Пошук

Журы прэміі Шэрмана абвясціла доўгі спіс


Журы зацвердзіла доўгі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў. 

Журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. 

“Найперш хочацца падзякаваць усім выдаўцам і перакладчыкам за тую вялікую працу, якая стаіць за кожнай кнігай. Мінулы год, на жаль, нельга назваць багатым на перакладныя выданні, аднак на прэмію былі вылучаныя вельмі цікавыя і годныя творы. У журы не было вялікіх разыходжанняў у працэсе зацвярджэння доўгага спісу, хоць, безумоўна, не ўсе пазіцыі былі абраныя адзінагалосна: журы звяртала ўвагу не толькі на сам пераклад, не толькі на тое, якім чынам вырашаліся розныя лінгвістычныя задачы, але і на рэдактарскую працу. Хацелася б яшчэ адзначыць, што многія кнігі – гэта творы сучасных замежных аўтараў, такім чынам, і перакладчыкі, і выдаўцы сапраўды нас парадавалі”,

– дзеліцца ўражаннямі сябра журы прэміі Аксана Данільчык.

У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў. Выкладчыца, перакладчыца і рэдактарка Вольга Калацкая, на жаль, не зможа працягваць сваю працу ў складзе журы.

Доўгі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2021

Пераклад прозы

  • Лявон Баршчэўскі, пераклад з нямецкай – Франц Кафка “Працэс”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Вольга Гронская, пераклад з нямецкай – Даніэль Кельман “Тыль”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  • Яніна Кісялёва, пераклад з польскай – Антоні Эдвард Адынец “Успаміны пра мінулае”. Выдавецтва “Лімарыус”, Мінск, 2020.
  • Алена Талапіла, пераклад з нямецкай – Фелікс Акерман “Аўташкола па-віленску”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня, 2020.
  • Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Міленка Ергавіч “Арэхавы палац”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.
  • Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Салі Руні “Нармальныя людзі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.

Пераклад паэзіі

  • Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай – Стэйн Стэйнар “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Цін Уевіч “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Алесь Плотка, пераклад з украінскай – Юры Іздрык “Папяросы”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск, 2020.
  • Андрэй Хадановіч, пераклад з рускай – Сямён Ханін “Уключаючы рэшту”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня, 2020.
  • Юля Цімафеева, пераклад з англійскай – Стывен Крэйн “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.

Пераклад дзіцячай кнігі

  • Алена Казлова, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгая Панчоха” і “Піпі Доўгая Панчоха падымаецца на борт”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск, 2020.
  • Надзея Кім, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Роня, дачка разбойніка”. Выдавецтва “Пазітыў-цэнтр”, Мінск, 2020.
  • Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж.К. Роўлінг “Гары Потэр і таемная зала”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  • Марына Шода, пераклад з польскай – Анджэй Марэк Грабоўскі “Галляш Бяляшык – сябра цмокаў”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Мінск, 2020.
  • Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай – Мая Лундэ “Снежная сястра”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  • Ганна Янкута, пераклад з польскай – Катажына Рырых “Лапуховае поле”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.

У 2020 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Ігар Кулікоў (пераклад паэзіі), Сяргей Матырка (пераклад дзіцячай кнігі) і Кацярына Маціеўская (пераклад прозы).


Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні па прэміі можна, напісаўшы на [email protected].