Вячаслаў Мартысюк





Нарадзіўся 10 студзеня 1981 года ў Берасці. Скончыў гістфак БрДУ. Займаецца праблемамі атрубуцыі і эдыцыі тэкстаў беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст., бібліяграфіяй, гісторыяй лексікаграфіі. Выявіў і апублікаваў (разам з Ю. Пацюпам) нязнаныя творы пісьменніка ХІХ стагоддзя В. Савіча-Заблоцкага. Пераставарыў па-беларуску некаторыя расійскамоўныя тэксты М. Багдановіча.



Збіраючыся на Рэзідэнцыю, я, калі гаварыць цэлую праўду, крыху бянтэжыўся. А з дзвюх прычынаў. Першая: мне, як шчыраму даматуру, наагул цяжка куды-колечы выбрацца; дзеля гэтага прыходзіцца штораз змагаць прыродную ляноту і такую самую прыродную дурную сціпласць. Другая: у кумпаніі папярэднікаў-рэзідэнтаў, паэтаў, празаікаў і перакладнікаў, я з сваім шуканніцтвам–збіранніцтвам пачуваўся «белаю варонай». Ляноту і сціпласць я ўрэшце адкінуў як непатрэбныя, а нават і шкодныя якасці. Што ж да майго быццам бы «апрычонага статусу», то ён не такі ўжо «апрычоны»: да мяне ў Рэзідэнцыі жыў і плённа працаваў у віленскіх старасховах–кніжнях яшчэ адзін збірач і шукач (а апрача таго крытык і перакладнік) Ціхан Чарнякевіч, пакінуўшы вельмі цікавыя зацемкі пра свой пабыт.

Натхніўшыся дадатным досведам свайго калегі, я канчальна супакоіўся і стаў рыхтавацца да язды. Рыхтаванне палягала ў укладанні адмысловых кіламетровых шаблонаў з множнымі архіўнымі адрасамі, фрагментамі тэкстаў і цэлымі тэкстамі самарознага кшталту, спісаных з артыкулаў, кніжак нашых гісторыкаў літаратуры, як «цямрычнікаў», так «прагрэсіўных». Гэткія шаблоны пакліканыя былі палегчыць мне працу з дакумантамі ўжо ведамымі, але не друкаванымі, друкаванымі часткова, з хібамі, або ў пераказе. У канцы на архіўнай мапе былі намеркаваныя мясціны, дзе чыста тэарэтычна мог весціся непазнаны «красны звер». Усё было гатова: я рушыў на Менск, а стуль, сваім парадкам, – на Вільню.

Мне страшэнна пашанцавала: у Вільню якраз ехаў і вышэй успомнены Ціхан Чарнякевіч, стаўшы маім спадарожнікам–правадніком, выклаўшы мне «віленскую абэцэду» і даўшы шэраг карысных парадаў. Па прыеханні ў места, мы асталяваліся ў Рэзідэнцыі, паснедалі–паабедалі, схадзілі ў Бібліятэку Ўрублеўскіх, дзе я адзержаў чытацкі білет, а ўрэшце сустрэліся з Андрэем Антонавым, Шукратарам, Знаўцам–Усякіх–Розных–Цікавых–Штук, які падараваў мне цудны самавучак літоўскае мовы В. Чэкмана (за што я яму вельмі а вельмі ўдзячны), каб зажыць цёмнага літоўскага піва (дужа смачнага, трэба сказаць!) і пазюкаць пра ўсё на свеце.

На другі дзень я стаў разглядацца. Беларускі Дом правоў чалавека, у якім месціцца Рэзідэнцыя, – досыць цікавае месца. У ім бывае, той казаў, то пуста, то густа. Пустасць мяне не палохала. Зусім наадварот. (Зрэшты, пустуе Дом, як паказала далейшае жыццё ў ім, блізу што ніколі: там праз цэлы час абарачаецца найразнастанейшы гаманлівы свойлівы люд.) З’едзіўшы зранку з Ціханам у Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы і папярэдне заказаўшы справы, зайшоўшыся зваротнаю дарогаю ў Літоўскі інстытут літаратуры і фальклору, каб скоранька прагледзець тры каробкі з часткаю архіву этна-музыколага Антона Грыневіча, мы неўзабаве развіталіся. Ціхан заспяшаўся дадому, а я застаўся. Была пятніца, наперадзе былі выходныя, і я прабавіў іх, блукаючы салапякам віленскімі вуліцамі і вулкамі, цікуючы за тамтэйшымі і чужнікамі, прымяркоўваючы старое места да роднага Берасця (знайшлося шмат супольнага). Дарэшты праняўся пераднавагоднім настроем, дарма што праз цэлыя дні падаў дождж.

А ў панядзелак узяўся да працы. Спярша зноў зайшоўся ў Інстытут, каб уважней вывучыць Грыневічаў архіў, сёе-тое адфатаграфаваць. Матар’ялы архіву не расчаравалі мяне ані. Чаго там толькі ні было: і выняткі з даўнейшых рукапісаў–старадрукаў, і творы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, запісаныя з народных вуснаў, і слоўнікавыя матар’ялы, і розныя лекцыйныя запісы, лісты… Найбольш жа было, ведама, матар’ялаў чыста народных, нотных запісаў, дужа а дужа цікавых. (Зацемлю гэт’та: матар’ялы гэтыя апісаныя добра, але залішне агульна, шмат чаго ў апісе праігнаравана.) Адзняўшы цікавае мне (перадусім творы яўна літаратурнага паходжання), пастанавіў вярнуцца сюды яшчэ ўзаўтра, каб заразом скапіяваць два рукапісныя тамкі Чачотавых «Piosnek wieśniaczych z nad Dzwiny, z okolic Lepla і z samegoż Lepla polożonego nad jeziorem obszernem...»

Знаёмства ж з рэдакцыйнымі партфелямі газеты «Гоман» і часопіса «Крывіч» ў ЛЦДА расчаравала. Ні слядоў мемуараў Альгерда Абуховіча, ні слядоў твораў Я. Шэмета-Палачанскага, або Властавага «беларускага песеннага гістарычнага эпасу» я не знайшоў, хоць, прызнаюся, цешыў сябе спадзевамі знайсці. Былі адно розныя цікавыя дробязі, кшталту фрагментаў ліставання Вацлава Ластоўскага з Інбелкультам наконт Багдановічавага Збору твораў, сведчання пра спробы Рамуальда Зямкевіча ў красным пісьменстве, лістоў Яна Станкевіча. Заказаўшы чарговую порцыю спраў з рэдакцыйнымі партфелямі іншых беларускіх перыёдыкаў, вярнуўся ў Рэзідэнцыю.

Ад аўторка стала вывучаў фонды ЛЦДА, перамяжоўваючы працу там з працаю ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Ўрублеўскіх, харчуючыся збольшага «саладжонкамі» і праганяючы іх «гірасам». Гэтак трывала аж да самага канца майго пабыту ў Вільні. Усяго, ведама, не здолеў абняць (прыкладам, не паспеў вывучыць дакуманты БНТ, не знайшоў рэдакцыйнага партфелю часопіса «Нёман»); тое самае датыкае Акадэмічнае бібліятэкі: у ёй я хіба што чапіў запланаванае. Што ж: будзе нагода вярнуцца!..

Паўтару тое, што я ўжо быў сказаўшы: я шмат чаго паспеў. І шмат чаго не паспеў. Сенсацыйнага не было. Але было вельмі шмат цікавага, вельмі цікавага і вельмі а вельмі цікавага. З гэтым цікавым я пастараюся бліжэйшым часам пазнаёміць чытача.

* * *

Я шчыра ўдзячны ПЭН-цэнтру (і яшчэ не раз складу яму падзяку) за тое, што мой выбег (запраўдны пераднавагодні падарунак!) у віленскія архівы і бібліятэкі стаў мажлівы. А на пажагнанне – пажаданне: болей, болей шукачоў і збірачоў! Бо пісачоў маем паддастаткам. А хто шукаціме поўны тэкст беларускае «Энеіды навывартат», нязнаныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Абуховічавы мемуары, Багушэвічавы два зборнікі?..

* * *

P.S. Што да цікавага. Не адвалакаючы, дзяляюся знойдзенымі ў Грыневічавым архіве тэрцынамі (пра якія на сваёй старонцы ў фэйсбуку пісаў Ціхан Чэ; зрэшты, гэта ён іх і знайшоў) Гальляша Якаўлева Вораха, родам з Чалееў, нашаніўскага (і «вольнабеларускага») паэта, празаіка і драматурга, які пісаў пад рознымі псеўданімамі, аўтара «наіўнага» (як шмат хто з нашаніўцаў), але якраз гэтаю сваёй «наіўнасцю» і кранальнага:

ТУЧА

Плыве туча–моро,
Бірагі як горы –
Стогніць ў грымотах.

Ня дрэмле маланка –
Бліскаціць міргалка
Як масенжным дротам.

Свішчуць піраплоты,
Вольхі у балоце
Хістаюцца ат буры.

Страха у адрыні
Кудлаціцца грыўай –
Пужаюцца куры.

Смаліць бліскавіца
І каплі вадзіцы
Ўжо бахаюць у вокны.

Пад страху туляцца
Курчаты з вуліцы
І Лыска наш мокры.

Галіяш Ворах.
Москва, Домниковская 32, 4


* * *

P.P.S. У часе свайго пабыту ў Вільні я ўклаў адмысловыя «Дзесяць прыказанняў шукачу – гісторыку літаратуры», уклаў хутчэй для самога сябе, ніж для каго, але ўрэшце надумаўся далучыць іх да сваёй справаздачы. Няхай гэт’та будуць.

ДЗЕСЯЦЬ ПРЫКАЗАННЯЎ ШУКАЧУ – ГІСТОРЫКУ ЛІТАРАТУРЫ

1. Не спадзявайся сенсацыйных знаходак: яны трапляюцца хіба што выпадкова. Шануй дробязі, шануй розную лухту. Не грэбуй корпаннем у смецці, бо сама там могуць таіцца шчырыя скарбы.
2. Карыстай з досведу папярэднікаў і сучаснікаў, уважна чытай іх усіх чыста, але нікому не ймі веры да канца.
3. Абы час пранявервай і зняпраўджвай самога сябе.
4. Не замыкайся толькі на сваёй дзялянцы, старайся абняць і пазнаць як найбольш. Помні: гісторыкі, мастацтвазнаўцы, этнографы, фалькларысты, вершазнаўцы, мовазнаўцы, – не ворагі табе, але сябры.
5. Асочвай цені мінуўшчыны, сцігуй, чыні зовы іх.
6. Помні, што ўсё звязана з усім, што нічога не траціцца чыста, не знікае бяз следу.
7. Помні пра лабірынты–сад разбежлівых сцяжынак і ўкрадзены ліст.
8. Не мантач, але й не круці.
9. Знойдзенае старайся аджывіць, а аджывіўшы – прытарнаваць.
10. Штораз стаў сабе новыя надзаданні.

Пісаў
В-слаў