Статут ПЭН-цэнтра

410 KB

Хартыя Міжнароднага ПЭН-клуба

347 KB

Жыронскі маніфест
моўных правоў

348 KB




Статут

Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання
“Беларускі ПЭН-цэнтр”
Мінск 2005



І. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


1.1. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі ПЭН-цэнтр" (у далейшым па тэксце статута — РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр") — гэта добраахвотнае некамерцыйнае грамадскае аб'яднанне творчага кірунку, якое ўлучае пісьменнікаў, журналістаў і дзейнічае на аснове самакіравання, уваходзіць у Міжнародны ПЭН-клуб, які мае статус “А” ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН.
1.2. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" мае статус рэспубліканскага грамадскага аб'яднання і публічна дзейнічае на тэрыторыі ўсёй Рэспублікі Беларусь.
1.3. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" дзейнічае ў адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам "Аб грамадскіх аб'яднаннях", іншымі актамі заканадаўства і гэтым Статутам паводле прынцыпаў добраахвотнасці, законнасці, самастойнасці і галоснасці.
1.4. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" не ўмешваецца ў дзяржаўную палітыку, а таксама ў дзейнасць палітычных партый, захоўваючы за сабой права абнародаваць свой пункт гледжання па пытаннях, звязаных з мэтай РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" і з абаронаю ідэалаў гуманізму.
1.5. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" з'яўляецца юрыдычнай асобай, валодае асабістай маёмасцю, мае ўласную пячатку, самастойны баланс, свае рахункі ў банках Рэспублікі Беларусь, бланкі са сваёй назвай, а таксама эмблему і іншую сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" ад свайго імя заключае дагаворы, набывае маёмасныя, асабістыя немаёмасныя правы і нясе абавязкі, выступае пазоўнікам і адказчыкам у судах.
1.6. РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр" адказвае па сваіх абавязацельствах маёмасцю, на якую па дзейным заканадаўстве можа быць накіравана спагнанне. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" не нясе адказнасці па абавязацельствах сваіх членаў, а яны не нясуць адказнасці па абавязацельствах РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр".
1.7. РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” можа ўступаць у міжнародныя грамадскія аб'яднанні, удзельнічаць у стварэнні міжнародных саюзаў грамадскіх аб'яднанняў, падтрымліваць міжнародныя кантакты і сувязі, заключаць пагадненні і весці іншую дзейнасць, якая не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і яе міжнародным абавязацельствам.
1.8. Справаводства РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" вядзецца ва ўстаноўленым парадку, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" штогод прадстаўляе Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь справаздачу аб сваёй дзейнасці.
1.9. Назва РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”:
поўная: на беларускай мове — Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі ПЭН-цэнтр";
на рускай мове — Республиканское общественное объединение "Белорусский ПЕН-центр";
на англійскай мове — Republican Public Association “Belarussian PEN Centre";
скарочаная: на беларускай мове — РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
на рускай мове — РОО "Белорусский ПЕН-центр";
на англійскай мове — RPA "Belarusian PEN Centre".
1.10. Юрыдычны адрас РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр": 220024, г. Мінск, вул. Каржанеўскага, 18-105.

2. МЭТА, ЗАДАЧЫ, ПРАДМЕТ І МЕТАДЫ ДЗЕЙНАСЦІ


2.1. Галоўная мэта РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” — аб’яднаць прафесійных пісьменнікаў і журналістаў дзеля развіцця літаратуры, усталяваць свабоду слова і добрай волі ў адносінах паміж народамі.
2.2. Асноўныя задачы РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”:
а) спрыяць інтэлектуальнаму супрацоўніцтву і разуменню паміж літаратарамі ўсіх краін;
б) спрыяць дзейнасці сусветнай супольнасці пісьменнікаў і журналістаў, якая ўзмацніць ролю літаратуры ў развіцці культуры свету і абароніць яе ад усяго, што пагражае яе існаванню;
в) спрыяць усталяванню адносінаў павагі да свабоды слова, а таксама высокай адказнасці за публічнае самавыяўленне;
г) абараняць прафесійныя правы членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр".
2.3. Прадметам дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” з'яўляецца спрыянне дзейнасці прафесійных пісьменнікаў і журналістаў дзеля развіцця літаратуры, усталявання свабоды слова і добрай волі ў адносінах паміж народамі.
2.4. Для выканання статутнай мэты і задач РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" выкарыстоўвае наступныя метады:
а) маніторынг падзеяў, звязаных з дзейнасцю пісьменнікаў, журналістаў, сродкаў масавай інфармацыі;
б) удзел у міжнародных мерапрыемствах на тэмы, якія адпавядаюць статутнай дзейнасці;
в) арганізацыя творчых сустрэч пісьменнікаў і журналістаў з чытачамі, каб папулярызаваць беларускую і замежную літаратуры;
г) правядзенне канферэнцый, семінараў, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў па праблемах літаратуры і журналістыкі;
д) дапамога пісьменнікам, журналістам і СМІ ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам;
е) правядзенне ва ўстаноўленым парадку літаратуразнаўчых экспертыз;
ж) выдавецкая дзейнасць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам;
з) стварэнне архіва пра самыя значныя падзеі грамадскага жыцця, творчы і жыццёвы лёс знакамітых людзей.

3. ЧЛЕНЫ, ІХ ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ


3.1. Членамі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" могуць быць беларускія пісьменнікі і журналісты, якія:
а) прызнаюць гэты Статут, Статут Міжнароднага ПЭН-клуба і яго Хартыю, абавязваюцца выконваць іх патрабаванні. Парушэнне гэтага пункта несумяшчальнае з членствам у РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
б) карыстаюцца грамадскім прызнаннем у сваёй краіне і за яе межамі;
в) удзельнічаюць у міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве;
г) маюць дзве рэкамендацыі ад членаў арганізацыі.
3.2. Членства ў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" фіксаванае.
3.3. Прыняцце ў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" праводзіцца з улікам крытэрыяў, выкладзеных у пункце 3.1., на падставе заявы. Прыняцце ажыццяўляе Рада РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Прынятым лічыцца кандыдат, які атрымаў простую большасць галасоў. У выпадку адмовы кандыдат можа апеляваць да Агульнага сходу РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", які вырашае пытанне канчаткова і можа прыняць у члены РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" простай большасцю галасоў. Улік членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" вядзецца Радай у адпаведнасці з фіксацыяй заяў на членства ў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр".
3.4. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" мае таксама ганаровае членства. У ганаровыя члены могуць быць прынятыя асобы, якія карыстаюцца ўсеагульным прызнаннем незалежна ад іх грамадзянства. Прыём такіх асобаў у ганаровыя члены ажыццяўляецца выключна з іх згоды. Прыняцце ў ганаровыя члены РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" ажыццяўляе Рада толькі аднагалосна. Ганаровыя члены карыстаюцца правам дарадчага голасу на пасяджэннях Рады.
3.5. Статус ганаровага старшыні надаецца былым старшыням і намеснікам старшыні РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" пасля заканчэння тэрміну іх паўнамоцтваў. Ганаровыя старшыні карыстаюцца правам дарадчага голасу на пасяджэннях Рады.
3.6. Выключэнне з РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" адбываецца на падставе заявы аб добраахвотным выхадзе з арганізацыі або ў выніку парушэння Статута РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Выключэнне праводзіцца Радай таемным галасаваннем і на аснове простай большасці галасоў. Выключаная асоба мае права абскардзіць выключэнне ў найвышэйшым органе РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Вынікі галасавання зацвярджаюцца на Агульным сходзе простай большасцю галасоў шляхам галасавання.
3.7. Кожны член ПЭН-цэнтра мае права:
а) абіраць і быць абраным у любы орган РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" па дасягненні 18-гадовага ўзросту;
б) ставіць на абмеркаванне любую ініцыятыву або праблему ў межах статутнай дзейнасці РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр".
3.8. Кожны член РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" абавязаны:
а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
б) удзельнічаць у мерапрыемствах і дзейнасці РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
в) устрымлівацца ад палітычных заяў і ўдзелу ў палітычных мерапрыемствах ад імя РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" не нясе адказнасці за сваіх членаў, якія ў той ці іншай форме вядуць палітычную дзейнасць не ад імя РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
г) абараняць гонар РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр".
3.9. Уваходжанне ў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" не дае ягоным членам ніякіх прывілеяў, у тым ліку для выдання сваіх твораў як на беларускай, так і на іншых мовах свету.
3.10. Уступныя і штогадовыя членскія ўзносы ў Міжнародны ПЭН-клуб уносяцца РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.

4. СТРУКТУРА, ОРГАНЫ КІРАВАННЯ І КАНТРОЛЮ


4.1. РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" з'яўляецца суцэльным грамадскім аб'яднаннем без арганізацыйных структур. Арганізацыя дзейнічае на падставе добраахвотнасці, дэмакратычнасці і агульнасці інтарэсаў.
4.2. Найвышэйшы орган РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" — Агульны сход, які склікаецца раз на 2 гады. У выключных выпадках Рада мае права ініцыяваць правядзенне нечарговага Агульнага сходу. Час, месца склікання і парадак дня Агульнага сходу абвяшчаюцца Радай не пазней чым за 10 дзён да пачатку яго працы. Агульны сход лічыцца паўнамоцным, калі ў ягонай працы ўдзельнічаюць больш за 50% членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" без уліку ганаровых членаў. Сход можа быць скліканы таксама па ініцыятыве не менш чым трэцяй часткі членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Рашэнні Агульнага сходу прымаюцца простай большасцю галасоў ад ліку прысутных.
4.3. Да выключнай кампетэнцыі Агульнага сходу адносяцца:
а) прыняцце Статута РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", унясенне ў яго змяненняў і дапаўненняў;
б) вызначэнне асноўных напрамкаў і форм дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
в) абранне прамым адкрытым галасаваннем тэрмінам на два гады старшыні, Рады, трох намеснікаў старшыні, Кантрольнай камісіі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", старшыні Кантрольнай камісіі;
г) слуханне справаздачы кіроўных, кантрольных органаў і службовых асоб РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
д) зацвярджэнне справаздачы аб даходах і расходах РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
е) прыняцце рашэння аб ліквідацыі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
ж) разгляд абскарджанняў рашэнняў Рады РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.
Агульны сход можа прыняць да разгляду любое іншае пытанне статутнай дзейнасці.
4.4. У перыяд паміж Агульнымі сходамі кіраўніцтва ажыццяўляе Рада. У склад Рады ўваходзяць 7 чалавек: старшыня, тры намеснікі старшыні (першы намеснік старшыні, другі намеснік старшыні і трэці намеснік старшыні), а таксама тры члены Рады. Рада абіраецца Агульным сходам на два гады. Работай Рады кіруе старшыня.
4.5. Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”:
а) арганізуе выкананне рашэнняў Агульнага сходу;
б) зацвярджае ўзоры сімволікі, пячаткі, іншай атрыбутыкі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
в) зацвярджае палажэнні аб літаратурных прэміях РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
г) стварае склад Журы па літаратурных прэміях;
д) распараджаецца маёмасцю РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
е) вырашае пытанні аб прыёме ці выключэнні з членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр”;
ж) зацвярджае кандыдатуры каардынатараў тэматычных праграм і іншых спецыялістаў, якіх запрашае да працы першы намеснік старшыні;
з) робіць штогадовую пісьмовую справаздачу, якую дасылае ўсім членам РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
і) уносіць змяненні і дапаўненні ў Статут РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" у выпадках, калі зменаў Статута патрабуе змена дзейнага заканадаўства.
Пасяджэнні Рады склікаюцца па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў, і афармляюцца пратаколам. Паседжанне Рады правамоцнае, калі на ім прысутнічае 4 і болей членаў Рады. Рашэнні Рады прымаюцца на аснове кансенсусу альбо кансенсусу мінус адзін голас і афармляюцца пратаколамі.
4.6. Старшыня РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр":
а) арганізуе выкананне рашэнняў кіроўнага органа РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
б) прадстаўляе РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" у зносінах з іншымі арганізацыямі;
в) з'яўляецца старшынёй Журы па літаратурных прэміях РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
г) робіць справаздачу перад Радай за бягучы перыяд не радзей чым адзін раз у год.
4.7. Першы намеснік старшыні кіруе бягучай дзейнасцю РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" у перыяд паміж пасяджэннямі Рады дзеля выканання яе рашэнняў, а таксама рашэнняў Агульнага сходу. Першы намеснік старшыні распараджаецца крэдытамі з правам першага подпісу, мае ўсе правы, паўнамоцтвы і абавязкі кіраўніка юрыдычнай асобы, у тым ліку:
а) прадстаўляе без даверанасці інтарэсы РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і яго членаў у органах дзяржаўнай улады і кіравання, у зносінах з прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі, грамадзянамі і грамадскімі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь і іншых краінах;
б) заключае ад імя РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" дамовы і пагадненні;
в) адкрывае рахункі ў банкаўскіх установах згодна з дзейным заканадаўствам;
г) распараджаецца грашовымі сродкамі і маёмасцю РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” у межах, вызначаных Радай;
д) падпісвае разам з галоўным бухгалтарам фінансавыя і іншыя дакументы, якія адносяцца да вытворча-гаспадарчай і іншай дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
е) прымае на працу і звальняе штатных супрацоўнікаў згодна з дзейным заканадаўствам;
ж) наладжвае сувязі з дзяржаўнымі, грамадскімі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;
з) рыхтуе канферэнцыі, семінары і іншыя мерапрыемствы РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
і) запрашае да працы на грамадскіх добраахвотных пачатках каардынатараў тэматычных праграм і іншых спецыялістаў, якія не абавязкова з’яўляюцца членамі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, кіруе іх працай, заслухоўвае іх справаздачы.
4.8. Пры выхадзе з РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” ці немагчымасці выконваць абавязкі першага намесніка старшыні гэтыя абавязкі паводле рашэння Рады пераходзяць да другога намесніка старшыні на тэрмін да склікання Агульнага сходу.
4.9. Другі намеснік старшыні выконвае наступныя функцыі:
а) прадстаўляе ў дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх органах і арганізацыях без даверанасці інтарэсы РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" па пытаннях інтэлектуальнага, прафесійнага супрацоўніцтва членаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр";
б) плануе і арганізуе падрыхтоўку і абмеркаванне творчых пытанняў і праблемаў на пасяджэннях Рады РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", а пры неабходнасці на Агульных сходах;
в) у адпаведнасці з палажэннямі аб літаратурных прэміях арганізуе вылучэнне і абмеркаванне кандыдатур на прэміі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
г) удзельнічае ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.
4.10. Трэці намеснік старшыні выконвае спецыяльныя даручэнні Рады.
4.11. Кантрольна-рэвізійным органам РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” з'яўляецца Кантрольная камісія РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”. У склад Кантрольнай камісіі ўваходзяць тры члены РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”: старшыня і члены Кантрольнай камісіі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Кантрольная камісія абіраецца Агульным сходам на два гады. Кантрольная камісія РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” ажыццяўляе:
а) кантроль за адпаведнасцю дзейнасці РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" заканадаўству і ўстаноўчым дакументам РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
б) кантроль за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю, захаваннем маёмасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”;
в) праверку арганізацыі справаводства РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, тэрміны, законнасць і абгрунтаванасць адказаў на заявы, скаргі і лісты грамадзян.
Не радзей чым адзін раз у год Кантрольная камісія РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” праводзіць планавую рэвізію.
4.12. Кантрольная камісія РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” збіраецца на свае пасяджэнні па меры неабходнасці, але не радзей чым адзін раз у год.
Пасяджэнні паўнамоцныя, калі на іх прысутнічае большасць членаў Кантрольнай камісіі. Рашэнні Кантрольнай камісіі прымаюцца большасцю галасоў ад яе складу і даводзяцца да ведама Рады РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.
4.13. Члены Кантрольнай камісіі не могуць уваходзіць у склад Рады, займаць пасады кіраўнікоў і спецыялістаў РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Члены Кантрольнай камісіі могуць удзельнічаць у пасяджэннях кіроўнага органа РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” з правам дарадчага голасу.
4.14. Штат супрацоўнікаў апарата РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і пасадныя аклады зацвярджаюцца ягонай Радай.
4.15. У справаздачу Агульнаму сходу Рада ўключае таксама фінансавую справаздачу і пастанову Кантрольнай камісіі. Агульны Сход зацвярджае справаздачу і вызначае асноўныя кірункі дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” на наступны перыяд.
Рашэнні найвышэйшага і выбарных органаў афармляюцца пратаколамі, а рэвізіі — актамі.

5. МАЁМАСЦЬ І ФІНАНСАВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ


5.1. Ва ўласнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” можа быць любая маёмасць, неабходная для забеспячэння дзейнасці, прадугледжанай Статутам, акрамя тых аб’ектаў, якія згодна з дзейным заканадаўствам могуць быць толькі ўласнасцю дзяржавы.
5.2. Фінансавыя сродкі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" складаюцца з:
а) членскіх узносаў;
б) добраахвотных ахвяраванняў у беларускіх рублях і замежнай валюце, а таксама дарункаў;
в) сродкаў ад выдавецкай дзейнасці;
г) паступленняў ад правядзення лекцый, выставак і іншых мерапрыемстваў;
д) сродкаў ад вытворча-гаспадарчай дзейнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам;
е) іншых не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь паступленняў.
5.3. Сродкі і маёмасць РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” не могуць пераразмяркоўвацца паміж членамі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр”, яны выкарыстоўваюцца выключна для выканання статутнай мэты і задач. Дапускаецца выкарыстанне сродкаў РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” на дабрачынныя мэты ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
5.4. РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” можа ажыццяўляць ва ўстаноўленым парадку прадпрымальніцкую дзейнасць у той ступені, у якой яна неабходная для выканання статутных мэтаў, дзеля якіх яна створаная, адпавядае гэтым мэтам і прадмету дзейнасці. Такая дзейнасць можа ажыццяўляцца толькі праз стварэнне камерцыйных арганізацый і (альбо) удзел у іх.
5.5. РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” выплачвае падаткі і ажыццяўляе разлікі ў парадку і памерах, устаноўленых дзейным заканадаўствам, нясе адказнасць за паўнату, дакладнасць і своечасовасць справаздачнасці.

6. ПАРАДАК РЭАРГАНІЗАЦЬІІ І ЛІКВІДАЦЫІ


6.1. Спыненне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” адбываецца шляхам рэарганізацыі ці ліквідацыі паводле рашэння Агульнага сходу, якое прымаецца таемным галасаваннем і кваліфікаванай большасцю (больш за тры чвэрці) галасоў. Рашэнне аб ліквідацыі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” можа прыняць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.
6.2. Сродкі і маёмасць, якія засталася пасля ліквідацыі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і задавальнення маёмасных прэтэнзій, выкарыстоўваюцца паводле рашэння ліквідацыйнай камісіі ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.
6.3. Дакументы РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” пасля ліквідацыі ва ўстаноўленым парадку ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам перадаюцца на захаванне ў адпаведныя ўстановы дзяржаўнага архіва Рэспублікі Беларусь.
6.4. Рашэнне аб ліквідацыі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” накіроўваецца ў адпаведны орган рэгістрацыі і публікуецца ў перыядычным друкаваным выданні, вызначаным актамі заканадаўства.