Наста Манцэвіч




Паэтка, перакладчыца Алок Вайд-Мэнан.


У ліпені 2018 года я паехала ў творчую рэзідэнцыю ў Латвіі, дзе мусіла перакладаць вершы паэт(кі) і ЛГБТ-актывіст(кі) з ЗША Алок Вайд-Мэнан. Цяпер, калі я думаю пра тое, што я магу расказаць пра гэты досвед, я не ведаю, ад чаго адштурхнуцца. Гэта быў зусім кароткі адрэзак часу — усяго тыдзень, але для мяне ён стаў часткай доўгай і вельмі прыватнай гісторыі, якая скончылася тым, што Алок не пусцілі праз мяжу Беларусі.

Я думаю пра тое, калі для мяне пачалася гэта гісторыя. Ці тады, калі я ўпершыню пазнаёмілася з вершамі Алок і адчула такое моцнае пазнаванне, што адразу вырашыла калі-небудзь перакласці іх на беларускую мову? Ці задоўга да гэтага?

Мне 35 гадоў, і цяпер я кажу пра сябе як пра негетэрасэксуальнага чалавека і чалавека з небінарнай гендарнай ідэнтычнасцю. У свае 35 мне цяжка будаваць адносіны, разумець пра свой інтарэс да іншых людзей, адчуваць і абыходзіцца са сваім ўзбуджэннем. Мне б хацелася ўмець адчуваць радасць, таму што ўва мне шмат радасці, але ўся яна закапаная пад велізарным пластом з траўмы і пачуцця сораму.

Як і ўсе мы, я расла ў гетэра- і цыснарматыўным грамадстве, і мае першыя перажыванні з нагоды сваёй сэксуальнасці намёртва счэпленыя з вобразам сябе як “сапсаванай”, “бруднай”, “заразнай”, якая не мае права знаходзіцца побач з “нармальнымі людзьмі”, страхам паставіць усіх гэтых харошых людзей у “няёмкае становішча”. Я верыла, што калі я адкрыюся, то ўсё, што магчыма будзе да мяне адчуваць — гэта пагарду. Таму да дваццаці гадоў я нікому не казала пра тое, што са мной адбываецца, і перажывала ўсе гэтыя пачуцці ў поўнай адзіноце.

На працягу некалькіх гадоў я пісала пра свой досвед у анлайн-дзённіку. І ў 2011 годзе мой сябра Павел Анціпаў прапанаваў сабраць гэтыя тэксты і выдаць невялічкую кніжку. Пасля выхаду кнігі я атрымала абвінавачванні ў “кан’юнктуршчыне”, спробах здабыць папулярнасць на “дагэтуль моднай тэме”, “парады” — як пра тое самае можна было б напісаць па-іншаму, каб яно было “прыгожым”. І пакуль ты не маеш словаў, каб расказваць пра сябе і пра свой досвед, хтосьці іншы заўсёды ведае, як ты мусіш “правільна” пра яго гаварыць.

Доўгі час у мяне не было словаў, каб казаць пра сябе і пра свой досвед. Словы “гендарна-небінарны” з'явіліся ў маім лексіконе гадоў пяць таму, а ўвесь час да гэтага я спрабавала выжываць, убудоўваючыся ва ўжо існуючую сістэму, шукаючы ў ёй хоць нейкае для сябе месца. І калі нават паспрабаваць уявіць, што наступіў, нарэшце, постгендарны свет, я не ведаю, што мне ў ім рабіць. Я не ведаю, што мне рабіць у свеце, дзе для мяне ёсць месца і дзе я магу быць сабой.

Таму я паехала ў Латвію, у мястэчка Азалніекі, перакладаць вершы Алок Вайд-Мэнан. Дапамагаў мне ў гэтым паэт і перакладчык Дзмітры Кузьмін. Хоць гэта і быў зусім кароткі адрэзак часу, які доўжыўся ўсяго тыдзень, даўся ён мне няпроста. Як гэта часта бывае — у новым месцы, сярод незнаёмых людзей, далёка ад дому — усе мае ўнутраныя дэманы прачнуліся ў адначассе і пачалі са мной размаўляць: пра тое “хто я такая”, нагадвалі, што ў мяне няма перакладніцкага досведу, пераконвалі, што нічога не атрымаецца... Але мяне падтрымлівала моцнае жаданне, каб для досведу, пра які кажуць Алок (Алок ужываюць да сябе займеннікі множнага ліку), у Беларусі з’явіліся словы і “палічка”. Чытаючы іх тэксты па-ангельску, я амаль кожны раз плакала, таму што, нарэшце, чула, што хтосьці кажа пра той боль, які я нашу ў сваім целе, кажа “я бачу, што табе баліць”, і кажа “я табе веру”.

У сваёй творчасці Алок расказваюць пра досвед дыскрымінацыі, які яны штодня вызнаюць як нябелы трансгендарны чалавек з мігранцкім досведам у “белай” кансерватыўнай Амерыцы. Нягледзячы на розныя кантэксты, у якіх мы выраслі і жывем, іх тэксты для мяне вельмі блізкія і зразумелыя. Яны зрабіліся для мяне падтрымкай у моманты, калі было цяжка знайсці хоць нейкую для сябе апору. Словы пра гора, у якога няма ні пачатку, ні канца; пра смутак, які на самой справе ёсць структурай, а не пачуццём; пра няспынны боль — за якім таксама стаіць сістэма; пра тое, што мы мусім вынайсці такія формы працы з траўмай, якія б разглядалі яе не як асобную падзею або момант, а як існаванне само па сабе, — усё гэта вельмі глыбока ўва мне адгукаецца.

У жніўні Алок Вайд-Мэнан мусілі выступіць з паэтычнымі чытаннямі ў Мінску, а пераклады іх вершаў на беларускую мову мы планавалі трансляваць субтытрамі. Але памежныя службы аэрапорта не пусцілі Алок у Беларусь. “Ён не пройдзе праз мяжу, можаце больш не чакаць”, — сказаў мне начальнік памежнай службы пасля трох гадзінаў чакання ў аэрапорце. Калі я пачула гэтыя словы, я чамусьці не адчула злосці, усё, што я адчувала ў той момант, — гэта бязмежную крыўду і пачуццё несправядлівасці. Я глядзела ў вочы супрацоўніку аэрапорта і ўсё, што я змагла тады сказаць, было “мне так шкада…”.

Ужо потым, абдумваючы ўсё, што адбылося, я прыгадала радок з верша Алок. “Усё жыццё я пішу адзін і той самы верш. Ён пачынаецца з слова “цела” і заканчваецца “мне шкада”. І гэта такая дзіўна дакладная ілюстрацыя таго, што адбылося ў аэрапорце і таго, што адбываецца з намі тут кожны дзень.

Я думаю, што гэта значыць для мяне як гендарна-небінарнага чалавека — жыць тут, калі для маёй дзяржавы абараніць свае межы значыць не пусціць трансгендарнага чалавека? Тое пачуццё, з якім я жыву тут кожны дзень, але якое проста перастала заўважаць... Пачуццё, якое немагчыма перадаць… Таму што так сябе адчуваеш, калі цябе няма. І як толькі ў цябе з'яўляюцца хоць нейкія межы, ты расплачваешся за гэта болем.

Калі я пішу гэты тэкст і ўспамінаю падзеі мінулага лета, то разумею, што ў мяне застаецца шмат злосці, крыўды і абурэння, але адначасова я адчуваю вялікую ўдзячнасць. Гэты досвед стаў неверагодна важным для мяне, і я думаю, буду асэнсоўваць яго яшчэ доўга. Для мяне было вельмі важна, што мы ўсё адно правялі мерапрыемства. Тэксты Алок прагучалі па-беларуску, хоць і без Алок. ЛГБТК-людзі ў Беларусі чыталі вершы Алок са сцэны як свае, дзяліліся сваімі гісторыямі, плакалі. І я думаю, што, так ці іначай, “палічка” для гэтага досведу тут з'явілася, хай і не так, як мы сабе ўяўлялі.

БІБЛЕЙСКІ ПОЯС *
* Біблейскі пояс – рэгіён у Злучаных Штатах Амерыкі, у якім адным з асноўных аспектаў культуры з'яўляецца евангельскі пратэстантызм. Ядром Біблейскага пояса традыцыйна з'яўляюцца Паўднёвыя штаты.

я знаходжуся ў родным горадзе калі даведваюся што Ліла, 17-гадовая транс жанчына з Агайя, скончыла жыццё самагубствам кінуўшыся пад колы грузавіка.

у артыкуле пра яе пішуць як пра мужчыну,
называючы іменем дадзеным пры нараджэнні
і я ўспамінаю, што «спачывай з мірам», –
раскоша для целаў, якія ў гвалце
знаходзяць смерць.



я сяджу ў прыёмным мануальнага тэрапеўта
афіцыйна для дыягностыкі хранічнага болю ў спіне які мяне турбуе апошні год
але мяркуючы па жанчынах сярэдняга веку ў прыёмным
гэта месца куды ідзеш каб да цябе дакрануліся
каб адчуць момант блізказці з незнаёмцам
дазволіць мужчыне дакранацца 
як быццам яму не ўсё адно

па сутнасці,
ў гэтым горадзе некаторыя акты вольнасці дапушчальныя
калі яны пакрываюцца медыцынскай страхоўкай або
ім адпавядае радок з бібліі
(хіба гэта не адно і тое?)

апошні год я адкрыта кажу пра сябе як пра трансгендарнага чалавека.
мой доктар пра гэта не ведае. у адрозненні ад маёй маці, але і яна
калі б магла ўжыць адмаўленне ў якасці займенніка для мяне – так і зрабіла б.

трохі раней мая бабуля кажа што маладыя хлопцы як я
не павінны насіць столькі болю ў сваім целе.
іншымі словамі, нам не павінны рабіць балюча

па ўсёй верагоднасці нам застаецца самім рабіць балюча.

мы жывем у маленькім горадзе ў Тэхасе
што значыць тут на кожнай сценцы ў кабінеце доктара па крыжу
вершы з бібліі шрыфтамі comic sans і impact без ценю іроніі
і я сабе думаю як гэта неверагодна
калі адзін сімвал азначае настолькі розныя рэчы для двух чалавек
іх кліпарт, маё клішэ
іх пасведчанне аб нараджэнні, наш ордэр на ператрус
наша феміннасць іх кпіны
іх крыж, мая аднакласніца Эшлі
якая
ў 10-м класе мне кажа, што я буду гарэць у катле з кіпучай серай, калі не прыму ў сабе Ісуса Хрыста

не так часта людзі з майго гораду
кажуць слушныя рэчы
але тут яна патрапляе ў кропку:
маё палымянае прывітанне: Я, ваш
педык з Тэхаса.

доктар намацвае цягліцы на маёй спіне
запытвае ці не здараўся са мною няшчасны выпадак
яму патрэбнае тлумачэнне як можа нешта
так незваротна зламанае
усё яшчэ працаваць

падобна што мой доктар глядзіць на боль як на адхіленне.

гэта такі прывілей існаваць у свеце

дзе боль гэта штосьці што можна знайсці і вынішчыць
а не тое адзінае што нагадвае вам што вы маеце цела
ў прынцыпе.



гэта горад у якім я спрабую сябе забіць у 13 год.
у мяне не было мовы для гэтага на той час,
была цесната у грудзях
трымценне ў голасе
пояс вакол маёй шыі

не было мовы каб патлумачыць навошта.
было толькі гэтае цела
і Яго рэлігія
і гэты біблейскі пояс вакол маёй шыі

у мяне не было разумення што я раблю
але была яснасць чаму я гэта раблю
і гэтага
мне
было
дастаткова.

часам мне не хапае таго пачуцця пэўнасці.

цяпер у мяне ёсць уся тэорыя каб патлумачыць
як гэты доктар і гэты бог і гэты горад
прымусілі гэтае цела знайсці дысфарыю
прымусілі дысфарыю знайсці руку
прымусілі руку знайсці пояс
прымусілі пояс знайсці...

але у мяне няма упэўненасці якая прыходзіць
ад ведання свайго цела
бо мне давялося яе заглушыць
каб спусціць той біблейскі пояс
з маёй шыі
на мой жывот

цяпер у мяне ёсць уся тэорыя
каб патлумачыць чаму яны назавуць гэта «самагубствам» а не «забойствам»
адмываючы свае рукі і свае крыжы ад крыві
як быццам мы ненавідзім сябе таму што гэта наш выбар але не іх
як быццам мы забіваем сябе таму што мы захацелі а не таму што яны нам загадалі
як быццам мы не выконваем іх прароцтвы 
укленчыўшы
у Яго імя
амэн

. . .

доктар адзіны няшчасны выпадак які са мною адбыўся
быў калі мяне абвясцілі «хлопчыкам» і «нябелым» пры маім нараджэнні
і я з таго самага дня ўсё спрабую акрыяць

адметна што гаворачы пра маё цела вы ўжываеце словы
«трывога» і «ціск» каб апісаць гэты боль
замест словаў «раса» і «гендар» і ўсіх астатніх словаў
якія ніколі не знойдзеш у вашых бібліях ці медыцынскіх падручніках
гэтыя дыягназы я нашу як запаведзі на маёй спіне
з таго дня як чалавек падобны на вас
сказаў маёй маці што нарадзіўся я
і забыўся дадаць што гэтым самым ён прапісаў мне смерць

часта вядзецца не пра няшчасны выпадак, не пра паклёп, удар, суіцыд
быццам гвалт, быццам траўма, быццам гендар
эпізод які мае пачатак і мае канец,
але гэта так не працуе.
і таму не спыняецца.

звычайна ўсё адбываецца павольна, сумна, нармальна
апускаецца ў нас так глыбока што мы больш
не можам размежаваць нашы
дэпрэсію і прыгнячэнне
наш гвалт і наш гендар
наш грэх і колер нашай скуры
слова бога і нашу нянавісць да сябе

мой боль не ад няшчаснага выпадку,
ён праз норму,

яе смерць не няшчасны выпадак
гэта норма
вы разумееце?

мы не няспраўныя
мы працуем так як нам загадалі
вы разумееце?
. . .

я кажу доктару што гэты боль ад падзення
па той жа прычыне чаму дазваляю маці ўжываць не тыя займеннікі
гэтак жа як кажу людзям што цяпер мне прасцей бо я больш не жыву ў маленькім горадзе
гэтак жа як і многія з нас навучыліся гуляць «неўзапраўду» яшчэ дзецьмі
і ніколі не пераставалі

бо так меней баліць
і часам
гэтага хапае каб выжыць.