» » ВАСІЛЬ СЁМУХА (18.01.1936 – 03.02.2019)

ВАСІЛЬ СЁМУХА (18.01.1936 – 03.02.2019)


Завяршыўся зямны шлях выбітнага Беларуса, геніяльнага перакладчыка і настаўніка Васіля Сёмухі.

Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і на хутары Ясенец, што непадалёк ад Пружанаў, на тэрыторыі тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай. Падчас нацысцкай акупацыі, калі ён быў яшчэ зусім малы, страціў абаіх бацькоў: іх, абвінавачаных у сувязі з партызанамі, расстралялі немцы. Падчас вучобы ў Пружанскай сярэдняй школе хлопца даймала думка: няўжо існуе нацыя, якая здольная нараджаць забойцаў? Ён вывучыў нямецкую мову і пачаў чытаць нямецкую літаратуру, якой усё мацней захапляўся. Гэтае захапленне паўплывала на выбар ім месца далейшай вучобы: у 1954 годзе Васіль Сёмуха паступіў на рамана-германскае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, дзе яго аднакашнікамі былі, сярод іншага, будучыя легендарныя расійскія дысідэнты Канстанцін Багатыроў і Наталля Гарбанеўская.

Пасля вяртання ў Беларусь, пачаўшы выдавецкую працу ў Мінску, Васіль Сёмуха блізка пазнаёміўся з Уладзімірам Караткевічам. Менавіта яму давяраў Караткевіч рукапісы сваіх антысталінскіх твораў, менавіта ён рабіў першыя пераклады Караткевіча на рускую мову. У сваю чаргу, пасля выхаду гётэўскага “Фаўста” ў перакладзе Васіля Сёмухі Уладзімір Караткевіч напісаў першую па-сапраўднаму грунтоўную і адначасова паэтычную рэцэнзію на гэты пераклад.
Крытычнае стаўленне да савецкай рэчаіснасці не раз стварала Сёмуху немалыя праблемы. Яго выключалі з Саюза пісьменнікаў, пазбаўлялі магчымасці працаваць у дзяржаўным выдавецтве. І ён неаднаразова адмаўляўся прымаць розныя прэміі і ўзнагароды, нават замежныя.

Чалавек надзвычай сціплы ад прыроды, Васіль Сёмуха вызначаўся сваёй выключнай працавітасцю. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі не толькі знакавыя Біблія і вышэйзгаданы “Фаўст”, але і іншыя, зусім не простыя для перастварэння на любой іншай мове творы – такія, як “Доктар Фаўстус” Томаса Мана, “Гульня шкляных перлаў” і “Стэпавы воўк” Германа Гесэ, “Так сказаў Заратустра” Фрыдрыха Ніцшэ, “Авантурнік Сімпліцысімус” Ганса Грымэльсгаўзэна, “Фэрдыдурке” Вітольда Гамбровіча, “Голэм” і “Ноч Вальпургіі” Густава Майрынка, “Кніга цара Давіда” Штэфана Гайма, “Парфума” Патрыка Зюскінда... Бясспрэчна, узорам пераўвасаблення паэтычных твораў па-беларуску назаўсёды застануцца яго пераклады з Райнэра Марыя Рыльке, Юльяна Тувіма, Яніса Райніса, Візмы Бэлшавіцы, Аляксандра Чакса, Геарга Тракля, Франца Вэрфеля… У цесным супрацоўніцтве з выдатным оперным спеваком і музыказнаўцам Віктарам Скорабагатавым Васіль Сёмуха пераклаў мноства тэкстаў класічных песень нямецкіх і польскіх рамантыкаў, а таксама лібрэта опер “Фаўст” Антона Генрыка Радзівіла, “Страшны двор” Станіслава Манюшкі, “Маргер” Канстанціна Горскага.

Васіль Сёмуха валодаў беларускім словам, як мала хто іншы. Невыпадкова навуковец Фёдар Піскуноў, паводле ўласнага прызнання, распачынаў складанне свайго ўнікальнага “Вялікага слоўніка беларускай мовы” з апрацоўкі лексічнага багацця перакладаў Сёмухі.

Вярнуўшыся ў сярэдзіне 1970-х гадоў на пастаянную працу ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Васіль Сёмуха зрабіўся сапраўдным мэтрам, настаўнікам для цэлых пакаленняў беларускіх перакладчыкаў. Да яго вучняў могуць сябе аднесці Уладзімір Папковіч, Якуб Лапатка, Зміцер Колас, Сяргей Шупа, Алесь Істомін, аўтар гэтых радкоў…

У 1989 годзе Васіль Сёмуха стаў адным з заснавальнікаў першай у пасляваенны час незалежнай творчай арганізацыі – Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Пачатак 90-х гадоў, новае беларускае Адраджэнне прынеслі сабой і новыя павевы: з ініцыятывы Янкі Брыля, падтрыманай Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным ды іншымі майстрамі беларускага слова, Васіль Сёмуха атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. Але ўсяго праз некалькі гадоў, пры новай уладзе, ён быў зноў пазбаўлены працы ў выдавецтве. Гэта, аднак, не знішчыла Сёмухавага творчага запалу: у наступныя дваццаць гадоў ім было здзейснена шмат даўнейшых творчых задум, у тым ліку завершаны поўны пераклад Святога Пісьма.

Самыя лепшыя, захопленыя згадкі пра настаўніка Васіля Сёмуху маюць пакаленні вучняў Беларускага гуманітарнага ліцэя, існаванне якога ён бараніў і ў вулічных пікетах.

Сёння ў беларускай перакладчыцкай справе занята нямала таленавітых майстроў. Але ўсім нам цяпер вельмі не будзе хапаць Асобы, якая ўсё сваё жыццё аддала беларускай справе, якая ўзняла беларускае Слова да новых вышыняў.

Лявон Баршчэўскі,
ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра.