Яна Ўладыка



Перакладчыца


Мінск-Маладзечна-Вільня


…як жа знаёмы шлях гэты,

зьведаў яго я калісьці

як шукаў шчасьця па сьветах.

(Ян Луцэвіч)


0.

Цягнік кратаецца, адштурхоўваецца ад Менскіх варотаў, ад пасьляваеннага ампіру, ад вакзальнага хай-тэка і хай-таку, ад маіх трывожных і мітусьлівых будняў і вязе мяне з форсам — пад шматабяцальным знакам ня той, ды Пагоні — міма родных маладзечанскіх гоняў, міма страчанага вясковага раю, за край зямлі, за пуп зямлі. Туды, куды не ступала мая дзіцячая нага і не сягала маё вока, бо ведала толькі Маладзечна й Мінск — альфу і амегу, пачатак і канец. Туды, куды толькі заманьвалі ўказальнікі “Валожын” і “Смаргонь” — дзе мусяць вадзіцца медзьвядзі, цмокі, замкі й Вітаўты, дзе вольна дыхае і зрывае плады капіталізму беларус.

1.

Калыска “Нашай Долі” і “Нашай Нівы” — Наша Ўсё, бастыён ці то Эўрапейскай Свабоды, ці то Крывіцкай Духоўнасьці — нічога з гэтага я ў сваю першую віленскую візыту не пабачыла. Было гэта, дай Бог памяці, цэлае жыцьцё таму — чатыры гады назад, як мне толькі мінула дваццаць. Як я, старая, пагляджу на гэта сёньня, дык здаецца, ня ўмела я тады яшчэ ні жыць, ні піць, ні падарожнічаць — а быў гэта, наагул, мой першы безбацькоўскі выезд за мяжу.

Памятаю, як сустрэла мяне а восьмай раніцы ветлая, але звычайная Вільня — сабак выгульваюць, крамкі нейкія, сьцены, сьцены, сьцены, а ўсё, што было, — няма таго, што раньш. Ну проста ашуканства. І Вастрабрамская за шыбамі зачыненая. І брама ня вострая. Як той казаў, Гагарын у Вільню езьдзіў, а свабоды-роўнасьці-духоўнасьці ня бачыў.

Але зь Вільняй аказалася ўсё нармальна — так, як і з Вастрабрамскай. У адзін момант я проста трапіла да Вострай, калі шыбы былі расчыненыя, а я такі абстрагіравалася ад жабракоў і турыстаў з сэлфі-палкамі і заўважыла дзьверы ў капліцу. Паднялася да Маткі Боскай — і нешта шчоўкнула. (Увогуле, пад'ёмы і спускі — важная частка віленскага вопыту.) Дадому я прывезла зьбітыя аб брукаванку ступні і мапу сваёй Вільні.

Другі раз быў усяго на пяць гадзінаў: проста каб — звычайная гісторыя — “выгуляць” літоўскі шэнген перад іншай краінай, а траціцца на начлег не было як. Трэба было бачыць твар віленскага памежніка, які вечарам з жалем ставіў мне штамп аб выезьдзе той жа датай. У горадзе я амаль нічога не пакінула з грошай — абедала марозівам — і нават амаль не фатаграфавала. Паволі прасоўваючыся ад вакзала да вежы Гедзіміна, я знаёмілася: з гандляром “адзінай на ўсё ВКЛ” францускай кнігарні; з падарожным фатографам, які ўвекавечыў партрэтам мясцовую знакамітасьць — жабрачку Розу, і цяпер яна дабраслаўляе турыстаў усьмешкай з сувенірных магніцікаў; з маладой веласіпедысткай з Польшчы, якая едзе з сябрамі вакольным крэсовым шляхам у Кракаў, на сустрэчу з Папам. І гэтыя размовы я прыхавала недзе за рэбрамі як самыя каштоўныя сувеніры. Ну ня Матку Боску абкладзеную бурштынам жа везьці.

2.

Аднак, з-за кошту цягніка, гэта, мусі, быў мой найдаражэйшы выезд на шпацыр у жыцьці. Колькі разоў раней я езьдзіла прыкладна на тую ж адлегласьць ад роднага Горада Сонца, каб пагуляць з бацькамі па горадзе-торце Мінску — а на “электроне” гэта каштуе ўсяго як літр малака: паесьці марозіва на прашпекце, зайсьці ў які музей чы краму, купіць “Вясёлку”, схадзіць у тэатар.

Мінск — гэта, па вялікім рахунку, такая маладзечанская рэалія, багаты прыгарад нашай высокакультурнай правінцыі. Кажуць, раней пасяліцца ў Маладзечне было асаблівым шыкам сярод вайскоўцаў саўдэпіі — бо паміж дзьвюх сталіцаў. І галоўная вуліца — Вялікі Гасьцінец — сёньня ненавязьліва нашэптвае тутэйшым пра іх сувязь са зьнешнім сьветам і пра вялікую ролю Маладзечна ў ім (ну і пра тое, што некалі ў нас быў мэр з чалавечаскім ліцом і дэкамунізацыя).

Віленскім шляхам у нас названыя крамы і аўтобусны прыпынак, мясцовыя паэты прысьвячаюць яму (шляху) вершы, мастакі — карціны, кабінетныя масавікі і педагогі-арганізатары — планавыя мерапрыемствы.

Шлях — гэта ўсяго сродак, усяго магчымасьць, чаканьне, што вось-вось — і дасягнеш мэты, даедзеш, дабярэшся да абетаваных сталіцаў. Шлях-карміцель і шлях-мучыцель — бо, даў бы Божа, маладзечанец з радасьцю не падымаўся б а пятай раніцы, каб пасьпець да восьмай у Менск на працу ці на Жданы (часам гэта адно і тое ж), ня тросься б бяз малага дзьве гадзіны ў агульным бітком набітым вагоне “электрона” (ня ўсе тонкія аматары чыгуначных краявідаў). Ці паспаў бы, чым ехаць ноч, каб трапіць зраньня на закупы на віленскі базар — ён бы рад быў мець Мінск ці Вільнюс за сцяной сваёй кватэры (і з адпаведнымі заробкамі гаманец).

І ўсё ж мы ганарымся тым, што жывем на гасьцінцы, і вялікае расчараваньне даведацца, што аўтобусам ці маршруткай зь Менску часьцей едуць усё ж Ракаўскім напрамкам. Але “трамвайчыкам” бізнэс-класу на чатыры вагоны мытню прайсьці хутчэй — і тут мы кланяемся будаўнікам Лібава-Роменскай чыгункі. Менавіта чыгунка ў свой час зрабіла з сярэдняй вёскі транспартны, а пасьля і прамысловы вузел, і нават культурную сталіцу. Гэтай жа чыгункай Ермаловіч штодня езьдзіў у менскія бібліятэкі і архівы, апяць жа.

Але помнік — і, як сьцьвярджаюць тутэйшыя турыстычныя даведнікі, адзіны ў сьвеце помнік дарозе — паставілі менавіта Віленскаму шляху. Помнік — гэта такія валуны з імёнамі выбітных падарожнікаў, мапай, цытатай з Купалы (“як жа знаёмы шлях гэты”) і клумбай на менскай шашы за 12 км ад Маладзечна. Мой асаблівы гонар, што ўсталявалі ўсё гэта ля мамінай вёскі, куды часьцей за ўсё тым самым шляхам я малая і езьдзіла. Першы валун — адмыслова падабраны з абрысамі межаў Беларусі — паставілі стараньнямі мясцовай легенды, гісторыка Каханоўскага, яшчэ ў 1977 годзе — гэта калі дзед-кіроўца прывозіў маме з віленскіх рэйсаў сшыткі і смачны хлеб.

За маім дзяцінствам горад па імені Вільнюс быў ужо цяжкадаступным для нашай сям’і замежжам — заставалася толькі дзівіцца на кравецкі дыплом прабабкі часоў Другой РП. Izba Rzemieslenicza w Wilnie — быў жа час. Наша ж жыцьцё канцэнтравалася на ўсход ад чыгуначнай станцыі Маладзечна, і я паехала вучыцца — сэ ля ві — на бюджэт у Мінск.

Любоў да шляху — гэта ўсяго настальгія па тым, што было, і ўжо няма таго што раньш. Але помнік дае ўяўнасьць таго, што ўсё гэта можна матэрыялізаваць, памацаць, зрабіць сваім. Маладзечанцу цяжка жыць маладзечанцам, яго корміць Мінск і Вільня, але ўсё ж ён мае гонар жыць паміж дзьвюма сталіцамі — і з таго мае гонар быць маладзечанцам. Рабі пільна — і будзе і кавярня з донатсамі, і донэры, і KFC, і барбер-шоп, і броў-бар, і квэст-рум, і опэн-спэйс, і хакатоны, і крыптаталеры, і табе шчасьце, дарагое Мола. А дзеці ўсё роўна будуць марыць паехаць у Мінск у “Макдак” — на тое яны і дзеці. Дарослыя будуць марыць пра грын-кард.

3.

Калі я зьехала ў Мінск вучыцца і засталася там працаваць-адпрацоўваць бясплатную адукацыю, “дом” і “Мола” перасталі азначаць адно і тое ж, але праз чыгунку ўсё ж засталіся прыдаткамі адно аднаго, дзьвюма шалямі на вагах, дзьвюма канстантамі. Мінск і Маладзечна. А Вільня — усё ж збольшага недасяжны “трэці лішні”. Ці — незалежны арбітр. Дзіўная гэтая сітуацыя, у якой Беларусь існуе бяз Вільні — але можна ж патлумачыць N.R.M. бяз Вольскага ці Trubetskoy бяз Міхалка (хаця каму як).

Калі і зьяўляецца зь нейкай нагоды сакральны шэнген, рэдка ёсьць магчымасьць скарыстаць яго больш як раз-два. Таму, відаць, на трэці раз Літва адкрыла мне вароты толькі на тры месяцы. Тады тры поўныя паветру, сонца і блакіту красавіцкія дні я гуляла, расьцякалася па віленскіх вулках — і здавалася, што не было раней ніколі ні такой вясны, ні такой Вільні, ні такой мяне. Мяне наагул не было. Быў тэракот Ганны на лазурным небе, былі першыя нясьмелыя салаткі лісточкаў на драматычным гальлі, было ва ўсім гэтым ці то шмат любові, ці то шмат кіслароду.

Сумна было вяртацца ў найлепшы для жыцьця горад у краіне для жыцьця: сядзець з раніцы да ночанькі за кампутарам у вежы зь відам на радыятарны завод і на цягнікі, што стараюцца шыбчэй прабегчы міма — на Мола і на каварную Вільню.

Радзільня, дзіцячы садок, школа ды інстытут.

Калі б ня стала нясьцерпна ў жорнах горада-героя, калі б не зашкварчэла на патэльні яго самых чыстых і шырокіх прасьпектаў, шлях да адступленьня адзін — Віленскі: Мінск-Мясата-Маладзечна.

Хаджу на сяло. Слухаю маіх дарослых, якія неўпрыкмет сталі старымі: разумею іх, спачуваю і ўсё ж радуюся іх вачам — сумным ці радасным. Як вадзічку, п'ю з роднага паветра пахі, водары, колеры і галасы. Я гавару, як яны, я сьмяюся разам зь імі. І я, і яны разумеем, што я недагаворваю і што не дагаворваюць яны (што ня хочам сурочыць, што — тлумачыць). Яны радуюцца, што я выбілася ў людзі. Тут ня можа быць лепш. Але і рады, што не хаджу задраўшы нос. Ім дзіўна, што яны мне цікавыя, цікавыя іх фотакартачкі і гісторыі, што я вяртаюся, што спрабую ўгледзецца ў іх жыцьцё. Яны ўглядаюцца ў тэлевізар, і іх жыцьцё іх не задавальняе. Яны, іх бацькі стараліся, каб памяняць бедны маляваны дыванок на кавёр, даматканую сярмягу — на касьцюм з іскрой, шалёўку — на сайдзінг. Толькі, можа, чэ на че не памянялі. А і цяпер — гарэлка, крэдыты, хваробы (радзіацыя, халера на яе). А ты ня думала, каб паехаць за мяжу куды? Ты ж у нас такая талковая. І той, і тая, і тыя — паехалі, і добра жывуць. Ты толькі ня думай варочацца зь Мінска. Тут не жыцьцё.

На дварэ смачна пахне сіласам і дымам. Відаць зоры. Брэшуць сабакі. Заўтра вяртацца ў Мінск.

4.

А Вільня — усё ж збольшага недасяжны “трэці лішні”. Ці — незалежны арбітр.

Цягнік едзе з пункта М у пункт М. Ці рухаецца цягнік, калі ён рухаецца па коле? Ці рухаецца чалавек у цягніку?

Спачатку было важна кінуць дзяўбсьці паперу асадкай ў кропцы М1, якая ўжо стала падобнай на чорную дзірку, і вярнуцца ў пачатковую кропку — М0 — да вытоку. Вада з крыніцы самая чыстая, месца прыхаванае, ціхае. І нічога навокал не нагадвае тыя стромкія берагі, якія потым рака намывае сваімі шырокімі сьцёгнамі на крутых паваротах.

Адразу ты прабіваешся на паверхню зямлі і проста жывеш з гэтай кропкі, пракладаеш сабе дарогу. Ты шчыра не разумееш, з чаго гэта мусяць быць лепшыя гады твайго жыцьця. З чым табе параўноўваць?

Табе задаюць пытаньні пра будучыню — і табе, вядома, няма чаго адказаць. Яе пачынаюць табе прадказваць — і ты пачынаеш у яе верыць. У цябе яшчэ няма мінулага, ёсьць толькі будучыня, але пакуль чужая, уяўная — з кніжак, з кіно, з чужых прыкладаў — якую табе раяць, якую ў табе выхоўваюць, або якую ты хочаш скапіраваць. Потым ты пачынаеш яе планаваць, і найвялікшыя фрустрацыі паходзяць ад таго, што табе даюць зусім ня тую будучыню, якую ты замаўляў, — нялюбую, нежаданую, нібы па нейкім дурным залёце. Толькі дзе ён адбыўся? Куды ляцець Доку і Марці ў мінулае на машыне часу?

Але той, альтэрнатыўнай будучыні ніколі й не існавала — і шкадаваць няма аб чым. Ёсьць што любіць. Тое, што стала тваім цяперашнім, тваім мінулым. Адразу ты проста жывеш зь нейкай кропкі — у будучыню, а потым у пэўнай кропцы заўважаеш, што ў цябе ўжо ёсьць мінулае. І што гэтае мінулае — гэта і ёсьць ты сам. Тваё рэчышча. Тое, што ты штодня пражываў, абіраў ці не абіраў. Ты можаш уцякаць, але ўсё роўна будзеш да гэтага вяртацца у момант найвялікшага напружаньня — як рака запаўняе старыцы пасьля адлігі ці ліўняў, як вяртаецца ў зыходную кропку нацягнутая пад уласнай вагай цацка “ё-ё”.

Каб пракласьці лінію, дастаткова дзьве кропкі. А ці можна неяк вырвацца з гэтай геаметрыі? Прынамсі, за нуль каардынатнай восі. Цягнік адпраўляецца з пункта М1 у пункт М0, перасякае каардынатную мяжу і працягвае рух у кропку В —

міма родных чыгуначных перагонаў, міма страчанага вясковага раю, за край зямлі, за пуп зямлі, туды, куды не ступала мая дзіцячая нага і не сягала маё вока, куды толькі заманьвалі дарожныя ўказальнікі, дзе мусяць вадзіцца вучоныя медзьвядзі, страшныя цмокі, замкі з клятымі скарбамі й пераапранутыя Вітаўты, дзе вольна дыхае і зрывае плады капіталізму беларус.

5.

Так я зьбегла за той бок люстэрка ў літарацкую кельлю на Латака — пакінуць хворае, кінуць яго, як Талстой — Карэніну пад цягнік, і знайсьці сябе. Хаця “быць сабой” — гэта, праўда, ня найлепшая парада для перакладчыка: яму тады рэзка хочацца кінуць усё чужое і пачаць займацца левымі справамі — як то рэалізоўваць свой творчы патэнцыял (так я прывезла з Вільні губны гармонік, туш і па ходзе мастацкага працэсу дакуплены акрыл). Хаця пачаткова ідэя была якая: закончыць перакладаць кнігу мітрапаліта Антона (Блума) — якраз-такі пра сумнеў у базавых рэчах, у якія ты верыш, на чым трымаецца тваё жыцьцё. І нават даты нашэптвалі: пераклад пачалі рабіць роўна два гады таму — замыкаемся на Латочку, на прамой паміж Прачысьценскім і Параскевай, заглыбляемся ў сэнсы, закрываем гештальт. Але я не ўлічыла, што Антон Блум быў манахам у сьвеце.

Мае аскетычныя амбіцыі былі зруйнаваныя ўжо адпачатку — магчыма, аднымі зь найлепшых людзей, якіх я ведаю, — маімі суседзямі па цягніку і перапоўненай, як вулей (ці як Вулей) Рэзідэнцыі. Пайшла ў бажніцу — і там займела чаргу з запрашэньняў на каву і размовы. Я ўцякала зь Менску — я прыехала ў віленскі Менск.

Здаецца, з перакладчыка “ўзяткі гладкі” — наяўнасьць працы ад натхненьня не залежыць, але горш за ўсё было менавіта заставацца сам-насам са сваёй дурной галавой перад кампутарам. Я ўцякала ад Мінску — я прывезла з сабой Мінск.

Нельга зьбегчы ад мінулага: нельга зьбегчы ад сябе.

Усе носім сваё неба з сабою. Усе носім свой крыж з сабою.

Усе носім у сабе і пекла, і (вы)рай.

Усе паміж імі выбіраем:
я, ты, вы, мы;
тут, там і паўсюль;
учора, сёньня, заўтра, і на вякі вякоў.

Але няхай будзе воля Твая.

***
Нельга зьбегчы ад мінулага — усё роўна будзеш да яго вяртацца ў момант найвялікшага напружаньня — як вяртаецца ў зыходную кропку нацягнутае пад уласнай вагой “ё-ё”, як рака запаўняе старыцы пасьля адлігі ці ліўняў.

Але і тое справядліва, што ў тую ж раку нельга зайсьці двойчы. Я гуляла пустымі вузкімі вулкамі, я нарэшце натрапіла на аднаго-адзінокага гандляра старымі рэчамі ў скверыку — на яго століку стаяла вежа старога, смачнага на нюх вініла. Я перабірала капэрты і ўцягвала носам пах сваіх дзіцячых вясковых прыгодаў — у старой бібліятэцы, у зачыненай школе, пры дзедавай радыёле, сэрцам і думкамі ў рок-н-роле і дваццатым стагодзьдзі.

Нарэшце! Бітлоўскі вініл амерыканскага выданьня! І я заплакала, як дзіця — мне нецікава яго купляць. Тое, што дзесяць год таму магло зрабіць мяне самым шчасьлівым чалавекам на Зямлі, было да сьлёз мне абыякава цяпер. Мяне не пусьцілі назад у дзяцінства. Марнатраўная дачка стаяла на парозе і плакала. Куды ёй ісьці цяпер?

Тапіць гора ў кніжным шапагалізме.

У віленскай “Акадэмкнізе” на ангельскай (ну, не на літоўскай ці расейскай жа глядзець) выбар — бяры не хачу. Толькі праблема якраз у тым, што не хачу — ці ня ведаю, чаго хацець. Вось Оксфард прапануе серыю і не манументальных манаграфій, і не вычарпальных біяграфій, а так, “вельмі кароткія уводзіны” — у жыцьцё К. С. Льюіса, напрыклад. Ці ў мадэрнізм. Пагартаў — і ўжо, глядзі, наблатыкаўся, сьвецкую размову падтрымаць можаш, і не на “Вічку” спасылацца, а на Oxford University Press. Ці вось, у бясконцасьць. Вельмі кароткія ўводзіны ў бясконцасьць.

Жыцьцё — гэта вельмі кароткія ўводзіны ў Бясконцасьць.

З брытанскай вокладкі “Роднай Еўропы” Мілаша на мяне глядзіць Прачысьценскі. Зь якога гэта высокага пункту, зь якога акна яго так зьнялі? На Зарэччы?

Бяру.

***
Каб пракласьці лінію, дастаткова дзьве кропкі.

Менск і Маладзечна, Менск і Вільня, Вострая Брама і Параскева, Параскева і Прачысьценскі — і я паміж імі. А ці можна неяк вырвацца з гэтай геаметрыі?

Са звыклай сістэмы каардынат — у трэцяе вымярэньне.

***
Увогуле, пад'ёмы і спускі — важная частка віленскага вопыту.

Пагоркі — першае, што кінулася ў вочы за вокнамі цягніка за мяжой. Мы ўехалі ў краіну пагоркаў. Можа быць, таму тут так шануюць традыцыйныя ўяўленьні пра Сусьвет (не хачу казаць “паганства”) — што жывуць бліжэй да неба? Не на вечнахалодных камяністых вяршынях гор, а на шмарагдавых пагорках, што цягнуцца далей — вышэй да Яго — гонкім бурштынам хваін, падстаўляючы пад вецер чубы бухматай хвоі.

На пагорках ты бліжэй да неба. На пагорках ты вышэй за сябе. На пагорках ты глядзіш на ўсё тое, што прахадзіў, прамацаў уласнымі нагамі — і самому ня верыцца, што ты гэта ўсё адужаў. На пагорках ты бачыш усё адразу, і тое, што здавалася паасобку нязначным, або аднастайным, або ненатуральным, разам складаецца ў прыгожую панараму.

Ты можаш браць пагоркі — ну, такія, мэйнстрымныя, куды ўсе лезуць. У свой другі прыезд я толькі да Гедымінавай вежы і дабралася — задыхаўшыся, запіліла сэлфач на фоне Старога гораду. Душна, куча народу, птушачку паставіла, зроблена. Хутчэй уніз, назад, на вакзал — ледзь ня грымнулася на адшліфаваным бясконцаю плыньню турыстаў бруку. Czy wszystko jest z Panią w porządku? Пасьлізнулася — знайшла сяброўку.

Ці як ужо я брала Трохкрыжовую гару — аблепленую цёплым красавіцкім вечарам італьянцамі. Гэта сапраўдная Галгота — і з рымскімі легіянерамі, бач ты. Сэрца выскоквала з грудзей, паволі запальваліся аганькі места. На Гедымінавай вежы трыкалор — а я і не раўную. Зусім не раўную. Не, ну як на шакаладцы. Там, наперадзе, далей па прашпекце, турысты вяртаюцца ў “Нерынгу” — дзе за польскім часам у Izbie Rzemieśleniczej вучылася мая вялейская прабабка. Зьлева — ЕГУ, мая экс-альтэрнатыўная будучыня. А самі мясцовыя рвуцца адсюль: “Кошты як у Брытаніі, зарплаты — як у Албаніі”. Справа — нязнаны сонны Вільнюс. За сьпінаю – лес. Пад нагамі — салодкая калыханка Вялейкі для качак.

Пра пагоркі мясцовых Кальварый я і не кажу — гэта занадта відавочная метафара. Прама ўсю бясконцасьць зь іх і відаць. Ці толькі урыўкі зь яе? Бясконцую концасьць бясконцага кону. Цьфу. А заміж закінутых крыжоў пераможна сінее неба малых кветак. Яны тут былі і будуць заўсёды.

Часам лезеш за найлепшым краявідам на адмысловую вежу (званіцу Універсітэта) па скрыпучых пыльных прыступках — як некалі на злом галавы на вясковае гарышча, па падшыўку “Крыніцы”, а зьнізу моцна трымала лесьвіцу бабуля. Толькі ты ўжо зьбіўся зь ліку драўляных пралётаў, на маятнік Фуко страшна і зірнуць — дзе гэта там вага засталася ўнізе.

Часам ты проста ідзеш — і апынаешся перад панарамай. Панарамай іншых пагоркаў. А пад нагамі ў цябе прыступкі Мілаша. Мілата. Ці за сьпінаю ў цябе найбуйнейшая Maxima — двор у двор з беларускай амбасадай (ну вы панімаеце). А перад табой вежы касьцёлаў і цэркваў. А за імі — сакрэтны зарачанскі пагорачак, куды цябе, згаварыўшыся, прывялі сябры. Ціхі, прыхаваны ад турыстаў, пад самым небам.

Самае лепшае адбываецца нечакана.

Самае лепшае знаходзіць цябе, засьпявае на вулках-пагорках — глядзіць праз вокны, дзюбае плітку, квола жаўцее на падваконьні, наталяе смагу ў шумнай Велікоднай катэдры, дорыць цішыню пустой капэлы, пахне рачнымі дубчыкамі ў руцэ, блішчыць шпілямі на сонцы, выпісвае касыя белыя крыжы самалётамі на блакітным небе.

Не шукай — дай сябе злавіць. Не гвалтуй рэальнасьць. Дыхай ёю.

Як той казаў, Гагарын у Вільню езьдзіў, а свабоды-роўнасьці-духоўнасьці ня бачыў, касцёлы-цэрквы-пабы-галерэі на кіламетр квадратны не лічыў. Толькі падаў руку сябрам, якія выцягвалі яго на пагорак. І ўбачыў зоры, сонцы і сэрцы.

***
Жыццё — гэта вельмі кароткія ўводзіны ў Вечнасьць.

Рэзідэнцыя — гэта вельмі кароткія ўводзіны ў сябе.

***
“А калі вы наступны раз да нас прыедзеце?” — “Шчыра кажучы, і ня ведаю…”

Калі і зьяўляецца зь нейкай нагоды сакральны шэнген, рэдка ёсьць магчымасьць скарыстаць яго больш як раз-два. Ужо ж два тыдні — набылася дык набылася.

“А што вам ведаць, што вам ехаць? Вось там, за ракой, глядзіце — ужо й ваша Беларусь”.

***
У вагон шумна заходзіць поўная бландзінка з аграменнай валізай і торбамі, дзеліцца сваймі перажываньнямі са мной, але атрымліваецца — з усім вагонам.

“Значыць, гэта вы гандляваць езьдзілі”.

“А вы хіба — не?” — зьдзіўляецца мая суседка.

“Не”, — усьміхаюся я.

“Такая маладая — і не гандлюеце?” — жахаецца і шчыра спачувае мне бландзінка з адышкай. — “Маёй пляменьніцы дзесяць год, а яна ўжо нагандлявала сабе на гадзіньнік з крышталамі “Свароўскі”. Дзесяць год!”.

“Ня ведаю, мой “Луч” ужо пяць год як добра цікае”.

“Ды прычым тут “Луч”!” — нецярпліва тлумачыць, ратуе маю аблудную душу суседка. — “Як можна працаваць на дзядзю? Ніхто ж цяпер не працуе, вы паглядзіце! Усе гандлююць — увесь гэты цягнік, я ўпэўненая! Я ўжо даўно сабе кватэру ў Вільні набыла — каля вакзала, каб зручней было з валізамі туды-сюды, ой… На дзядзю працаваць — гэта не жыцьцё”.

Навошта я ёй гэта пачынаю гаварыць:

“Бацькоў жа я сабе не куплю. І сяброў ня купіш. І шпацыры ў лес, у грыбы — дзе прабабка хадзіла, і я там буду хадзіць. І некаму ж трэба працаваць. Гадзіньнікі, вось, рабіць. Кнігі, дакументы перакладаць”.

“Ой, так, пераклады! Цяпер столькі фіктыўных шлюбаў заключаюць, столькі дакументаў трэба перакладаць! Вось адны мае…”

Ну вар’ятка.
Маўчаць трэба ў такіх выпадках.
Цяпер слухай да Менскіх варотаў.

***
Дзынькае трамвай горада-торта.

А ў Менску тое ж неба, тое ж ласкавае паветра, што і ў Вільні. Дзіўна. Няўжо ўсё тое ж.

Дарожкі, сьцежкі, пагоркі, дрэвы, кветкі, птушкі. Ня тое ж — але тое.

Я вярнулася, сябры. Мама, я вярнулася.

Я тут.

І тут — гэта я.

Тут, там і паўсюль.

І пекла, і вы(рай).

Усе носім сваё неба з сабой. Свае тры крыжы. Робім выбар да адзінаццатай гадзіны.

Але будзь воля Твая.

***
Праз тры дні Вялікдзень — і я вяртаюся Віленскім шляхам у кропку М0.

А недзе прыхаваная за рэбрамі са мной едзе Вечная Вільня.


P.S. Пераклад я-такі на Латака дарабіла.

Фота: Саша Прывада


Рэзідэнцыя маладога літаратара