» » Абвесцілі пераможцу прэміі імя Міхала Анемпадыстава

Абвесцілі пераможцу прэміі імя Міхала Анемпадыстава


Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбурга Грыгорый Кацнэльсон, які зрабіў вокладку да беларускага перакладу «Віленскага покера» Рычарда Гавяліса. Сябры журы адзначылі ягоную працу за свежы погляд на кніжны дызайн.

Грыгорый Кацнэльсон – мастак, графік, афармляе кнігі ўласнага выдавецтва «Асф-АльтЪ ИЗДАТ», як ілюстратар супрацоўнічае з піцерскім часопісам «ЧИЖ И ЁЖ» ды іншымі выданнямі. Падчас працы над вокладкай да “Віленскага покера” ён стварыў шэсць мастацка-графічных варыянтаў, творы экспанаваліся на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.

На прэмію намінаваліся больш за 60 кніг, фіналістамі сталі:

Анатоль Лазар – Чарльз Букоўскі “Чытво”, выдавецтва “Логвінаў”;
Аляксандр Лучына – VEHA “Найлепшы бок”, выдавецтва “Янушкевіч”;
Арцём Масюкевіч – Святлана Алексіевіч “Галасы Утопіі”, выдавецтва “Логвінаў”;
Агата Пойзан – укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Анастасія Стальмахова – Вольга Шпарага “Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт”;
Святлана Татарнікава – Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва “Медыял”;
Сяргей Шаматульскі – Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва “Логвінаў”;
Уладзіслава Юрчанка – Антон Кулон “Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС”, выдавецтва “Галіяфы”;

У журы ўвайшлі пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнера, паэта, фатографа, культуролага, які пайшоў з жыцця год таму. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам выступіў незалежны тэлеканал “Белсат”, прэмія ладзіцца ў межах грамадскай кампаніі «Беларускамоўныя».