Памёр Юры Нагорны. Згадваюць Уладзімір Арлоў і Паліна Сцепаненка


Фота Радыё Рацыя

Нагорны і Нагорная казань

У гэтыя вясну і лета – прычыны ўсім  вядомыя – прыходзіць мноства чорных навінаў. Але вестка пра тое, што 17 ліпеня адляцела ў вечнасць светлая беларуская душа Юрыя Нагорнага, – для мяне адна з самых цяжкіх.

Не толькі і не столькі таму, што Юрась быў адным з самых адданых маіх чытачоў, які (не ўважаючы на шматлікія забароны) наладзіў у сябе ў Барані і ў Воршы прэзэнтацыі ці не ўсіх маіх кніг, а натхніўшыся маім эсэ “Мой радавод да пятага калена”, стварыў свой сямейны музей, прысвяціўшы яго памяці жонкі Тамары.

Без разнастайных справаў Нагорнага, што заўсёды мысліў у агульнанацыянальных катэгорыях, немагчыма ўявіць жыцця Аршаншчыны некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. За тую Беларусь, якая пакуль застаецца нашаю марай, Юрась пачаў змагацца яшчэ ў студэнцтве, калі ў 1968 годзе разам з Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам ды іншымі аднадумцамі падпісаў ліст з патрабаваннем выкладання на беларускай мове.

У Барані памятаюць той час, калі ён быў дырэктарам школы і старшынём гарвыканкаму. Ён ніколі не хаваў сваіх ідэй, а рабіў усё, каб урэчаісніць іх, за што шмат пацярпеў, але захаваў перакананасць і веру ў нашую праўду і прышласць. Юрась кіраваў аршанскай гарадской радай ТБМ. Сярод ягоных апошніх клопатаў было аднаўленне мемарыяльнага крыжа і каменя на месцы бою аршанскіх паўстанцаў на чале з Ігнатам Будзіловічам з расейскімі карнікамі ў 1863 годзе. Юры стаў адным з “матораў” падрыхтоўкі Вандроўнага фэсту, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.

Можа, аршанцам варта цяпер падумаць пра прэмію імя Нагорнага?

Ягонае прозвішча было сугучнае з назваю знакамітай казані Ісуса Хрыста.  Мне ўяўляецца, што Юрась заўсёды імкнуўся жыць у адпаведнасці з яе настаўленнямі.

Няхай яму будзе прытульна там, у нябеснай Беларусі!

Уладзімер Арлоў


***

Юры Аляксандравіч Нагорны памёр раптоўна на сядзібе ў вёсцы Селішча, дзе быў створаны музей, прысвечаны яго жонцы і ўсяму роду. Юры Аляксандравіч быў разумны, вельмі адчувальны да людзей і змен у грамадстве. У 1968 годзе ён падпісаў ліст у абарону беларускай мовы, а падчас працы старшынём гарвыканкама ў Барані – пераназваў вуліцы, правёў дэкамунізацыю. Юры Аляксандравіч збіраўся жыць, ён рыхтаваў выступ на сёлетні Вандроўны фэстУладзіміра Караткевіча на тэму паўстанцаў і паўстання ў творчасці Караткевіча. Страціць такого старэйшага сябра – вялікая страта, а страта дзеяча – культурная кастастрофа для Аршаншчыны.

Прэмію за грамадскую дзейнасць, атрыманую ў 2019 годзе, Юры Аляксандравіч патраціў на аднаўленне помніка паўстанцам і першы Вандроўны фэст Караткевіча.

Паліна Сцепаненка