Пошук

“Гэта не тое, што я ўяўляў”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 23-29 жніўня 2021


Фота: па матывах вокладкі да "Кнігі ўзнаўленняў" Алеся Разанава
"Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, анічога — усё ж ідзі, любі, крычы і пасягай на перамогу". Алесь Разанаў  

Спампаваць pdf-версію 47-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Дзмітры Кукс

21 жніўня Дзмітры Кукс, былы артыст ансамблю «Харошкі», павінен быў выйсці на волю пасля 15-суткавага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», але адразу пасля вызвалення сілавікі пасадзілі яго ў цёмна-сіні мікрааўтобус і звезлі ў невядомым кірунку. 23 жніўня на мужчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і пакаралі 12-суткавым арыштам.

Дзяніса Ільінчыка пакаралі 14-суткавым арыштам за налепку з “Пагоняй” на машыне.

Сяргей Балахонаў, жыхар Гомеля, атрымаў год калоніі за захаваную «ВКонтакте» песню «Лукашенко, уходи!», што падпала пад фармуліроўку «абраза прэзідэнта». 

Андрэй Пятроўскі

Андрэя Пятроўскага, былога настаўніка са Смаргоні, пакаралі 1,5 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тое, што ў сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку Грамадазнаўства відэаролік пра Канстытуцыю з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі эктрэмісцкім.

Тарас Тарналіцкі, кінакрытык, 25 жніўня быў выкліканы ў якасці сведкі ў ГУБАЗіК. Дэталі справы не паведамляюцца. Яго адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні.

Аляксандр Дуброўскі

Аляксандр Дуброўскі – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, паэт і літаратуразнаўца, «па пагадненні бакоў» сышоў з факультэта журналістыкі БДУ. Падставай для звальнення стаў яго подпіс пад калектыўным зваротам супраць гвалту і беззаконня.

Ігар Карпенка, Міністар адукацыі, заявіў, што «паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб’яднанняў у большасці выпадкаў выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, рабіліся апорай для каляровай рэвалюцыі».

Улады ліквідуюць гомельскую грамадскую арганізацыю “Талака” – яна з 1980-х гадоў займалася адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклора і рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў.

Мінгарвыканкам вырашыў ліквідаваць «Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Арганізацыя штогод праводзіла фестываль тэатральнага мастацтва ТЕАРТ і кінафестываль «Лістапад», якія сталі форумамі еўрапейскага ўзроўню, а таксама займалася праектам TheatreHD, дзякуючы якому беларусы маглі глядзець найлепшыя замежныя спектаклі, і прывозіла ў Беларусь знакавыя для сусветнай культуры кінастужкі.


Жыццё ў няволі

Марыя Калеснікава

Па дарозе ў суд Марыя Калеснікава чытае канваірам лекцыі пра сусветна вядомых кампазітараў. Пішуць таксама, што «падчас канваявання з СІЗА ў суд у Марыі ёсць магчымасць разглядаць неба і дахі дамоў, а вось у залі пасяджэнняў з акна нічога не відаць праз фіранкі». У судзе Марыя адмаўляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас.

Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак у штрафным ізалятары. Тэрмін яго знаходжання там складае ўжо 30 сутак.

Андрэй Пачобут

Андрэю Пачобуту, журналісту, сябру Саюза палякаў у Беларусі, працягнулі тэрмін у СІЗА да 26 лістапада – пайшоў шосты месяц з яго затрымання. Ён прынцыпова адмовіўся з’язджаць з Беларусі. Андрэя вінавацяць у распальванні нацыянальнай варожасці (ч.3 арт. 130 КК), яму пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. 

У Ксеніі Луцкіной – былой журналісткі БТ, якая здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы – расце пухліна галаўнога мозгу. Ксенія восем месяцаў знаходзіцца за кратамі. Спачатку яе звязвалі са «справай Прэс-клуба» і вінавацілі ў саўдзеле ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Але пасля таго, як гэту справу закрылі, на Ксенію завялі новую.

Уладзімір і Надзея Калач

Аляксандру Васілевічу зноў падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай. Ёе знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль год.

Сваякі Уладзіміра і Надзеі Калач, зняволеных музыкаў з гурта Irdorath, атрымалі першыя лісты з турмы. 

Уладзімір дзеліцца перажываннямі за сяброў, што трапілі ў гэтае складанае становішча цалкам выпадкова. Піша, што спачатку яму было складана прыняць тое, што здарылася, але паступова становіцца лягчэй. Ён вучыцца радавацца кожнай дробязі, нават траве, што прабіваецца праз цаглінкі, небу ў акенцы, кароткай прагулцы на вуліцы.

З ліста Надзеі зразумела, што яна стараецца трымацца малайцом, наколькі гэта магчыма. З Вовам ловяць поглядамі адно аднаго праз шчыліну, калі іх праводзяць па калідоры.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Міжнародны фестываль пластычных і танц-спектакляў PLASTFORMA адбываецца ў Мінску з 24 жніўня па 1 верасня. Фестываль праводзіцца штогод з 2013 года, а сёлета – яго апошні сезон.

Распачатая кампанія па стварэнні лічбавага архіву легендарнага беларускага рок-гурта “Новае Неба” і фільма пра беларускі рок. Гурт лічыцца адной з галоўных з’яваў на музычнай сцэне Беларусі 90-х. 

“Новае неба”

Уладзімір Мацкевіч, fly-uni.org

Паплечнікі Уладзіміра Мацкевіча стварылі ў Фэйсбуку адмысловую старонку, якую будуць весці ад яго імя, каб працягваць мысленне і знайсці выйсце разам. 

Свет пабачылі “Выбраныя творы” Пятра Васючэнкі (1959-2019), таленавітага беларускага літаратуразнаўца, крытыка, празаіка, драматурга, эсэіста, казачніка, педагога, кандыдата філалагічных навук.

На “Добрым канале” распачалася новая рубрыка. У першым выпуску актор Аляксандр Ждановіч чытае ўрывак з твора Я​​на Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. 

Малюнак ад мастака Алеся Пушкіна з-за кратаў.

Малюнак Алеся Пушкіна

Абласное Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне і «Кушлянскі фэст» на Смаргоншчыне адбыліся 28 жніўня. 

У Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку 28 жніўня запрацавала выстава да 85-гадовага юбілею Генадзя Бураўкіна, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага паэта, дзяржаўнага дзеяча, першага прадстаўніка незалежнай Беларусі ў ААН.

Выстава да юбілею Генадзя Бураўкіна

Жыхары Драгічына дамагліся, каб тры вуліцы ў горадзе займелі назвы, звязаныя з краем, у той час як гарадскія ўлады планавалі назваць іх імёнамі і рэаліямі, звязанымі з Расіяй.

Naviband у творчай супрацы з Ryan O’Reilly выпусцілі англамоўную версію песні “Девочка в белом”. 

Алекс Ключко, беларуская дызайнерка адзення, якая вучыцца ва Універсітэце Осла, ствараючы сваю выпускную калекцыю “Генерацыя Ў”, натхнялася беларускай гісторыяй, і кожны прадмет адзення – гэта своеасаблівы код, які трэба расшыфраваць.

Анлайнавы паказ спектакля “Trash Cuisine” Беларускага Свабоднага тэатра паводле п’есы Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды. 

Народнае антыкрызіснае кіраванне даслала ў ЮНЭСКА зварот, заклікаючы звярнуць увагу на рэпрэсіі супраць культуры і культурных дзеячоў у Беларусі і аказаць падтрымку беларусам.

Ліза Лянкевіч: партрэт Алеся Разанава (1947-2021)


Галасы асобаў

Аксана Колб

Аксана Колб, галоўная рэдактарка газеты “Новы час” пра ціск на газету і рэдакцыю: 

“У Беларусі для таго, каб цябе кінулі за краты сёння, не трэба рабіць штосьці супрацьзаконнае. Кожны з нас сёння, заўтра, паслязаўтра можа апынуцца там. Але гэта не значыць, што мы павінны спыняць сваю працу. Я лічу, што гэта ўсё робіць нас толькі мацнейшымі. Ніхто з рэдакцыі пакуль што не з’ехаў з краіны і не збіраецца. Мы ўсе працуем тут”.

Максім Швед

Максім Швед, кінарэжысёр і фатограф:

“Мой асабісты гештальт ужо закрыты, як ні дзіўна. Для мяне важна, што цяпер час кіравання Лукашэнкі ўжо не будзе атаясамлівацца з часамі пакорнай дэградацыі, калі за яго была большасць. Цяпер усе ведаюць, што ён не герой. Хто б ні пісаў у будучыні падручнік гісторыі, як бы яго ні пісаў, праўда пра тое, што ён зрабіў, застанецца назаўжды. Як і тое, што зрабілі людзі. Я ўсцешаны тым, што лукашэнкаўская дыктатура безгустоўнасці і гвалту паказала свету сваё аблічча”.

Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг, адзін з найвыбітнейшых інтэлектуалаў сучаснай Беларусі, знаходзячыся ў СІЗА ў Мінску, пісьмова адказаў на пытанні DW пра сваё стаўленне да абвінавачвання, развіццё сітуацыі ў краіне і звярнуўся да беларусаў:

“Рэжым арыштаваў лідараў, здушыў і запалохаў актывістаў, адчуў сябе беспакараным, таму бярэцца за ўсё, што з’яўляецца крыніцай любых перамен, прагрэсу, нясе пагрозу дыктатуры і самавольству. Узяўся і за свабодную думку. Рэпрэсіі супраць філосафаў і інтэлектуалаў характэрныя для таталітарных рэжымаў, якія прэтэндуюць на поўную перабудову свету, а для аўтарытарных рэжымаў – гэта, хутчэй, казус і промах. Але раз ужо рэжым на гэта пайшоў, ён паставіў сябе ўпоравень з самымі бесчалавечнымі рэжымамі XX стагоддзя”.


Міжнародная салідарнасць

Банэр у Варшаве

 

Анлайн-выстава, прысвечаная году пасля выбараў у Беларусі – на ўкраінскай і англійскай мовах. 

У чэшскай газеце Denikn выйшаў матэр’ял пра Анастасію і Вікторыю Міронцавых – палітзняволеных мастачак. 

У Варшаве на будынку Цэнтру сучаснага мастацтва Zamek Ujazdowski з’явіўся банэр з заклікам вызваліць беларускага мастака Алеся Пушкіна.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 


У жніўні 9 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, спраўляюць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Пятро Марчанка, музыка гурта of Irdorath (16 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня), Уладзімір Калач, музыка гурта of Irdorath (31 жніўня).

Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы