Пошук

Польская дзіцячая літаратура


Беларускія перакладчыцы раскажуць, што адбываецца ў сённяшняй польскай літаратуры для дзяцей і чым яна адрозніваеца ад беларускай літаратуры; якія цікавыя кнігі былі перакладзеныя і з’явіліся на паліцах беларускіх кнігарняў у апошнія гады; якія аўтары і творы толькі чакаюць свайго пераўвасаблення па-беларуску, а таксама чым адметная польская кніжная ілюстрацыя.
Чарговае спатканне з цыклу “Санаторый пад клепсідрай” будзе прысвечана сучаснай дзіцячай прозе.
  • Дзеткам ад трох да пяці год будзе цікава, хто такі Галляш Бяляшык? Чаму ў яго такое дзіўнае імя і хто жыве ў яго нагруднай кішэні? Ці можна дазваляць незнаёмым дзецям заходзіць у дзіцячы садок?
    (Анджэй Марэк Грабоўскі “Галляш Бяляшык”)
  • Дзеці ад шасці да дзесяці могуць дазнацца, як правільна загадваць жаданні, калі табе ў рукі трапляе чароўны прадмет накшталт магічнага крэсла, што рабіць са злой цёткай, выпадкова ператворанай у маленькую дзяўчынку, як страшна бывае, калі цябе раптам разлюбілі мама і тата, і што рабіць, каб вярнуць лад у сям’ю?
    (Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла”)
  • Хто цікавіцца светам сабак, з прыемнасцю дазнаецца пра Іпаліта Шланга, а таксама пра тое, як рабіць сэлфі… з друшляком, як выглядае сабачы інтэрнэт-партал “Наша будка” і чаму каты не маюць такіх дзівацтваў.
    (Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”)
  • Якія незвычайныя прыгоды могуць здарыцца на, здавалася б, самым звычайным гарадскім падворку? Ці сапраўды папараць-кветка спаўняе жаданні, у шкарпэтках растуць чорныя дзіркі, а арэлі пад дзеяннем чараў могуць ажыць? І нарэшце, як спалучыць самыя смешныя прыгоды з найсур’ёзнейшай экалагічнай праблематыкай?
    (Катажына Рырых “Лапуховае поле”)
У размове ўдзельнічаюць перакладчыцы Марыя Пушкіна і Марына Шода, а таксама перакладчыца і дзіцячая пісьменніца Ганна Янкута. Мадэратар Андрэй Хадановіч.
Сустрэча адбудзецца ў прамым эфіры ў аўторак 23 сакавіка а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.