ПЭН » Навiны » Міжнародны ПЭН-клуб праводзіць кампанію “Вядзем лік-2018”

Міжнародны ПЭН-клуб праводзіць кампанію “Вядзем лік-2018”


З 1992 года ў Расіі былі забітыя 58 журналістаў, і большасць забойстваў засталіся беспакараныя.

Сёлета 14 чэрвеня футбольныя зборныя з усяго свету сабраліся ў Расіі на Чэмпіянаце свету-2018. З нагоды пачатку турніру міжнародны ПЭН-клуб запусціў лічбавую кампанію “Вядзем лік-2018”, у межах якой прыцягваецца ўвага грамадскасці да парушэнняў правоў чалавека ў Расіі, а ўлады гэтай краіны заклікаюцца да выканання правоў чалавека і свабоды выказвання меркаванняў.

“Чэмпіянат свету аб’ядноўвае людзей з розных краінаў, незалежна ад іх расы, полу і рэлігійных перакананняў. Каб адстойваць гэтыя каштоўнасці, мы абавязаныя прыцягваць увагу грамадскасці заклікаць да адказу ўрады, якія злоўжываюць уладай дзеля прыгнятання і прымусу нязгодных да маўчання. ПЭН-клуб не будзе ігнараваць абуральныя парушэнні з боку ўрада Расіі, таму што правы чалавека з’яўляюцца безумоўнымі пры любых абставінах”, — кажа Джэніфер Клемент, прэзідэнтка ПЭН-клуба.

Міжнародны ПЭН-клуб ужо даўно вядзе кампаніі за ўзнаўленне справядлівасці ў справах, звязаных з пісьменнікамі ў Расіі, у тым ліку з забойствамі журналістаў Ганны Паліткоўскай, Наталлі Эстэміравай і Ахмеднабі Ахмеднабіева. Зусім нядаўна міжнародны ПЭН-клуб і некалькі ПЭН-цэнтраў у розных краінах правялі кампаніі за вызваленне ўкраінскага пісьменніка і кінарэжысёра Алега Сянцова. З 2014 года Сянцоў адбывае 20-гадовае турэмнае зняволенне па сфабрыкаваным абвінавачанні ў тэрарызме пасля абуральна несправядлівага судовага разбіральніцтва ў расійскім вайсковым судзе, азмрочанага абвінавачваннямі ва ўжыванні катаванняў.

З 14 траўня 2018 года Алег Сянцоў трымае галадоўку, патрабуючы, каб расійскія ўлады вызвалілі ўсіх украінскіх палітзняволеных, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Расіі.

“Так званая справа пра “тэрарызм” супраць Алега Сянцова і яго прысуд да 20-гадовага турэмнага тэрміну, а пасля і галадоўка, якая цягнецца да гэтага часу, — яшчэ адзін трагічны прыклад, які паказвае сапраўднае аблічча кіруючага рэжыму ў Расійскай Федэрацыі. Гэты рэжым імкнецца да таго, каб храбрыя мужчыны (і жанчыны) — такія, як Сянцоў — былі як мага хутчэй адданыя забыццю. Важна, каб мы не дазволілі гэтаму здарыцца”, — адзначае Том Стопард, брытанскі драматург і сябар ПЭН-клуба.

Рускі ПЭН-цэнтр надзвычай занепакоены тым, што адбываецца з Алегам Генадзьевічам Сянцовым, і звяртаецца да Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і іншых кампетэнтных расійскіх інстанцыяў з настойлівай просьбай: любым спосабам праявіць міласэрнасць да кінарэжысёра і пісьменніка, які зазнае фізічныя пакуты”.

У апошнія некалькі гадоў сітуацыя са свабодай слова ў Расіі імкліва пагаршаецца. Законы, прынятыя пасля чарговага вяртання Уладзіміра Пуціна на пасаду Прэзідэнта ў траўні 2012 года, істотна ўзмацнілі кантроль расійскіх уладаў над плынямі інфармацыі ў Інтэрнэце і за яго межамі. У значнай ступені гэты наступ на дэмакратыю дыктуецца знешняй палітыкай Расіі, у прыватнасці, ейнай роллю ў канфлікце з суседняй Украінай і ўзброеным уварванні ў Сірыю.

Абмежаванне свабоды слова суправаджаецца ростам ціску на журналістаў і пісьменнікаў, каб тыя не адхіляліся ад афіцыйнага меркавання ўладаў, а таксама блакіроўкай вэб-сайтаў з апазіцыйнымі поглядамі.

“Расійскія ўлады павінны ў поўнай ступені выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы, забяспечваючы свабоду журналістам і блогерам бесперашкодна, не асцерагаючыся рэпрэсій, збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, і неадкладна спыніць празмерна шырокае блакаванне вэб-сайтаў”, — сказала Алена Чыжова, расійская пісьменніца, дырэктарка Санкт-Пецярбургскага ПЭНа.

“Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, у Расіі цяпер 50 палітзняволеных. Мы ў асацыяцыі “Свабоднае слова” не забываем пераследу грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах з траўня 2012 года па цяперашні час, прычым новыя справы працягваюць адкрывацца. Чэмпіянат свету па футболе не павінен быць азмрочаны пакутамі людзей, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні за свае перакананні. Алег Сянцоў трымае галадоўку ўжо больш за трыццаць дзён (на момант публікацыі. — заўв. рэдакцыі). Мы не можам дазволіць яму загінуць!” — адзначае Free Word Association.

Сачыць за ходам кампаніі можна па хэштэгу #KeepingScore.