27-28 лістапада: фестываль падлеткавай і young-adult кнігі “YA (Я)”


27-28 лістапада ў Культурніцкім цэнтры “Корпус” упершыню адбудзецца фестываль падлеткавай і young-adult кнігі “YA (Я)”.

Гэты фэст сам як новенькая, толькі што надрукаваная кніжка, якая пахне друкарскай фарбай і так прыемна шшшшамаціць старонкамі. Яшчэ нікім да вас не чытанымі!

І што ж там цікавага? Самыя розныя фарматы: п’есы, чыткі, квіз, майстар-класы, лекцыі. Усё – пра сучасныя кнігі, ніякага нафталіну! Хоць трохі хлусім: атрымае і беларуская класіка. Нарэшце даведаемся, чаму падручнік па белліту больш за ўсё нагадвае “Каляндар садавода і агародніка”! Яшчэ будзем гаварыць і слухаць пра булінг, дзіцячае кіно, мастацтва, падлеткавую жорсткасць, мары, каханне і пра дарослых, якія падманваюць.

Аўтары таксама будуць. Жывыя, сапраўдныя і гатовыя даведацца праўду пра сябе і свае кнігі. Беларускія, дарэчы. Так-так, яны пішуць не толькі “пра долю, волю, вёскі і бярозкі”, але і фэнтэзі-сагі і раманы пра каханне.

Між іншым, кнігі можна не толькі чытаць. Па іх можна ляпіць мульты, маляваць карціны і рабіць паштоўкі. А яшчэ віктарыны, квіз і гульні. Па “Гары Потэру”, напрыклад.

Наш асаблівы гонар – стэндап-шоў “Кот Бродскага. Мінск ” – шоў літаратурных стэндапаў з Уладзівастока. Мы вырашылі правесці “Ката” ў Мінску (пры поўнай падтрымцы арганізатараў)! Удзельнікі ўжо рыхтуюцца да імпрэзы, а вы рыхтуйце падступныя пытанні і ўсмешкі!

Для паляўнічых на скарбы: шмат-шмат смачных і рэдкіх кніжак у продажы! На некаторыя можна будзе атрымаць аўтографы.

Усё, не будзем больш спойлерыць, прыходзьце! Чакаем ўсіх у Культурніцкім цэнтры “Корпус” (Пр. Машэрава, 9). Уваход вольны.

Праграма фестывалю

Мы намагаемся прытрымлівацца ўсіх мер бяспекі. І будзем гатовыя перавесці частку сустрэч у анлайн-фармат.

Арганізатары фэста: каманды фестываля “Прадмова” і праекта “ЗаЧтение”. Партнёры фэста: Культурніцкі  цэнтр “Корпус”, тэатральная студыя “Два воробья”, Літаратурны клуб “РомашЬка” і кампанія OZ.