Выпуск 4: беларуская культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу


25 кастрычніка выйшаў тэрмін Народнага ультыматуму, і многія дзеячы і дзяячкі культуры, часам цэлыя калектывы, далучыліся да Агульнанацыянальнай забастоўкі. Адбываецца эскалацыя ціску, але свабоду думкі і творчасці ўжо не стрымаць. 

Беларускі фонд культурнай салідарнасці заклікаў усіх дзеячаў культуры далучыцца да Агульнанацыянальнай забастоўкі, а калегаў за мяжой – ладзіць акцыі салідарнасці, каб падтрымаць беларусаў маральна і фінансава. Па пытаннях ахвяраванняў у падтрымку беларускіх культурных дзеячаў просім звяртацца на старонку Фонда культурнай салідарнасці ў Facebook.


Затрыманні і суды

26 кастрычніка быў затрыманы паэт і бард Эдуард Акулін, які стаяў у ланцугу салідарнасці ў Малінаўцы. 27 кастрычніка ягоную справу адправілі на перагляд, Эдуард чакае суду і піша вершы: 

Націскаючы на курок,
не абдумваючы загаду,
ты апошні свой робіш крок, –
дык страляй, каб забіць Уладу!

26 кастрычніка падчас мірных пратэстаў у Мінску была затрыманая актрыса Алена Гіронак, выканаўца галоўнай жаночай ролі ў фільме «Купала». Вечарам таго ж дня яе адпусцілі пасля складання пратакола. 

“Калі мяне павялі ў бусік, на праходзе ляжаў чалавек. Я сказала, што не пайду, пакуль яны не падымуць чалавека. Мяне ўдарылі па галаве некалькі разоў, зацягнулі ў бус, рукі моцна зацягнулі хамутом, заламалі назад”, – Алена распавяла акалічнасці свайго затрымання Радыё Свабода.

Уначы з 28 на 29 кастрычніка пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі памежнікамі быў затрыманы былы палітвязень і актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч. У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра. А ў 2016 годзе Аліневіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Ігар знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яму прад’яўляюць абвінавачванне па арт. 289 “Акт тэрарызму” і арт. 295 “Незаконны абарот зброі” КК РБ.

 

29 кастрычніка невядомыя ў цывільным затрымалі Галіну Казіміроўскую, кіраўніцу хора “Concordia”, жонку музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. 2 кастрычніка Галіну аштрафавалі на 60 базавых велічынь (1620 рублёў).

Пятро Марчанка, гітарыст гурту Irdorath, быў затрыманы падчас нядзельнага маршу 1 лістапада. 2 лістапада яго пакаралі штрафам 15 базавых велічынь (405 рублёў). 


Ціск, звальненні, адлічэнні

 

У Гродзенскім абласным драматычным тэатры 27 кастрычніка да Агульнанацыянальнай забастоўкі далучыліся галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка, за што былі амаль адразу звольненыя. 29 кастрычніка з тэатра звольнілі яшчэ дзвюх акторак – Марыю Мялешка і Насту Мучко.

Па стане на 30 кастрычніка з тэатра звольнілі 12 чалавек – усе яны выступаюць за аднаўленне закону ў краіне, вызваленне палітзняволеных і новыя празрыстыя выбары. У тэатры адмененыя рэпетыцыі і спектаклі.

З Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 28 кастрычніка звольнілі дырыжора Андрэя Галанава, уладальніка медаля ім. Францыска Скарыны. Меркаваная прычына – удзел у звароце культурных дзеячаў з нагоды ўльтыматуму.

У спіс на звальненне ўключаны і вядучы саліст тэатра, лаўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў Ілля Сільчукоў

“Я проста раблю тое, што мушу рабіць, тое, што мне падказваюць сэрца і сумленне. Вядома, непрыемна быць звольненым, ёсць няўпэўненасць у заўтрашнім дні, але што зробіш, цяпер усе беларусы ў такіх умовах. Маё сумленне мне даражэйшае за астатнія рэчы”, – пракаментаваў ён сваё рашэнне ў інтэрв’ю Нашай Ніве. 

Звольнілі таксама першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву, якая падпісала ліст дзеячаў культуры, а таксама скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну.

29 кастрычніка вядучы актор Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік звольніўся на знак салідарнасці з бастуючымі і рэпрэсаванымі. Ён тлумачыць свой учынак тым, што не мае сілаў выходзіць на сцэну дзяржаўнага тэатра, калі яго калег “у лепшым выпадку выкідаюць на вуліцу”

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 27 кастрычніца выйшаў загад аб адлічэнні трэцякурсніка Серафіма Ганічава,  пяцікурсніка Аляксандра Данілкіна і пяцікурсніцы Карыны Чакур, якія ўдзельнічалі ў акцыях на знак салідарнасці з агульнанацыянальнай забастоўкай 26 кастрычніка. Прарэктарка ў навучальнай працы БДАМ Алена Бохан адмовілася падпісваць загад аб іх адлічэнні, пракаментаваўшы гэта тым, што яна “супраць адлічэння студэнтаў праз іх грамадзянскую пазіцыю”. 

Выкладчыкі і супрацоўнікі Акадэміі мастацтваў падпісваюць адкрыты ліст, у якім заклікаюць кіраўніцтва ўстановы спыніць пераслед студэнтаў і супрацоўнікаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, аднавіць адлічаных студэнтаў, не чыніць перашкодаў для мірных сходаў. 

Канцэрт гурту Litesound, запланаваны на 13 лістапада ў КЗ “Мінск”, адмянілі праз “урадавае мерапрыемства”, якое нібыта мусіць там адбыцца ў гэтыя даты. Litesound актыўна выступаюць супраць гвалту, які чыняць сілавікі пасля выбараў 9 жніўня.

Гурт падтрымаў “Народны ўльтыматум” і заклікаў сваю аўдыторыю ўстрымацца ад наведвання культурных установаў. 

 


Творчы супраціў

27 кастрычніка звольненыя дзеячы і дзяячкі культуры зладзілі флэшмоб у вялікай зале філармоніі. Перад канцэртам яны выйшлі да сцэны з плакатамі “Мы не рабы” і”Культура супраць гвалту”, пасля чаго пакінулі залу пад скандаванне гледачоў «Жыве Беларусь!»

Вечарам таго ж дня пад Філармоніяй прайшла акцыя хору, які спяваў: «Мы разам, нас многа! За намі перамога!».

27 кастрычніка ў Оперным тэатры артысты аркестра перад пачаткам спектакля ўсталі і зрабілі заяву перад публікай, што ім складана выступаць, калі ў краіне адбываецца гвалт.  Большасць гледачоў падтрымала іх воклічамі “Жыве Беларусь!”, і Вольны хор праспяваў у зале “Магутны Божа”. 

29 кастрычніка ў Курапатах, нягледзячы на арышт аднаго з арганізатараў і меркаваных вядоўцаў Змітра Дашкевіча, адбылася «Ноч расстраляных паэтаў». Зміцер Дашкевіч, літаратар, актывіст, былы палітвязень, быў арыштаваны падчас акцыі 25 кастрычніка і асуджаны на 15 сутак арышту.

“Я адседжу і выйду, а вось што будзе з Вамі і Вашымі калегамі, Вы пра гэта падумайце”, — сказаў актывіст суддзі.

Расійская і беларуская спявачка Рыта Дакота, якая раней выпусціла песню “Уходи”, адкрыта выказалася пра тое, што не будзе даваць камерцыйныя канцэрты ў Беларусі, пакуль краінай кіруе нелегітымная ўлада. “Я веру, што мы заспяем з вамі гэтыя песні на стадыёне ў новай, вольнай і шчаслівай краіне. І веру, што гэта адбудзецца вельмі-вельмі хутка”, – напісала музыка ў сваім Інстаграме

Зорка беларускай оперы Ілля Сільчукоў, звольнены з тэатра за грамадзянскую пазіцыю, запісаў песню “Магутны Божа”. Моцна і ўрачыста, як і мае гучаць гімн. І кліп з кадрамі пратэстаў атрымаўся проста фантастычны. 

А двары не здаюцца – у дадатак да музыкі, лекцый і спектакляў яны ўсё больш напаўняюцца паэзіяй… 


Галасы асобаў

Знакаміты беларускі дырыжор Вячаслаў Воліч, які быў прызначаны галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета 24 жніўня, а 26 жніўня пакінуў сваю пасаду і які цяпер знаходзіцца ва Украіне, сказаў, што не збіраецца пакуль вяртацца ў Беларусь, бо трывожыцца за сваю бяспеку, а таксама выказаў салідарнасць са звольненымі з Опернага тэатра музыкамі:

“Я цалкам салідарны з маімі калегамі, якія выказалі сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. Гэта мужны ўчынак. У іх дзеяннях няма палітыкі. У грамадстве павінны быць розныя меркаванні. Любое развіццё грамадства немагчымае без кансэнсусу. Рэпрэссія ж паказваюць толькі слабасць улады”, – сказаў Вячаслаў у інтэрв’ю tut.by


Міжнародная салідарнасць

30 Мастакоў падтрымалі фонд культурнай салідарнасці

Напрыканцы лета адбыўся аўкцыён з працамі беларускіх мастакоў, арганізаваны домам Vladey, найбуйнешай пляцоўкай у Расіі, што займаецца продажам сучаснага мастацтва. Значная частка сродкаў ад продажу карцін была накіраваная фондам для падтрымкі людзей, пацярпелых праз падаўленне пратэстаў у Беларусі. Беларускі фонд культурнай салідарнасці паводле вынікаў аўкцыёну таксама быў падтрыманы і шчыра ўдзячны творцам за праяўленую салідарнасць. 

29 кастрычніка ў Вільні прайшоў канцэрт салідарнасці #ЖывеБеларусь з удзелам беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і літоўскага піяніста Юстаса Чапоніса. Запіс канцэрта можна паглядзець па спасылцы.

Любы ахвотны можа зрабіць ахвяраванне ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, які аказвае падтрымку звольненым у Беларусі дзеячам і дзяячкам культуры. 

У Мастацкім музеі горада Мальмё прайшлі паэтычныя чытанні салідарнасці з беларускім рухам супраціву. У перакладах на шведскую мову прагучалі вершы Вальжыны Морт, Юлі Цімафеевай, Дзмітрыя Строцава, Ганны Комар і іншых. Мерапрыемства было арганізавана паэткай Ідай Бёр’ель, выдаўцом Перам Бергстрэмам і перакладчыкам Мікаэлем Нюдалем.

Шведскі Каралеўскі тэатр у Стакгольме ў рамках міжнароднага праекта тэатральнай салідарнасці “Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)” прадставіў п’есу Андрэя Курэйчіка пра падзеі ў Беларусі. 

Раней чыткі прайшлі ў Кіеве, Ганконгу, Антверпэне, Лондане, Лос-Анджалесе, Празе і тузіне іншых гарадоў. 

“Тое, што такія тэатры паказваюць актыўную падтрымку беларускага народу, беларускіх тэатралаў, тое, што на гэтай вядомай сцэне гучаць “Муры” і лунае вялізны нацыянальны сцяг, а паглядзець праўду пра нашы пратэсты прыходзяць міністры і палітыкі, – гэта вельмі важна”, – дзеліцца ўражаннямі Андрэй Курэйчык.

Літоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета запрасіў узяць удзел у сваёй пастаноўцы звольненых з Вялікага тэатра дырыжора Андрэя Галанава і саліста Іллю Сільчукова.

Амерыканскі гурт CocoRosie разам з беларускай мастачкай і перформеркай Ірынай Ануфрыевай запісалі пратэсную песню Go Away і кліп на яе.  Прэм’ера адбылася 28 кастрычніка. 

Аўкцыён у падтрымку культурных дзеячаў і дзяячак

Вядомыя беларускія музыканты Ігар Варашкевіч і Юрый Стыльскі выставілі свае лоты на дабрачынны аўкцыён. 

Каб падтрымаць пацярпелых дзеячаў і дзяячак культуры, лідар славутага гурта “Крама” прадае сваю рарытэтную гітару, на якой сачыніў культавыя песні. 

Юрый Стыльскі ― свой аўтапартрэт

Усе сродкі ад аўкцыёну будуць пералічаныя ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.

 

Спампаваць pdf-версію чацвёртага выпуску маніторынга культурнага супраціву

 

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by