Даша Бялькевіч




Паэт, арганізатар літаратурных мерапрыемстваў, журналіст.

Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (дарма). Скончыла Беларускі калегіюм па спецыяльнасці «Філасофія і літаратура».

Удзельніца фестываляў «Вершы на асфальце» і «Мистецького фестиваля «Ї» (Тэрнопаль, Украіна), пераможца слэмаў «Сильное слово» і слэма Беларускага калегіюма, адна з арганізатараў паэтычных вечароў «ARTJAM», «Вершы ByKava» і конкурсу «Рухавік». Фіналістка беларуска-нямецкага конкурсу сучаснай паэзіі фонду Роберта Боша для маладых паэтаў.


Напэўна, я той рэдкі чалавек, які пры моцнай заангажаванасці ў беларускую культуру быў у Вільні ўсяго адзін раз, і тое праездам.

Таму два тыдні ў Вільні, ды яшчэ з галоўнай опцыяй “ствараць”, сталі для мяне важнай і запамінальнай часткай года.

Я невылечны тапаграфічны крэтын, і калі б GoogleMaps умеў размаўляць, ён бы агучваў гэта кожны раз, калі я шукаю нейкае месца. Я моцна баялася, што заблукаю ў горадзе і ніхто мяне не хопіцца. Таму захавала кучу мапаў і карцінак розных раёнаў Вільні, каб быць хоць крыху падрыхтаванай. Хаця сябры супакойвалі і казалі: Даша, рылэкс, колькі там той Вільні, няма дзе блукаць. Але хваляванне не сыходзіла.

Я паставілася да Вільні як да жывой істоты. Паспрабавала яе зразумець, палюбіць і выказаць ёй свае думкі. Тыпу: хэй, горад, я ж выйду да цэнтра, калі пакрочу па гэтай вуліцы, праўда? І ведаеце, што? Я ні разу не заблукала ў Вільні. Ні разу. Для мяне гэта як прызнанне ў каханні. Але я чатыры разы натыкалася на дарожныя знакі, дзе была пазначаная колькасць кіламетраў да Мінска і Ліды. Горад як бы нагадваў мне: даражэнькая, я цябе, канечне, люблю, але ведай сваё месца.

Яшчэ я прыйшла да высновы, што праз вузкасць гарадскіх вулачак у Вільні амаль няма тлустых людзей і шмат клаўстрафобаў.

Што тычыцца творчасці, то я нарэшце разабрала ўсе свае пакрэмзаныя паперкі: штосьці выкінула, штосьці склала, штосьці дапісала. І, канечне, за два тыдні cхапіла новых уражанняў, думак, сюжэтаў, якія ператварыла ў вершы (ці планую гэта зрабіць у бліжэйшы час).

Мне было крыху самотна ў Вільні, бо я экстраверт, і мяне ўвесь час цягнула з кімсьці паразмаўляць і падзяліцца тым, што са мною адбываецца. І расказаць менавіта вочы ў вочы. Праз сваю прагу да камунікацыі я ўвесь час трапляла ў нейкія неверагодныя сітуацыі і знаходзіла розныя прыгоды. Мяркую, гэта таксама знойдзе адлюстраванне ў маіх вершах:)

А яшчэ ўвесь час ішоў дождж, паліваючы мае і так “сырыя” вершы. І толькі таксісты радаваліся дажджу.