ПЭН » Навiны » Сталі вядомыя пераможцы прэміі Шэрмана

Сталі вядомыя пераможцы прэміі Шэрмана


26 кастрычніка ў Палацы мастацтва прайшла цырымонія ўручэння прэміі Карласа Шэрмана для перакладчыкаў. Сёлета прэмію ўручылі ў трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.

Пераклад прозы:
Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак "Панядзелак" (пераклад з ідышу). Выдавецтва “Вясна”, Прага.

Пераклад паэзіі:
Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял “Выбраныя вершы” (пераклад з лацінскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Пераклад дзіцячай кнігі:
Надзея Кандрусевіч — Юя Вісландэр “Ёрдзіс” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Коска”, Мінск. 

Кожны пераможца атрымае грашовы прыз у 3000 беларускіх рублёў. У гэтым годзе на галоўную ўзнагароду прэтэндавалі 47 кніг, перакладзеных з 16 моў, сярод якіх ідыш і санскрыт, а таксама турэцкая і японская. Гэта самая вялікая колькасць прэтэндэнтаў за ўсе чатыры сезоны прэміі.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак, перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Марына Казлоўская, перакладчыца, магістр філалагічных навук Кацярына Маціеўская, філолаг, літаратуразнаўца, крытык Ціхан Чарнякевіч, перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Ганна Янкута, .

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.
 
У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.
 
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.