Стаць сябрам ПЭНа

Сябрамі РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” могуць стаць беларускія літаратары, журналісты і дзеячы культуры, якія карыстаюцца грамадскім прызнаннем у сваёй краіне і за яе межамі і ўдзельнічаюць у міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.

Галоўныя крытэры для ўступлення ў ПЭН — падзяляць каштоўнасці арганізацыі, пералічаныя ў яе Статуце і Міжнароднай Хартыі, мець жаданне спрыяць развіццю літаратуры і культуры і абараняць свабоду выказвання,

Каб падаць заяўку на ўступленне ў Беларускі ПЭН-цэнтр:

1) Прачытайце Статут арганізацыі, Хартыю Міжнароднага ПЭН-клуба і азнаёмцеся з прынцыпамі дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.

2) Спампуйце бланк заявы, запоўніце яго.

3) Знайдзіце ў спісе сябраў Беларускага ПЭНа тых, хто зможа даць вам пісьмовую рэкамендацыю (вам спатрэбіцца 2 рэкамендацыі, яны пішуцца ў вольнай форме).

4) Далучыце асобным файлам вашую творчую біяграфію, пазначаючы самыя важныя яе пункты (напрыклад, якія кнігі выдалі, якія прэміі атрымалі, у якіх праектах удзельнічалі і г.д.). Калі ў інтэрнэце ёсць вашыя публікацыі, творы, інтэрв’ю, электронныя выданні, далучыце спасылкі на іх.

5) Адскануйце ці сфатаграфуйце заяву, дзве рэкамендацыі і разам з творчай біяграфіяй дашліце на [email protected] з пазнакай “Уступленне ў ПЭН”. Таксама вы можаце прынесці гэтыя дакументы ў папяровым выглядзе нашай сакратарцы: вул. Залатая горка, 2, 101 (з 12.00 да 16.00).

6) Рашэнне пра ўступленне новых сябраў прымае Рада Беларускага ПЭНа. Яна ці прымае заяўніка ў сябры, ці адхіляе заяву, ці адкладае (калі, напрыклад, трэба больш падрабязна пазнаёміцца з творчасцю літаратара). На бліжэйшым пасяджэнні Рады вашая заява будзе разгледжаная і нашая сакратарка паведаміць вам пра яе рашэнне. У выпадку адмовы кандыдат можа апеляваць да Агульнага сходу арганізацыі, які адбываецца адзін раз на два гады і вырашае пытанне канчаткова.

Папулярныя пытанні

Чым займаецца Беларускі ПЭН-цэнтр?

Беларускі ПЭН-цэнтр абараняе свабоду выказвання і правы ў сферы культуры, спрыяе развіццю літаратурнага працэсу Беларусі ( з дапамогай літаратурных прэмій і іншых праектаў). Падрабязней пра гісторыю ПЭНа, яго з’яўленне і развіццё ў Беларусі, раду і каманду можна пачытаць тут.

Ці можа ПЭН дапамагчы мне апублікавацца?

ПЭН не з’яўляецца выдавецтвам, хаця мы і супрацоўнічаем з выдавецтвамі ў межах нашай дзейнасці. Мы не выступаем ад імя аўтараў, якія шукаюць месца для публікацыі сваіх твораў. (Пункт 3.9. Статута: “Уваходжанне ў РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” не дае ягоным членам ніякіх прывілеяў, у тым ліку для выдання сваіх твораў як на беларускай, так і на іншых мовах свету”).

Колькі складаюць сяброўскія складкі і як часта іх трэба плаціць?

Складкі сябраў – 1,5 базавыя велічыні і на 2020 год гэтая сума складае 40,50 беларускіх рублёў. Складкі выплочваюцца адзін раз на год.