ПЭН » Навiны » Абвешчаныя лаўрэаты Прэміі Гедройца

Абвешчаныя лаўрэаты Прэміі Гедройца


Сёння ў прасторы ZAL#2 менскага Палаца мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца.

І месца “за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма” заняў раман Іллі Сіна “Libido” (Мінск, Кнігазбор).

ІІ месца “за адметную інтэрпрэтацыю нацыянальнай міфапаэтычнай традыцыі” атрымаў Міхал Андрасюк з кнігай “Поўня” (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”).

ІІІ месца – “Садомская яблыня” Алены Брава (Мінск, Галіяфы) “за глыбіню сацыяльнай дыягностыкі сродкамі мастацкай літаратуры”.

Як і летась, да павелічэння прызавога фонду за І месца далучыліся прадстаўнікі айчыннага бізнэсу. Сёлета мэцэнатамі лаўрэата сталіся адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей» і Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт». Прызам за ІІ месца ад Саюза беларускіх пісьменнікаў стаў творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Фундатарам ІІІ месца Прэміі Гедройца сёлета выступіла Беларуская служба Радыё Свабода, якая гарантуе выпуск аўдыёкнігі прызёра.

Пад час цырымоніі ўпершыню была ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Яе лаўрэатам стаў Сяргей Календа з кнігай “Часам панкі паміраюць”. Нобелеўская лаўрэатка зрабіла свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст Прэміі Гедройца. Прызам стаў тэлефон iPhone Xr.

У кароткі спіс Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі:
«Поўня» Міхала Андрасюка;
«Садомская яблыня» Алены Брава;
«Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы;
«Libido» Іллі Сіна;
«Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай;
«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы.

Склад журы Прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.

Музычнае суправаджэнне цырымоніі забяспечыў гурт VIBECLUB.

Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей», Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт», Радыё Свабода.

Партнёры цырымоніі: кнігарня «Акадэмкніга», выдавецтва «Тэхналогія», Еўрарадыё, творчае аб'яднанне «Інакш», прастора ZAL#2, Палац мастацтваў, кампанія «Беларускамоўныя».

Медыяпартнёры: Белсат, Еўрарадыё, Радыё Свабода, Беларусский Журнал, Свободные новости плюс.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, "Завяршыць гештальт" (2016), Зміцер Бартосік, "Быў у пана верабейка гаварушчы" (2017), Уладзімір Арлоў, "Танцы над горадам" (2018).