Рада Беларускага ПЭНа далучылася да заявы супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі


Сёння Рада ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" прыняла некалькі зваротаў да дзяржаўных органаў, у тым ліку датычны магчымай інтэграцыі з Расіяй. Рада РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" далучаецца да гэтай заявы.
Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Аляксандру Лукашэнку

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь
Сяргею Румасу

Міністру замежных спраў
Уладзіміру Макею

Заява
Не толькі грамадзянам незалежнай Рэспублікі Беларусь, але і ўсяму свету даўно ўжо апрыкла назіраць за тымі “інтэграцыйнымі” гульнямі, якія вось ужо на працягу апошніх гадоў вядуць кіраўнікі расейскай і беларускай дзяржаў, слухаць іх заявы, якія супярэчаць адна адной. Беларускія ўлады заяўляюць, што ніколі не здадуць суверэнітэт краіны, а расейскія сцвярджаюць, што далейшае развіццё адносінаў магчымае толькі пры ўваходжанні Беларусі ў склад Расіі. Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Румас, Уладзімір Макей запэўніваюць, што ніколі Беларусь не пагодзіцца на расейскія ўмовы, а Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліваюць, што ўсе “інтэграцыйныя карты” ўзгодненыя бакамі і застаецца толькі ўвесці агульную валюту і стварыць наднацыянальныя органы… Дык колькі можна ілгаць сваім народам дзеля ўтрымання асабістай улады і атрымання асабістых выгодаў?

Мы катэгарычна заяўляем, што абсалютная большасць беларускага народа супраць такой інтэграцыі з Расіяй. Беларусы хочуць жыць у сваёй дзяржаве і падтрымліваць з Расіяй добрасуседскія адносіны.

Мы звяртаемся да беларускіх уладаў з заклікам адкрыта і афіцыйна заявіць пра сваю вернасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынцыпам суверэнітэту, каб раз і назаўсёды зняць усе размовы пра магчымае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі, пра адмову ад падпісання прапанаваных Расіяй так званых “дарожных картаў” аб адзіным эмісійным цэнтры і стварэнні наднацыянальных органаў ды іншых прыдуманых пуцінскай адміністрацыяй прыхаваных спосабаў аншлюсу Беларусі.

Мы патрабуем, каб усе дакументы дзяржаўнай важнасці абмяркоўваліся адкрыта і з удзелам грамадскасці.

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”

Мінск, 24 снежня 2019