Дзмітрый Рубін



Празаік, паэт, калумніст.


Вільня. Два тыдні. Чужамоўе і чужалюддзе. Самае месца, каб пераглядзець, пераслухаць, перачытаць.

Зараз я праходжу другі год у Школе маладога пісьменніка. Мне падавалася, што сваю аповесць я завяршыў яшчэ ў сакавіку. У Вільню я ехаў, каб рэдагаваць, праводзіць касметычны рамонт, з кропкавым глыбокім умяшальніцтвам.

Касметычны рамонт сапраўды быў праведзены — і на гэтым усё. Астатняе я пераасэнсоўваў, спрабаваў злавіць рытм і бачыў усё больш і больш прабелаў і прагалаў.

Вільня. Два тыдні. У фэйсбуку на маёй старонцы яны прадстаўлены чатырнаццаццю допісамі. Там жа некалькі віленскіх вершаў. Усё падманліва шчыра, прэзентацыйна суб’ектыўна, часам рэзка, часам пяшчотна, часам не мне вырашаць як. У якасці прыкладу і адначасова працягу гэтай справаздачы — апошнія два лісты-водгукі з Рэзідэнцыі маладога літаратара.

24 красавіка
Вільня.

Перадразвітальны.


У парку на беразе Віліі квітнее сакура. Сапраўдная сакура. Квітнее.


Напэўна, я яшчэ вельмі няшмат бачыў у гэтым жыцці, але пакуль нічога не бачыў прыгажэй. Мне хацелася ўвабраць у сябе гэта ўсё... гэты водар, гэту немагчымасць ісці далей, бо навошта куды ісці, калі я ўжо ўбачыў жыццё.
Сакура. Японцу, які ў Літве ратаваў яўрэяў, парушаючы ўсе законы гэтага абмежаванага межамі свету... 

Чаму ў гэтым свеце яшчэ столькі нянавісці?..

Гэты сад/парк на беразе Віліі — памяць вялікаму чалавеку. Мне падаецца, такой і павінна быць памяць. Не назвамі вуліц, помнікамі, шыльдамі, музеямі, а вось гэтай імклівай і неахопнай прыгажосцю. Памяць пра жыццё павінна быць жывой.

25 красавіка
Вільня.

Апошні дзень.

Збіраюся :-) Здаецца, што назад вязу менш, чым сюды.

Сёння сонечна. У Мінску, мабыць, таксама. Не першы раз канвертую вясну.

Здаецца, усё атрымалася. Я не зрабіў столькі, колькі хацеў, але атрымаў больш, чым мог хацець.

Па-ранейшаму лічу, што 7 дзён у Рахаве з табой прайшлі б больш прадуктыўна.

Але вы ведаеце, як патрэбна адзінота? Не "прудкоўская" адзінота, а адзінота сярод. У гэтым пекле для мізантропаў, для людзей, якім патрэбна цішыня, для людзей, якія жадаюць знікнуць. Гэта адзінота б'е па вушах і па вачах і па далонях і ўрываецца ў тваю галаву, каб — не паверыце — усё там расставіць па сваіх месцах.

Сны пра Беларусь мне так і не сніліся. Мабыць, я не бачу ніякай Беларусі. Толькі бязмежны свет людзей, якім няма чым заняцца і яны дзеляць Зямлю.

Праз тры гадзіны (крыху менш) цягнік. Я вяртаюся. Я вяртаюся шчаслівы. Я вяртаюся дадому.

Чакайце.

Шчыра дзякую ўсім, хто падарыў мне гэты па-сапраўднаму прадуктыўны адпачынак.

Рэзідэнцыя маладога літаратара