Пошук

“Мы вернем свой дом. І будзем у ім свабоднымі”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 9-15 жніўня 2021


Фота: па матывах фота Diana Olesyuk
“Я лёгка адмаўляюся ад аўтарства на карысць свабоды”. Невядомая аўтарка  

Спампаваць pdf-версію 45-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пазіцыя Рады Беларускага ПЭНа адносна
судовага працэса і рашэння аб ліквідацыі

9 жніўня Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі ПЭН-цэнтр” ліквідаванае рашэннем Вярхоўнага суда, а менавіта суддзёй Сакалоўскай Г.М., прадстаўніком Мінюста Печкуровым А.У. і прадстаўніцай Генеральнай пракуратуры Кавальчук І.А.

Рада Беларуская ПЭН-цэнтра займае наступную пазіцыю з гэтай нагоды:

“Мы чуем з дзяржаўных СМІ наўпрост сфармуляваныя пагрозы “пусціць пад нож” тых, хто супраць; адкрыта артыкуляваную пазіцыю “часам не да законаў”; і без суду і следства агучаныя ў бок 185 недзяржаўных арганізацый абвінавачванні ў дэструктыўнасці іх структур, “якія ўяўляюць сабой патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы”.

Гэта ўсё адкрыта сведчыць пра наяўнасць палітычнай замовы зверху на “зачыстку” грамадзянскага сектара, што ў сваю чаргу робіць пазоўнікаў і суддзяў выканаўцамі гэтай замовы. А наша, так сказаць, “віна” заключаецца ў нашай нязгодзе з рэпрэсіямі, з гвалтам, у адстойванні свабоды слова і ідэалаў гуманізму. І калі ў гэтым наша віна – нам не сорамна. Мы ганарымся сваёй працай, нашымі сябрамі, партнёрамі, валанцёрамі.”


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Міхаіл Кляпец

Міхаіла Кляпца, спевака і актора, 9 жніўня затрымалі каля крамы, у яго дома адбыўся ператрус – забралі ўсе грошы, астатнія рэчы пакінулі, а самаго Міхаіла асудзілі на 15 сутак за “непадпарадкаванне” міліцыі.

Дзмітрыя Куксу, артыста ансамбля “Харошкі”, затрымалі пасярод вуліцы, пасля правялі ў яго дома ператрус і арыштавалі на 15 сутак. 

Алега Дзьячкова, экскурсавода і старшыню магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, за рэпост з “Белсата” (унесенага ўладамі ў спіс «экстрэмістаў») асудзілі  на 15 содняў і забралі тэхніку.

Андрэй Пятроўскі, настаўнік гісторыі са Смаргоні, які ў сакавіку на ўроку расказаў пра нацыянальны сцяг, спачатку быў звольнены, а пасля на яго завялі крымінальную справу – ч.1 арт.367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Кацярына Ваданосава

Кацярына Ваданосава – музыка, паэтка, тэлевядоўца – вымушаная была пакінуць Беларусь разам з сям’ёй. 

Газета «Новы час» спыняе выхад на паперы: друкарні адмаўляюцца супрацоўнічаць з рэдакцыяй. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 году шэраг незалежных друкаваных выданняў сутыкнуўся з праблемамі – ім адмаўлялі ў паслугах друкарні, а «Белпошта» выключала іх з падпісных каталогаў.

Таццяна Вадалажская 14 жніўня выйшла на волю пасля 10-суткавага арышту на Акрэсціна. Яна застаецца ў статусе падазраванай па арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Жыццё ў няволі

Аляксандр Фядута

Па стане на 12 жніўня 2021 года ў Беларусі 631 асоба прызнаная палітвязнямі. Як мінімум 40 палітвязняў належаць да дзеячаў культуры.

Марына Шыбко, жонка зняволенага сябра ПЭНа Аляксандра Фядуты расказала апошнія навіны ад мужа. Вядомы паліттэхнолаг і філолаг ужо 4 месяцы знаходзіцца ў турме, па абвінавачанні ў “змове” супраць дзяржаўнага ладу. Утрыманне Фядуты пад вартай падоўжылі да 12 кастрычніка, але ён з турмы піша, што збіраецца сустрэць там і дзень нараджэння, і Новы год. Аднавілася магчымасць замаўляць кнігі. Ён шмат чытае, “падсаджвае” на кнігі сукамернікаў, яны ладзяць калектыўныя абмеркаванні. Але Фядута схуднеў, абвастрыліся некаторыя хваробы.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка – журналіст, паэт, руплівец беларускай мовы, гісторыі і культуры, які ў сярэдзіне ліпеня як вядоўца ток-шоў на тэлеканале «Белсат» перажыў ператрус, а следам атрымаў прадпісанне аб спыненні дзейнасці ўстановы «Мова Нанова», стварыў музей пад Мінскам і вяртае з нібыту аўтэнтычны Мінск

Naviband і Вольны хор разам выканалі кампазіцыю “Пад дубам”. Падтрымаць музыкаў можна па спасылцы

На гадавіну падзеяў, што адбыліся ў Беларусі ў жніўні 2020 году, прэзентаваны кліп на песню Лявона Вольскага “Палон”, у якім узялі ўдзел палітзняволеныя, іх блізкія, а таксама музыкі, акторы, мастакі – людзі, якім асабліва адгукаюцца словы гэтай песні.

Новы выпуск праграмы “Пока свободны” прыехаў у Магілёў, дзе вядоўца Алесь Залескі размаўляе з музыкам Ромам Жыгаровым і мастачкай Крысцінай Башарымавай пра культурные жыццё ў Магілёве і тое, ці засталося яно ўвогуле.

9 жніўня, у дзень народзінаў вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з усёй Беларусі прыязджалі ўскласці кветкі на магілу і да помніка. 

Анлайнавы кацнэрт Вольнага хора да гадавіны падзеяў 9 жніўня.

 

Супольнасць тэатральных дзеячаў Беларусі аб’ядноўваецца для выжывання ва ўмовах забароны на прафесію і шукае партнёраў. 

Сакратарыят Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” пратэстуе супраць ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра, жорсткага парушэння правоў і свабод беларускіх літаратараў, усіх грамадзянаў Беларусі.

Абвешчаны поўны спіс дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройця.

«Галасы Беларусі – 2020» – у бібліятэцы Свабоды выйшла кніга, якая ў фармаце шматгалосся распавядае пра беспрэцэдэнтны ў гісторыі Беларусі 2020 год.

Youtube-канал грамадзкай кампаніі «Годна» запусціў серыю перадач пад назвай «Гоман» – гэта бясплатны онлайн-курс для вывучэння беларускай мовы. Вядоўцы шоў – музыка Андрусь Такінданг і пісьменнік Аляксей Шэін.

Малюнкі Наталлі Гарлуковіч


Галасы асобаў

Радыё Свабода прапрасіла некалькі беларускіх аўтараў і аўтарак адказаць на пытанне, якім чынам падзеі апошняга году паўплывалі на іх а разуменне Беларусі і/або іх творчасць.

Дар’я Бялькевіч

Дар’я Бялькевіч, паэтка:

“Падзеі апошняга года паказалі, што мы занадта доўга займаліся толькі асабістымі справамі, таму цяпер вымушаныя займацца выключна справамі сваёй краіны і справамі тых людзей, якія аказаліся закладнікамі (ва ўсіх сэнсах) сітуацыі”.

Святлана Курс (Ева Вежнавец)

Святлана Курс (Ева Вежнавец), пісьменніца, журналістка:

“Нашыя мірныя пратэсты былі мірныя, бо кожны беларус свядома ці несвядома адчувае, як на нас ляжыць цяжкая лапа Расеі. Раней гэтая лапа ляжала на палове Еўропы і палове Азіі, а цяпер мы засталіся пад ёю адны, і ціск на нас моцны. Калі мы пачнем быць нямірнымі, нас размажуць па мапе”.


Міжнародная салідарнасць

Акцыя салідарнасці ў Талінe

Анталогію “Адзін год Беларусі” прэзентавалі ў Швецыі. Выданне суправаджаецца публікацыямі ў шведскіх медыя: інтэрв’ю з Вольгай Шпарагай, Ганнай Комар, Крысцінай Бандурынай і інш.

У Таліне 9 жніўня правялі крэатыўную акцыю салідарнасці: у горадзе на кожнага палітвязня было выстаўлена па пустым крэсле.

Еўрапейская федэрацыя журналістаў, Еўрапейская асацыяцыя літаратурных перакладчыкаў і Еўрапейская пісьменніцкая рада выказваюцца ў падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі і заклікаюць міністраў культуры іншых краін аказаць падтрымку арганізацыям і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, якія рызыкуюць сабой дзеля свабоды слова ў Беларусі.

Салідарнасць з Беларускім ПЭНам выказваюць шэраг арганізацый: Міжнародны ПЭН, ПЭН Амерыка, Шведскі ПЭН, Украінскі ПЭН, Польскі ПЭН, Нью-Ёркскі літаратурны фестываль, Нарвежскі ПЭН, Англійскі ПЭН і інш.

Выстава ў Капенгагене

Беларуская дыяспара Даніі арганізавала ў Капенгагене выставу пратэставага мастацтва пад назвай «Смеласць і супраціў у Беларусі».

У цэнтры Кіева адкрылася фотавыстава «Год супраціву» пра беларускі пратэст.

Польскі “Хор Чароўніц” выканаў песню па-беларуску, прысвечаную паўстанню беларускіх жанчын у 2020 годзе. “Нас такіх стаяць мільёны, страх нам болей невядомы!”


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У жніўні 9 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Пятро Марчанка, музыка (16 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ала Шарко, менеджарка культуры, праграмная дырэктарка Прэс-клуба (24 жніўня) і Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня).

Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы.