Пошук

Турцыя: пісьменніку Явузу Экінчы пагражае турма за публікацыі ў сацыяльных сетках


Фота: Явуз Экінчы

Турэцкія ўлады павінны зняць усе абвінавачванні з Явуза Экінчы, заявіў сёння PEN International, паколькі пісьменніку пагражае да сямі з паловай гадоў турмы за яго публікацыі ў сацыяльных сетках. Першае слуханне па гэтай справе адбудзецца 9 верасня. Арганізацыя таксама заклікае ўлады спыніць выкарыстанне празмерна шырокіх законаў аб барацьбе з тэрарызмам для абмежавання мірнага выказвання меркаванняў – як анлайн, так і афлайн.

Явуз Экінчы быў абвінавачаны ў “прапагандзе тэрарызму” паводле артыкула 7/1 і 2 Закона аб барацьбе з тэрарызмам № 3713 за восем твітаў, апублікаваных на ягонай старонцы ў Твітэры ў 2013 і 2014 гадах. Гэтыя твіты, ні адзін з якіх не прапагандаваў і не заклікаў да гвалту, у асноўным тычыліся святкавання Новага года ў Дзіярбакыры (Паўднёва-Усходняя Турцыя) і бітвы за Кобане ў Сірыі. Абвінавачанне было вынесена на фоне працяглых рэпрэсій, у выніку якіх за апошнія гады ў Турцыі дзясяткі тысяч людзей былі прыцягнутыя да адказнасці за свае паведамленні ў сацыяльных сетках. Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што толькі за першыя сем месяцаў 2020 года яно ўзбудзіла судовыя справы супраць 6 743 карыстальнікаў.

“Рэгулярныя атакі турэцкіх уладаў на людзей, якія мірна выказваюць меркаванне ў Інтэрнэце, не падаюць прыкмет паслаблення і прымушаюць да самацэнзуры. PEN International неаднаразова асуджаў выкарыстанне празмерна шырокіх законаў аб барацьбе з тэрарызмам для пакарання іншадумства. Твіты Явуза Экинчи ні ў якім разе нельга разглядаць як прапаганду тэрарызму. Мы заклікаем турэцкія ўлады зняць з яго гэтыя абсурдныя абвінавачванні і прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння свабоды слова ў Інтэрнэце”,

– сказаў Саліл Трыпатхі, старшыня Камітэта пісьменнікаў у няволі PEN International.

Беларускі ПЭН-цэнтр далучаецца да заявы PEN International і патрабуе неадкладна зняць усе абвінавачванні з Явуза Экінчы. Ніхто не павінен быць асуджаным за мірнае выказванне свайго меркавання.

Арыгінал заявы па спасылцы.