» » Азербайджан: зняволены пісьменнік памілаваны пасля амаль шасці гадоў у турме

Азербайджан: зняволены пісьменнік памілаваны пасля амаль шасці гадоў у турме


Міжнародны ПЭН вітае вызваленне Рашада Рамазанава, азербайджанскага блогера і пісьменніка, які быў арыштаваны 9 мая 2013 года і прыгавораны да дзевяці гадоў турэмнага зняволення па сфабрыкаваных абвінавачваннях у захоўванні і збыце наркотыкаў. Рашад Рамазанаў быў адным з сотні памілаваных прэзідэнтам Ільхамам Аліевым напярэдадні свята Наўруз 16 сакавіка 2019 года.

“Хоць супольнасць ПЭНу і ўхваляе памілаванне і вызваленне Рашада Рамазанава, мы мусім памятаць, што ягонае зняволенне наогул не мусіла адбыцца. Гэта пазітыўны крок, аднак азербайджанскія ўлады мусяць неадкладна і безумоўна вызваліць усіх тых, хто пазбаўлены волі толькі за мірную рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання”, — заявіў Карлэс Торнэр, генеральны дырэктар Міжнароднага ПЭНа.

Агулам 431 зняволены, уключна з блогерамі і журналістамі, былі памілаваныя або іхнія прысуды змякчаныя 16 сакавіка 2019 года. Супольнасць ПЭНу праводзіла актыўную кампанію за вызваленне Рашада Рамазанава, самыя нядаўнія захады былі прынятыя падчас ягонай галадоўкі: адпраўка заклікаў да азербайджанскіх уладаў, збор лістоў у падтрымку, пашырэнне інфармацыі пра ягоны стан здароўя і іншае.

Больш падбразяна пра справу Рашада Рамазанава можна пачытаць па спасылцы.