Віт Латыш

Перакладчык, вярстальнік, дызайнер, падазроны тып і ўніверсальная творчая адзінка. Нарадзіўся ў 1982.

– Давай ужо расказвай хутчэй.
– Таааак, значыць, ну, Вільнюшка мне дасталася летняя, ліпеньская! Самы сок, ммммм, самая смаката! Прыгожанькая такая, маленькая, сукенкавая…
– Вільнюшка?
– Вільнюшка, ага. Утульная такая, гасцінная… Вузкавулачкавая ўся, брукаванкавая, уверх-уніз такая, з кветачкамі ў гаршочках на вокнах, з рознымі прыемнымі пахамі з усіх бакоў. Немітуслівая, нетаропкая, ненавязлівая, не…
– Не загаворвайся, Віталічак. Што яшчэ? Што рабіў там?
– Працаваў! Ой, працаваў як шалёны! Узяў жа з сабою “Месапатамію” Жадана на сваю галаву. Ды як накінуўся на яе, як пачаў перакладаць – клавіятура дымілася, што ты. Асабліва першы тыдзень. Надвор’е якраз пасавала – дзён пяць запар ліў дождж, уяўляеш? Казалі, ніколі такога не было, казалі, затапіла ўсё на свеце. Ну. А я й не бачыў асабліва, сядзеў сабе, працаваў. Затое другі тыдзень выдаўся сонечным. Тут я ўжо, канешне, даў волю нагам. Але і пра пераклад не забываў, бо я калі пачну, дык потым не магу спыніцца. Ты ж ведаеш.
– Яшчэ б мне не ведаць. Пакуль усё піва не выжлукціш, дык…
– Піва? Таааак. Пакаштаваў, а як жа. Цёмненькае, халодненькае, у запацелым куфлі. І калі першы глыток робіш, тады проста…
– Еў хоць што?
– Цэпеліны еў. Смачна, нічога не скажу. У піцэрыю хадзіў побач. Прыемнае месца, зацішнае. Дранікі былі, халаднік, піца, бліны розныя. А якія там кебабы!
– Ат, чула маё сэрца!
– Што?
– Якія шчэ бабы?
– Кебабы, кажу. Дарэчы, сэрвіс там – што ты! Дзяўчаты круцяцца вакол, прыязныя, ветлі…
– Круцяцца яны, як жа.
– Ведаюць некалькі моваў. Пытаюцца, ці ўсё спадабалася, усміхаюцца. То як не прыйсці туды зноў?
– І што, толькі там еў?
– Амаль. Я ж адналюб.
– Ну-ну. Што яшчэ?
– Чысценька.
– Так. Сумаваў?
– Было такое. У першыя два дні асабліва.
– Два дні? Ну, маладзец, нармальна. Яшчэ што?
– Цэркваў шмат, муры, вежы. Міндоўг, Гедымін, Вітаўт… Усё дыхае гісторыяй.
– Беларусі.
– Ага. Проста свята нейкае… Ат, свята! Забыў! Быў жа ў іх дзень дзяржаўнасці шостага ліпеня! То гулялі добра. Паўсюль сцягі, людзі ў нацыянальным аддзенні, танцы, спевы. Вулічныя музыкі, фокуснікі. Дзеці смяюцца, турысты сноўдаюць. Парад паветраных шароў над горадам, уяўляеш?
– Неа. Чакай, праспект перакрывалі? Танкі, ракеты паказвалі?
– Не, што ты.
– Халадзільнікі, унітазы?
– Якое там.
– Металашукальнікі? Аўтазакі? Агароджы?
– У Камбоджы.
– Ясна. А гаварыш, свята.
– Ну. Падарункаў прывёз, пайшлі разбіраць.
– Падаруначкі!? Дык нездарма з’ездзіў! Дзякуй, дзякуй. Усё ж малайцы тыя людзі, што адправілі цябе туды.
– Ой, не кажы. Такія ўжо людзі светлыя-добрыя, так усё арганізавалі – адно прыязджай і працуй. Ажно не верыцца, што так бывае. Я, канешне, ім вельмі ўдзячны, вельмі. Не падарожжа – цуд! Дзвесце старонак пераклаў! І адпачнуў, і…
– Вось і добра, што адпачнуў. А тут дзвесце спраў накапілася. Час і папрацаваць. Хадзем, пакажу па парадку…

Рэзідэнцыя маладога літаратара