Аліна Длатоўская




Нарадзілася 26 лістапада 1994 года ў Мінску. Скончыла Лінгвагуманітарны каледж пры МДЛУ і Школу маладога пісьменніка. Вучыцца ў ЕГУ на спецыяльнасці “Культурная спадчына і турызм”. Дэбютавала з фэнтэзі пра беларускіх супергерояў “Ген Зямлі”. Піша наступную кнігу — фэнтэзі, заснаванае на беларускай міфалогіі. Усё лета правяла “не дома”.


І зноў дарога. І зноў выклік. Два тыдні ў Рэзідэнцыі маладога літаратара. Выклік не ў тым, каб дапісаць. Ведаю, што не дапішу.

Выклік у тым, каб вытрымаць чатырнаццаць дзён з невыноснай сабой і крыху менш невыноснымі чалавекамі ў галаве…

Я вельмі не люблю адзіноту. Я баюся адзіноты. З дзяцінства. Ёсць у ёй нешта незваротнае. Так, відаць, і пачалося маё пісьменніцтва. Бо пакуль хлопцы ў маёй галаве сварацца, хто з іх галаўнейшы герой, я адзіноты не адчуваю.

У пакоі нумар трынаццаць мы жывем утрая. Калі я пішу пра кагосьці аднаго, мне потым даволі цяжка пераключацца на іншага. Але ў Рэзідэнцыі гэта атрымліваецца надзіва проста. Мабыць, таму што ціха.

Я часта бываю ў Вільні. Я няблага ў ёй арыентуюся, ведаю, у якую раку ўпадаюць маленькія ручайкі вузкіх вулачак і куды я прыйду, калі раптам павярну вось тут. Тым не менш усё, што я зразумела за чатырнаццаць дзён пра Вільню: ніхалеры я не ведаю Вільню.

Для мяне Мінск — гэта любоў. Гэта калі ты ведаеш касякі і заганы, бесішся ад недахопаў, але ўсё адно любіш. Бо не можаш не любіць. Бо гэта тваё. Вільня — гэта закаханасць. Сімпатычная мардашка, на якую заліпаеш, цудоўна ўсведамляючы, што, хутчэй за ўсё, вы ніколі не будзеце разам. Я часта бываю ў Вільні. Але ніколі раней — так доўга. Цікава, два тыдні можна лічыць “адносінамі”? Я пішу ў Вільні пра Мінск. Надзіва, атрымліваецца лепш, чым у Мінску.

У Мінску я прымушаю сябе пісаць, нават калі няма жадання. Бо разумею, што заўтра на працу, паслязаўтра важная сустрэча і некалькі дэдлайнаў па вучобе, а на выходных варта было б дапамагчы бацькам на лецішчы. У Рэзідэнцыі можна адкласці асадку і пайсці паціскаць класнага каменнага коціка. Даць сабе час.

У Рэзідэнцыі сабраўся, як пазл, поўны план кнігі. Усе сюжэтныя твісты стыкуюцца, а ўсе героі, здаецца, паводзяць сябе лагічна. Прынамсі, тыя, хто павінны. У Рэзідэнцыі напісалася нямала глаў ды няпростых момантаў. У некаторыя дні я нават не выходзіла ў горад — гісторыя не адпускала. Хаця быць у Вільні і не гуляць па Вільні — даволі складана.

Але Рэзідэнцыя не толькі для таго, каб пісаць. Яна ачмурэнна прачышчае галаву. Я даўно не адчувала так ясна, чаго я хачу і куды трэба рухацца.
Дзякуй.