» » Заява Міжнароднага ПЭН-клуба

Заява Міжнароднага ПЭН-клуба


28 сакавіка 2017 года


Пасля жорсткага разгону мірных пратэстаў на тэрыторыі ўсёй Беларусі Міжнародны ПЭН-клуб запатрабаваў, каб беларускія ўлады неадкладна вызвалілі ўсіх арыштаваных падчас пратэстаў і спынілі міліцэйскі гвалт.

З сярэдзіны лютага ў краіне прайшла хваля пратэстаў супраць так званага “падатку на дармаедаў”, якім абкладаюцца ўсе беларусы, што працавалі менш за шэсць месяцаў у год. Пасля шэрагу публічных пратэстаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адклаў выкананне дэкрэта на год, аднак адмовіўся адмяніць яго, што выклікала новыя пратэсты.

25 сакавіка беларускія ўлады жорстка разагналі мірных дэманстрантаў, які сабраліся, каб адзначыць Дзень Волі. Нацыянальныя і міжнародныя групы праваабаронцаў паведамляюць, што міліцыя разганяла дэманстрантаў з надмерным ужываннем сілы і затрымала сотні пратэстоўцаў, а таксама дзясяткі журналістаў і назіральнікаў. Шмат у якіх месцах не працаваў інтэрнэт.

“Мы глыбока ўстрывожаныя шэрагам паведамленняў пра арышты пісьменнікаў, журналістаў, кнігагандляроў ва ўсёй Беларусі. Многія з іх жорстка збітыя, — адзначыла Ганна Янкута, намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра. — Мы патрабуем ад беларускіх уладаў расследаваць гэтыя выпадкі і гарантаваць, што нікога не будуць затрымліваць за мірнае выказванне сваёй пазіцыі”.

“Беларусь сутыкнулася з самымі масавымі пратэстамі за апошнія гады, і падобна, што замест таго, каб даць людзям магчымасць мірна выказаць сваё абурэнне, беларускія ўлады падаўляюць пратэсты. Гэта недапушчальна, — сказала Джэніфер Клемент, прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-клуба. — Трэба неадкладна вызваліць усіх, каго арыштавалі за выказванне свайго меркавання”.

“Гвалтоўнаму разгону мірнага пратэсту няма апраўдання. Трэба незалежна і неперадузята расследаваць дзеянні беларускіх сілавых структур і прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў надмерным ужыванне сілы", — адзначыла Кэтлін Калдмаа, сакратар Міжнароднага ПЭН-клуба.

Пачынаючы з сярэдзіны лютага, мноства людзей па ўсёй краіне былі прысуджаныя да адміністратыўнага затрымання (на 15 сутак і іншыя тэрміны) за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Іншыя пратэстоўцы атрымалі вялікія штрафы.

23 сакавіка Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь заявіў пра 26 арыштаваных, якіх абвінавачваюць у “арганізацыі масавых беспарадкаў” (КК РБ, арт. 293, ч.3), што пагражаем им пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Міжнародны ПЭН-клуб заклікае беларускія ўлады неадкладна стаць на абарону свабоды слова і свабоды мірных сходаў, гарантаваныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы, які Беларусь падпісала і ратыфікавала.

Дадатковая інфармацыя

Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрымальніцтва” быў прыняты ў 2015 годзе. Згодна з ім беспрацоўныя беларусы, якія не плацілі падаходны падатак на працягу шасці месяцаў, мусяць выплаціць дзяржаве каля 460 беларускіх рублёў (прыкладна 245 долараў) кампенсацыі. Адмова выплаціць гэтую суму караецца дадатковымі штрафамі і грамадскімі працамі. Калі тысячы беспрацоўных беларусаў, якія ў апошнія два гады сутыкнуліся з эканамічнымі складанасцямі, атрымалі лісты з падаткавай, па ўсёй краіне ўзняліся пратэсты.

Паводле міжнародныя норм у галіне правоў чалавека сілавыя структуры могуць выкарыстоўваць сілу толькі ў тых сітуацыях, калі гэта строга неабходна. Паводле Асноўных прынцыпаў выкарыстання сілы і агнястрэльнай зброі ААН сілавыя структуры “павінны пазбягаць выкарыстання сілы альбо, калі гэта немагчыма, абмяжоўваць такое выкарыстанне да неабходнага мінімуму”.

Згодна з артыкулам 21 Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы беларускія ўлады павінны паважаць права на мірныя сходы і могуць ставіць разумныя абмежаванні для дэманстрацый толькі “ў інтарэсах нацыянальнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, абароны грамадскага здароўя і маралі ці дзеля абароны правоў і свабодаў іншых людзей”. Спецдакладчык ААН па свабодзе мірных сходаў і аб'яднанняў адзначае, што дзяржавы могуць патрабаваць толькі паведамлення пра мірныя сходы, а не запыту на іх дазвол.

Падтрымайце міжнародную кампанію
Zero discrimination day

Сябры ПЭН-клуба мусяць заўсёды выкарыстоўваць свой уплыў дзеля ўмацавання ўзаемнага разумення і павагі паміж нацыямі, усімі сіламі змагацца супраць варожасці і дыскрымінацыі, адстойваць агульначалавечыя ідэалы міру на зямлі. Гаварыце адкрыта, што вы супраць дыскрымінацыі.
ZERO.MAKEOUT.BY

Кампанія праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску і праекта MAKEOUT.