларусі выйшаў у перакладзе на шведскую мову (“Dagar i Belarus”). 

Англійскі ПЭН робіць тыднёвую рассылку пра мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

18 снежня Еўрапарламент правёў вэбінар на тэму барацьбы за свабоду слова ў Беларусі, часткай якога стала дыскусія пра ролю творчай супольнасці ў гэтым. 

Студэнты, выпускнікі і выкладчыкі факультэта анімацыі Вышэйшай дзяржаўнай школы кінематографа, тэлебачання і тэатра ў Лодзі (Польшча) зрабілі анімацыйны ролік у падтрымку беларусаў. 

У Даўгаўпілскім тэатры прайшла чытка п’есы Андрэя Курэйчыка “Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)”. 

Фільм «Ўрокі фарсі» рэжысёра Вадзіма Перэльмана, над стварэннем якога працаваў Улад Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, палітвязень, які з 13 жніўня знаходзіцца ў зняволенні і падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, намінаваны на “Оскар”.

Польскія кампазітары і музыказнаўцы падпісалі ліст салідарнасці з беларускай пісьменніцкай супольнасцю ў адказ на іх адкрыты ліст ад 17 лістапада 2020. 

Адна з вядучых газет Германіі FAZ (ліберальна-кансерватыўная надрэгіянальная газета), якая распаўсюджваецца ў 148 краінах свету, апублікавала артыкул пра творчасць гуртоў Stary Olsa і “Молчат Дома” на фоне палітычных падзей у Беларусі.

Артыкул таксама выйшаў у друкаванай версіі газеты (№294, ад 17.12.2020).

 

 


Спампаваць pdf-версію адзінаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by