Заява ў падтрымку гісторыка і праваабаронцы Юрыя Дзмітрыева


На гэтым тыдні расійскі суд павялічыў тэрмін турэмнага зняволення расійскага гісторыка Юрыя Дзмітрыева да 13 гадоў, усяго за некалькі тыдняў да яго выхаду на волю.

Дзмітрыеў быў прызнаны вінаватым у ліпені па надуманых абвінавачваннях, якія ПЭН Амерыка і іншыя эксперты лічаць помстай за яго працу, накіраваную супраць зверстваў сталінскай эпохі і за яго працу з праваабарончай групай «Мемарыял». У сумеснай заяве ПЭН Амерыка, Беларускі ПЭН і Украінскі ПЭН заявілі, што гэты падоўжаны прысуд з’яўляецца прамой атакай на гістарычныя даследаванні і акадэмічную свабоду ў Расіі.

“Настойлівасць, з якой расійскі ўрад імкнецца прымусіць замаўчаць адзін з самых бліскучых акадэмічных розумаў краіны, толькі даказвае, наколькі гэты ўрад баіцца гістарычнай праўды, якая можа быць раскрытая дзякуючы працы Дзмітрыева”, – заявіла дырэктарка праграмы ПЭН Амерыка па Еўразіі Паліна Садоўская. “Гэты новы прысуд да 13 гадоў турэмнага зняволення ў разгар пандэміі для 64-гадовага гісторыка з дрэнным здароўем фактычна з’яўляецца смяротным прысудам. Прыйшоў час міжнароднай супольнасці, акадэмічных колаў, інтэлектуалаў і ўсіх, каму неабыякавыя гістарычныя ісціны, аб’яднацца ў закліку да неадкладнага вызвалення Юрыя Дзмітрыева”.

Падоўжаны прысуд быў вынесены за зачыненымі дзвярыма: ні Дзмітрыеў, ні ягоны адвакат не прысутнічалі. Як паведамляе «Мемарыял», суд таксама паспрабаваў перагледзець абвінавачванні, якія ўжо былі знятыя падчас папярэдняга разгляду.

Больш падрабязная інфармацыя аб справе Юрыя Дзмітрыева.