Ганаровыя сябры

Аляксандр Баршчэўскі

Беларускі паэт і літаратуразнавец, які жыве ў Польшчы, доктар філалагічных навук. Нарадзіўся 2 лістапада 1930 года. У 1975-2004 гадах узначальваў аддзяленне Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. З 1993 года — старшыня Цэнтральнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы. Аўтар кніг “Белавежскія матывы” (1962), “Жніво слоў” (1967), “Мой бераг” (1975), артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і інш. Пераклаў на польскую зборнікі казак “Д'ябальская скрыпка” (1973) і “Невычэрпны збан” (1976).


Павел Бераговіч (Падкарытаў)

Бізнесовец, мецэнат, фундатар шэрагу культурных праектаў у Беларусі. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў Снежынску. Кіраўнік дабрачыннага фонду “Вяртанне”, адзін з заснавальнікаў і сталы сябар журы прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.






Зэеў Бэн-Ар’е

Ізраільскі дыпламат. Нарадзіўся 30 кастрычніка 1945 года. З 1993 года на дыпламатычнай службе. У 1997—1998 гады ўзначальваў дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску як часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь. У жніўні 2004 зацверджаны Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, у студзені 2009 года пакінуў пасаду. Пераклаў на іўрыт апавяданне Васіля Быкава “Бедныя людзі”, якое было надрукаванае ў часопісе Саюза пісьменнікаў Ізраілю “Гаг” у 2007 годзе.


Венета Георгіева-Козырава

Балгарская беларусістка, этнолаг, літаратарка, супрацоўніца Дома гумару і сатыры ў Габрава. Вучылася ў Беларусі, дзе зацікавілася беларускай мове дзякуючы свайму выкладчыку Адаму Мальдзісу. Аўтарка артыкулаў пра беларуска-балгарскія культурныя сувязі.






Джым Дынглі

Брытанскі беларусіст, шматгадовы старшыня Англа-беларускага таварыства ў Лондане. Нарадзіўся 24 сакавіка 1942 года. У 1965 годзе скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт і пачаў працаваць асістэнтам у аддзяленні славістыкі бібліятэкі Брытанскага музея, дзе пазнаёміўся з айцом Аляксандрам Надсанам, які зацікавіў яго беларусістыкай. З сярэдзіны 1970-х і дагэтуль — сакратар рады бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане. У 1991 годзе быў адным з арганізатараў першага Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Пераклаў на ангельскую мову кнігу Уладзіміра Арлова “Краіна Беларусь”.





Сяргій Жадан

Украінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў, тэатралізаваных перформансаў і акцыяў грамадзянскага непадпарадкавання. Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменнікаў. Перакладае з беларускай, нямецкай і рускай моваў. Ва Украіне выйшлі яго зборнікі вершаў: «Цытатнік» (1995), «Генерал Юда» (1995), «Пэпсі» (1998), «Балады пра вайну і адбудову» (2001), «Гісторыя культуры пачатку стагоддзя» (2003), «Марадона» (2007), «Эфіопія» (2009), «Лілі Марлен» (2009), «Жыццё Марыі: кніга вершаў і перакладаў» (2015) — і прозы: «Біг Мак» (2003), «Дэпэш Мод» (2004), Anarchy in the UKR (2005), «Гімн дэмакратычнай моладзі» (2006), «Варашылаўград» (2010), «Месапатамія» (2014) і інш. Шэраг твораў Жадана перакладзены на беларускую мову. Жыве ў Харкаве. Ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 2015 года.






Янка Запруднік

Беларускі гісторык, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, доктар гістарычных навук (1969). Сапраўднае імя — Сяргей Вільчыцкі. Нарадзіўся ў 1926 годзе ў мястэчку Мір. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы (Нью-Ёрк, 1970-1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калумбійскім універсітэце (1994). Аўтар прац “Гістарычныя і культурныя асновы беларускай нацыянальнай свядомасці” (1992), “Historical Dictionary of Belarus” (1998), “Belarus: At a Crossroads in History” (1993), “Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917 гг.)” (2009) і інш.


Аляксандр Ірванец

Украінскі пісьменнік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1961 годзе ў Львове. Перакладае з беларускай, польскай, рускай, французскай і чэшскай моваў; сярод перакладаў — кнігі “Ходільці: оповідання” (2005) Васіля Быкава і “Реквієм для бензопилки” Уладзіміра Арлова (2005). Выступаў у падтрымку незалежных беларускіх пісьменнікаў і палітвязняў. Выбраныя творы Ірванца на беларускую (зборнік “Роўна/Ровно”, 2007) пераклаў Уладзімір Арлоў. Ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 2015 года.



Вальдэмар Калінін

Даследчык цыганскай гісторыі, паэт, перакладчык па цыганскую мову, віцэ-старшыня Рады цыганоў Англіі, сябар Ангельскага і Міжнароднага ромскага ПЭН-клубаў. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Віцебску. Лаўрэат Міжнароднай прэміі Хірасімы (Швецыя) “За ўклад у культуру малых народаў” і літаратурнай прэміі “Romany Award” Інстытута адкрытага грамадства (Будапешт). Аўтар зборніка вершаў “Цыганскія сны” (2005), дзе вершы змешчаныя на цыганскай мове і ў перакладзе на беларускую і ангельскую, а таксама артыкулаў і кніг па цыганскай гісторыі. Перакладчык Бібліі на цыганскую мову.


Вітаўт Кіпель

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст. Нарадзіўся 30 траўня 1927 года ў Мінску. Працаваў у Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, збіраў беларускія выданні. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці беларусаў ЗША. З 1972 года — старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. У 1982 годзе ўзначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Аўтар шэрага беларусазнаўчых публікацый, працы “Беларусы ў ЗША” (1993). Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў “Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе” (2003, другое выданне — 2006).


Генрых Кіршбаўм

Літаратуразнаўца-славіст, паэт. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Маскве. Выкладаў у Рэгенсбургу, Пасаў, цяпер прафесар Гумбальтаўскага ўніверсітэта (Берлін). Аўтар манаграфіі “Валгалы белае віно...”: нямецкая тэма ў паэзіі В. Мандэльштама”, кніг вершаў “Дохлыя нумары” (1994) і “Міжрэчча” (2003). Займаецца даследаваннем беларускай літаратуры. Ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 2015 года.




Крыстафер Леандоэр

Шведскі паэт, перакладчык і літаратурны крытык. Нарадзіўся 6 траўня 1962 года ў Стакгольме. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў. Вершы Крыстафера Леандоэра змешчаныя ў кнізе “4+4+4” (пераклады Р. Барадуліна і А. Разанава). Асобныя вершы Леандоэра пакладзеныя на музыку Змітром Вайцюшкевічам для альбома “Чара”.





Арнольд Макмілін

Брытанскі філолаг-славіст, доктар філалогіі, папулярызатар беларускай літаратуры. Нарадзіўся 21 чэрвеня 1941 года ў Ньюкасле. Сябра Англа-беларускага таварыства. Аўтар прац “The Vocabulary of the Byelorussian Language in the 19th Century” (1971), “A History of Byelorussian Literature from its Origins to the Present Day” (1977), “Belarusian Literature in the 1950s and 1960s. Release and Renewal” (1999), “Belarusian Literature of the Diaspora” (2002), “Writing In A Cold Climate: Belarusian Literature From The 1970s To The Present Day” (2010). Сумесна з Верай Рыч пераклаў на ангельскую паэму “Тарас на Парнасе” (1977). Напісаў прадмовы да зборніка беларускай паэзіі “Снуецца зданяў рой” (Лондан, 1982) і зборніка вершаў Л. Геніюш.


Юка Малінен

Фінскі паэт, эсэіст, славіст, перакладчык, ганаровы сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра. Нарадзіўся 3 чэрвеня 1950 года ў Лахці, Фінляндыя. Творы Юкі Малінена перакладаліся на рускую, казахскую, кіргізскую, эстонскую, літоўскую, беларускую, шведскую і ангельскую мовы. Пераклаў на фінскую мову вершы Уладзіміра Някляева, пераклады выйшлі зборнікам пад назвай “Чырвоны захад” (2013), за які Юка Малінен атрымаў прэстыжную прэмію “Танцуючы мядзведзь”.



Адам Паморскі

Польскі перакладчык, эсэіст, літаратурны крытык, старшыня Польскага ПЭН-Клуба з 2010 года. Нарадзіўся ў 1956. Перакладае паэзію і прозу з рускай, нямецкай, ангельскай, беларускай і ўкраінскай моваў. Пераклаў на польскую творы Ё. В. Гётэ, Ф. Дастаеўскага, Р. М. Рыльке, В. Хлебнікава, І. Буніна, Ў. Блэйка, С. Ясеніна, Т. C. Эліята, Г. Ахматавай, В. Мандэльштама, Я. Замяціна. З беларускай мовы пераклаў значную частку вершаў для анталогіі беларускай паэзіі ад ХV да ХХ стагоддзя “Nie chyliłem czoła przed mocą” (2007) і анталогіі маладой беларускай паэзіі “Pępek nieba” (2007), цалкам пераклаў і падрыхтаваў зборнік вершаў Уладзіміра Някляева “Poczta gołębia” (2011).




Марыя Сёдэрберг

Шведская журналістка, пісьменніца, грамадская дзяячка, фатограф. Нарадзілася ў 1959 годзе у Ар'еплогу, Лапландыя. Прадусарка штогадовых Дзён беларускай і шведскай літаратуры ў Беларусі, якія з 2002 па 2011 год праходзілі ў Берасцейскай вобласці. У апошнія гады пасля шматразовых адмоваў Марыі Сёдэрберг у беларускай візе Дні ладзіліся ў суседніх краінах — Літве, Польшчы, Украіне. Паводле гэтых паездак арганізавала выданне зборніка твораў беларускіх пісьменнікаў “Språket som svalan bor i dess hjärta” (2011). Шматкроць ініцыявала ўдзел беларускіх аўтараў, у тым ліку лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч (2015) у такіх культурных падзеях, як Гётэборгскі кніжны кірмаш у Швецыі. Ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 2015 года.




Чэслаў Сэнюх

Перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову. Нарадзіўся ў 1930 годзе ў мястэчку Любча на Наваградчыне. Яго сям’я ў 1950 годзе рэпатрыявалася ў Польшчу. Чэслаў Сэнюх скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, пачаў перакладаць з рускай, а потым і з беларускай моваў. Пераклаў на польскую паэму “Новая зямля” Якуба Коласа, трагікамедыю “Тутэйшыя” і вершы Янкі Купалы, кнігу Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна “Калі рукаюцца душы”, апавяданні Янкі Брыля, раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча, “Аблаву” Васіля Быкава і інш.


Ян Чыквін

Беларускі паэт, які жыве ў Польшчы, гісторык беларускай і рускай літаратураў, доктар гуманітарных навук, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 18 траўня 1940 года на Падляшшы. Сябар Польскага таварыства русістаў (з 1969), Саюза польскіх пісьменнікаў (з 1970), Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (з 1991), прэзідэнт Беларускага літаратурнага таварыства “Белавежа” (з 1989). З 1990 — рэдактар выдавецкай серыі “Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, з 1998 — часопіса “Тэрмапілы”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Іду” (1969), “Святая студня” (1970), “Неспакой” (1977), “Светлы міг” (1989), “Кругавая чара” (1992), “Свет першы і апошні” (1997). Аўтар зборніка “Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа” (1997). Жыве ў Бельску-Падляскім.


Стэфан Эрыксан

Шведскі дыпламат, з 2008 па 2012 гады — надзвычайны і паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь. Нарадзіўся 18 сакавіка 1962 года ў Вестэросе, Швецыя. У 1989 годзе скончыў Вышэйшую школу эканомікі ў Стакгольме. З 1992 — супрацоўнік МЗС Швецыі. Працаваў з дыпламатычнымі місіямі ў Маскве, Брусэлі, Санкт-Пецярбургу і Мінску. Перакладае з беларускай на шведскую.