Таццяна Нядбай





Нарадзілася ў 1982 г. у Полацку, скончыла філалагічны факультэт БДУ ў Мінску, пасля аспірантуру ў Любліне, дзе абараніла дысертацыю пра мясцовыя хронікі XVII-XVIII стст. Працавала ў Варшаве. У 2015 г. вярнулася ў Мінск, дзе жыве і працуе сёння. Аўтарка кнігі паэзіі "Сірэны спяваюць джаз" (2014). Лаўрэатка прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча. Аўтарка манаграфіі, прысвечанай беларускім мясцовым хронікам XVII-XVIII стст., а таксама перакладаў з ангельскай і польскай моваў.




Восень — улюбёны час, незалежна ад надвор’я. Сонечная і з павуцінкамі, рознакаляровая ці шэрая і дажджлівая ці нават — што таксама здараецца — з навальніцамі ці завеямі, яна са сваёй эстэтыкай запавольвання і сузірання сябе надзіва рыфмуецца з маімі станамі. І я заўжды намагаюся адказваць ёй узаемнасцю.

Дзень нараджэння, які прыпадае на восень, дзень, які насамрэч мала значыць сам па сабе, з’яўляецца, тым не менш, легітымнай і зразумелай вонкаваму свету нагодай уцякаць ад усіх. І апынацца ў восені — той, якую мы з ім заспяваем, якая нам выпадае.

Гэтым разам Рэзідэнцыя, арганізаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам, зрабіла ўцёкі прасцейшымі і больш працяглымі. Рэзідэнцыя — гэта магчымасць адасобіцца ад усіх, прысвяціўшы ўвесь час і прастору стваральнаму.

Мне часам марыцца, што свет спыняецца, ставіцца на паўзу, а я тады спакойна адсыпаюся, а калі не сплю, то блукаю ў сабе, надаючы найменні эмоцыям, намацваючы словы і фармулюючы тое, што сапраўды хвалюе, засяроджваючыся на тым, што робіць мяне жывой. Дзеля гэтага і трэба спыніць бег і скінуць з сябе ўсю вонкавасць, не думаць пра дэдлайны, бясконцыя хвасты і нявыкананыя задачы. Зачыніць дзверы і зразумець, што можна не адказваць на тэлефанаванні, мэйлы і паведамленні мэсэнджараў. І пажадана перастрахавацца кіламетрамі. Яшчэ лепш — калі ўдасца кардынальна памяняць краявід.

ххх
паміж вечарам і вечнасцю розніцы асабліва няма —
яны стаяць цяпер за тваёй спінай,
па-панібрацку паляпваючы па плячы,
таму разняволься і ўсё ў абдымкі прымай,
не ўнікаючы — кулі ці кулічы

ты рыхтуешся заўтра без допінгу здзейсніць скачок,
таму што трыпутнік не прыкладзеш да горычы без падставаў,
таму што чакаеш, што хтосьці прыйдзе падставіць плячо,
а потым употай дзякуеш, што — не падставіў

у сутонні асабліва востра адчуваеш мяжу ўсяго,
лінія жыцця супадае, таючы, з лініяй далягляду,
штосьці вярэдзіць, нібыта блізкая прысутнасць Яго,
таго, хто небакрай адхінае на Дзяды і Каляды

паміж вечарам і вечнасцю выбару асабліва няма,
паміж выбарам і выраем наадварот пралегла вечнасць,
рыбы чуюць тваё маўчанне, і можаш рашаць сама,
калі класціся спаць, калі пакідаць веча



ххх
калі ты гаворыш, што горы,
як коткі,
акругліўшы спіны,
пілі мора,
не баючыся вады,
а яно было ласкавым, туманным, парным, як сырадой,
то намагаешся не абмовіцца,
як трымаў мяне за руку

калі ты распавядаеш,
што найлепшая кава ў тым месцы — за гатэлем прынцэсы Луізы,
то намагаешся не згадаць уголас,
як п’янкое віно з келіха перацякала ў заход сонца,
а потым — назад у келіх,
каб захмяліць нас і застацца слядамі на вуснах

усе слухаюць раскрыўшы раты
(і я таксама),
як выдмы, перацякаючы, мяняюць формы,
застаючыся з намі — у нашых кішэнях,
на зубах,
у сэрцах,
але і ў майстэрскім пазбяганні займеннікаў першай асобы множнага ліку —
як сцяжкоў на аўтадроме,
як буйкоў на вадзе

калі ты глядзіш на мяне, я часам баюся,
што табе і сапраўды ўдалося —
забыць




Фота: Іван Бесер