» » Беларускі ПЭН. Меркаванне Алены Казловай

Беларускі ПЭН. Меркаванне Алены Казловай


Да 30-годдзя Беларускага ПЭН-цэнтра сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі эсэ пра тое, што ПЭН значыць для іх саміх, для літаратурнага асяроддзя і для Беларусі.

Алена Казлова (Анка Упала), пісьменніца, перакладчыца і сябра Рады:

“Для мяне асабліва важнай з’яўляецца ідэя аб’яднання пісьменніц і пісьменнікаў, якія маюць гуманістычныя каштоўнасці, вераць у тое, што ўсе людзі роўныя ў сваіх правах.

Сябры Беларускага ПЭН-цэнтра, уступаючы ў яго, падпісваюцца пад тым, што падзяляюць палажэнні, выкладзеныя ў Хартыі Міжнароднага ПЭН-клуба, якая ў прыватнасці кажа:

“Сябры ПЭН-клуба мусяць заўсёды выкарыстоўваць свой уплыў дзеля ўмацавання ўзаемнага разумення і павагі паміж людзьмі і нацыямі, усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці і адстойваць агульначалавечыя ідэалы міру і роўнасці на зямлі”.

Я ўважаю чалавечую годнасць за найвялікшую каштоўнасць. Пра асобу варта судзіць толькі паводле яе ўчынкаў. Людзі ў грамадстве не павінны пачувацца горшымі за іншых на падставе гендэру, узросту, стану здароўя, сэксуальнай арыентацыі, этнічнага паходжання, мовы, месца жыхарства, сацыяльнага класу, сямейнага становішча.

Калі зневажаць чалавечую годнасць у асабістай камунікацыі, руйнуюцца адносіны, калі асоба пачуваецца зняважанай у працоўным калектыве, супольная праца не заладзіцца, калі людзей зневажае грамадства, яны робяцца лёгкай здабычай дэструктыўных ідэалогіяў, калі людзей зневажае дзяржава, гэта спараджае нестабільнасць і робіць краіну слабой.

Я спадзяюся, што Беларускі ПЭН-цэнтр будзе трымацца таго, каб быць такім асяродкам, дзе гэта разумеюць, і тут заўжды будуць чуцца галасы ў падтрымку чалавечай годнасці”.


Пачытаць эсэ пісьменніка, журналіста і сябра Рады ПЭНа Сяргея Дубаўца можна тут.