Чытанні з Гедройцем


27 ліпеня 1906 года ў Мінску нарадзіўся знакаміты польскі выдавец і публіцыст Ежы Гедройць (1906-2000), нязменны рэдактар культавай парыжскай “Культуры”, палітычны мысляр, што задоўга да распаду СССР прадказаў і абгрунтаваў неабходнасць раўнапраўных партнёрскіх адносін Польшчы з постсавецкімі краінамі-суседзямі, у тым ліку – з незалежнай Беларуссю. У 2011 годзе, абвяшчаючы галоўную незалежную ўзнагароду для беларускіх празаікаў, заснавальнікі выбралі яе сімвалічным патронам менавіта Ежы Гедройця.

30 ліпеня (чацвер) а 15.00 на анлайн-пляцоўцы Беларускага ПЭН-цэнтра пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Зробім лепш 2020” адбудзецца літаратурная анлайн-вечарына: пісьменнікі-лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця розных гадоў паразважаюць пра польскага выдаўца, аднайменную ўзнагароду і яе ролю ў сучасным беларускім літаратурным працэсе, а таксама прачытаюць фрагменты сваіх новых твораў.

Удзельнічаюць Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Зміцер Бартосік, Павал Касцюкевіч, а таксама намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Тацяна Нядбай. Мадэратар Андрэй Хадановіч.