Уладзімір Садоўскі





Нарадзіўся ў 1987 годзе. У 2009 скончыў энергафак БНТУ. Празаік, любімыя жанры — фантастыка і альтэрнатыўная гісторыя. Фантастычныя апавяданні друкаваліся ў беларускіх ("Маладосць", "Дзеяслоў", "ЛіМ") і ўкраінскіх ("УФО") перыядычных выданнях.



Позняя восень з яе доўгімі цёмнымі вечарамі і бясконцымі дзённымі дажджамі – тое, што трэба для прадуктыўнай творчай працы ў адзіноце. Так я думаў перад тым, як паехаць у Рэзідэнцыю маладога літаратара ў Вільню. Я памыляўся.

Ну як можна жыць у самым сэрцы старажытнай сталіцы і не блукаць па яе крывых вулачках і шырокіх ускраінах дні напралёт? Вось і я не змог утрымацца. Першым чынам я пастараўся наталіць сваю прагу да вывучэння міжваеннай архітэктуры горада. Гэты перыяд у гісторыі дойлідства падабаецца мне сваёй насычанасцю і разнастайнасцю, а таксама тым, што ён даволі мала вывучаны і невядомы для масавага турыста. Сапраўды, звычайна ў Вільню едуць не па жалезабетонныя скрынкі ў стылі функцыяналізму 1930-х. З нагоды пошуку цікавых міжваенных дамоў я пехам абыйшоў некалькі раёнаў літоўскай сталіцы: Антокаль, Звярынец, Павільню. З’ездзіў у Новую Вільню, цяпер адміністрацыйны раён, а раней прыгарад Вільні. Дарэчы, гэтае месца шчыльна звязанае з гісторыяй майго роднага горада Маладзечна. Карацей, за два тыдні я назбіраў матэрыялу не на адзін дзясятак артыкулаў краязнаўчага характару.

Перыядычна я ўсёткі вяртаўся ў пакой у Доме правоў чалавека і стараўся працаваць над сваёй аповесцю. Я напісаў яе даволі даўно, але ўсё ніяк не мог скончыць рэдагаванне тэксту, каб яго можна было прапанаваць да выдання. Зрэшты, не закончыў я яго і гэтым разам.

Вялікай адзіноты я падчас знаходжання ў Рэзідэнцыі не адчуваў. Пад бокам заўжды быў інтэрнэт (дарэчы, яшчэ адзін моцны адцягваючы ад працы фактар) і я заўжды меў кантакт з роднымі ў Беларусі. Толькі аднойчы мне сапраўды было страшна знаходзіцца адному ў пустым і паўцёмным будынку ў цэнтры горада. Гэта было ў той дзень, калі з-за халатнасці віленскіх паліцэйскіх затрыманы злачынца завалодаў зброяй і збег у невядомым накірунку. Балазе, яго даволі хутка злавілі. Але ведаць, што недзе па горадзе бегае непрадказальны псіх-наркаман з аўтаматам, – адчуванне не з лепшых.

Трохі бытавых пытанняў. Абедаць я вырашыў у кавярнях і рэстарацыях, каб ацаніць стравы шматлікіх нацыянальных кухняў, прадстаўленых у Вільні. Да сняданка і вячэры купляў тое-сёе ў віленскіх крамах плюс ніхто не адмяняў пячэнькі з кухні на першым паверсе Дома правоў чалавека. На трэці дзень знаходжання ў Рэзідэнцыі я здагадаўся, як уключаецца электрычны каларыфер у пакоі, і таму далей стала не так холадна жыць і ствараць.

Хачу падзякаваць ПЭН-цэнтру за дадзеную магчымасць адарвацца ад жыццёвай руціны і на два тыдні адчуць сябе калі не пісьменнікам, то даследчыкам. І няхай я не выканаў свой творчы план, але ўражанняў, атрыманых за гэты час, мне, пэўна, хопіць не на адзін тэкст.