Пошук

“Ведаў і быў гатовы”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 2-8 жніўня 2021


Фота: ілюстрацыя Лізы Ветравай
“Іх кайданы і нянавісць разаб'юцца аб нашы танцы, песні і смех”.  Марыя Калеснікава  

Спампаваць pdf-версію 44-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Культурна-асветніцкае аб’яднанне палякаў Беларусі Poloniczka ліквідаванае за “дзейнасць, якая супярэчыць статуту, і распаўсюджванне яе супрацоўнікамі інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь”.

Міжанродны кінафестываль “Лістапад”, які праходзіць штогод з 1994, сёлета будзе праводзіць “Беларусьфільм”, а не Цэнтр візуальных мастацтваў Art Corporation. Летась “Лістапад” быў адменены “праз неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча”, пра што арганізатары даведаліся са СМІ. 

Судовае пасяджэнне па ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра перанесена на 9 жніўня.

Універсітэт імя Ніла Гілевіча, зарэгістраваны ў 2018 як прыватная навучальная ўстанова, ад 1 жніўня спыніў сваё існаванне па рашэнні Мінюста. 

Юры Стыльскі

Кліп гурта “Дай дарогу!” «Баю-бай» прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам. Гурт пакуль што закрыў доступ да яго, а саліст Юры Стыльскі пакінуў Беларусь. 

16 чалавек, сярод якіх удзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath» падчас святкавання дня народзінаў 3 жніўня затрымалі ўзброеныя людзі. Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пётр Марчанка, Юлія Юніцкая, Павал Шмыга, Антон Шніп і  Зміцер Шыманскі праходзяць у якасці падазраваных па артыкуле 342 КК – “Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак”: мінулым летам музыкі гралі падчас нядзельных маршаў. Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак.

Таццяна Вадалажская і Уладзімір Мацкевіч

Уладзіміра Мацкевіча, філосафа і метадолага, стваральніка сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт», і Таццяну Вадалажскую, метадолага і сацыёлага, каардынатарку “Лятучага ўніверсітэта”, затрымалі 4 жніўня пасля вобшуку, праведзенага КДБ. Яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Уладзіміра Мацкевіча падазраюць у арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, што парушылі грамадскі парадак.

Новыя прысуды па “карагоднай справе”: 11 чалавек атрымалі ад 2 да 3 гадоў “хіміі” і “хатняй хіміі”, адзін – Ігар Лаптовіч – 2.5 гады калоніі. 7 з 12 падсудных цалкам не прызналі віну. 

Дзмітры Дзмітрыеў

Да Дзмітрыя Дзмітрыева, фатографа “Новага Часу”, 5 жніўня прыйшлі сілавікі, пасля яго арыштавалі на 15 сутак. 

Улады распаўсюджваюць дакумент, у якім сабраныя імёны каля 400 асобаў, што выказаліся супраць фальсіфікацый і гвалту, звольніліся ў знак пратэсту, удзельнічалі ў забастоўцы ці выказвалі сваю нязгоду іншым спосабам, заклікаючы не браць гэтых людзей на працу. Таксама распаўсюджваюцца іх асабістыя звесткі.

Сяргей Верамеюк, музыка, якога ў чэрвені асудзілі на 15 содняў, затрымаўшы за дзень да абароны дыплома, пакінуў Беларусь. На 9 жніўня ў яго была позва ў ваенкамат.

Сяргей Верамеюк

Ігар Банцэр змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 сутак нібыта за парушэнне рэжыму.

Са школьнай праграмы па рускай літаратуры для 11 класаў прыбралі нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Яе імя цяпер не згадваецца ў пераліку «рускамоўнай літаратуры Беларусі». Таксама ў новай праграме адсутнічаюць творы іншага нобелеўскага лаўрэата – Аляксандра Салжаніцына, які пісаў пра ГУЛАГ.


Жыццё ў няволі

Марыя Калеснікава

Віктар Бабарыка, мецэнат культуры Беларусі, бізнэсовец, палітык, палітзняволены, у Наваполацкай калоніі працуе апальшчыкам у пякарні – гэта значыць, ён падкладвае дровы ў печ. 

Марыі Калеснікавай у СІЗА прапаноўвалі выступіць на БТ з інтэрв’ю накшталт таго, якое знялі з Раманам Пратасевічам. Марыя адказала, што пагадзілася б даць інтэрв’ю супрацоўніку АНТ Марату Маркаву пры ўмове, што яна раскажа «шакавальную праўду пра выкраданне, следства і беззаконне ў турме».


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад перакладу трэцяй кнігі прыгод Гары Потэра – «Гары Потэр і вязень Азкабана».

Выйшла кніга «Не адчайваемся» Васіля Грыня – чытаючы яе, адкрываеш розныя бакі беларускай душы. 

Малюнак пра сітуацыю з беларускай легкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якую беларускі НАК хацеў гвалтоўна выслаць з Токіа ў Беларусь. 

Беларусы вачамі мастачкі vera.bei. Партрэт Віталя Шышова ад ананімнага мастака.

 

Выдавецтва “Янушкевіч” запусціла ў продаж новы наклад кнігі “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча, якая з 8 красавіка знаходзілася на экспертызе на прадмет наяўнасці ў ёй “прыкмет  экстрэмізму”. 

У новым выпуску YouTube-перадачы «Каля культуры» Мікіта Моніч распавёў пра першых беларускіх музейшчыкаў.

 

Анлайн-сустрэча з пісьменнікам і сябрам Беларускага ПЭНа Альгердам Бахарэвічам адбылася 4 жніўня на запрашэнне беларусаў Шатландыі ды Скарынаўскага кніжнага клуба. 

Гурт «Гарадскі Вал» прэзентуе трэк, прысвечаны Марыі Калеснікавай, музыкам усіх дваровых канцэртаў і Аляксею Санчуку. 

Маргарыта Ляўчук чытае верш Ганны Златкоўскай пра тугу па дому, куды немагчыма пакуль вярнуцца.

Прэм’ера песні і кліпа гурта Intelligency “Беларуская малітва”.

У Мінску запусцілі праект пра любоў да роднага горада экскурсіі за «Дзякуй». Кожны тыдзень хлопцы з каманды А-100 праводзяць бясплатныя экскурсіі па самых невідавочных мясцінах горада, распавядаючы пра месцы ды іх гісторыю.

Канцэрт да дня народзінаў Алеся Пушкіна, мастака. 

Фестываль “Тutaka”, які прайшоў 6 і 7 жніўня, – гэта музыка беларускай рэвалюцыі, а таксама спосаб паказаць беларускую культуру і мастацтва ў поўнай разнароднасці.


Галасы асобаў

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава з СІЗА заклікала Лукашэнку спыніць гвалт:

«Я заклікаю перастаць змагацца з уласным народам, прыслухацца да беларусаў і пачаць новы дыялог. Спыніце гвалт! Спыніце абсурдныя судовыя працэсы! Не разбурайце эканоміку і паспяховыя прадпрыемствы! Выпусціце людзей з турмаў!»

Альгерд Бахарэвіч:

Альгерд Бахарэвіч

“Рэальнасць маіх раманаў заўсёды нараджалася з жывога кантакту з людзьмі. Беларусы ж і жывуць так, нібы вязні нейкага страшнага, прыдуманага хворым аўтарам тэксту. Крывая, вусцішная рэчаіснасць, абсурд і злосны смех на кожным кроку.

Якой яшчэ мусіць быць літаратура, народжаная тут?”

 

Кацярына Андрэева

 

Кацярына Андрэева:

“Мая задача – захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасціся ў мяне. Не стаць часткай выродлівага [турэмнага сьвету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прастору вакол сябе”.

 

 

Максім Знак

Максм Знак у інтэрв’ю з-за кратаў:

“Год таму я шмат працаваў дзеля дабра і на падставе закону. Таму ў мяне чыстае сумленне наконт вартасці маіх дзеянняў. Ці варта шкадаваць, што ты пайшоў у склеп і выявіў пажар, ці лепш ніколі не адчыняць дзверы і жыць у спакойным няведанні? Гэта не лепш, вядома. Я пра гэта не шкадую”.


Міжнародная салідарнасць

Вольга Шпарага

У польскай Galeria Wieża Ciśnień праходзіць выстава “Жыве Беларусь”, прысвечаная актуальным праблемам Беларусі.

Польскія музыкі запісалі песню памяці Вітольда Ашурка

Інтэрв’ю з Вольгай Шпарагай, філосафкай, сяброўкай Беларускага ПЭНа, выйшла ў самай буйной шведскай газеце Dagens Nyheter. 

Анталогія «Адзін год у Беларусі»

Анталогія «Адзін год у Беларусі» на шведскай мове выходзіць у Швецыі. Яе складаюць тэксты (вершы, эсэ, інтэрв’ю ды лісты, напісаныя падчас пратэстаў) 14 беларускіх аўтараў і аўтарак: Святланы Алексіевіч, Крысціны Бандурынай, Альгерда Бахарэвіча, Ганны Комар, Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай, Андрэя Курэйчыка, Уладзіміра Лянкевіча, Віктара Марціновіча, Марыі Мартысевіч, Вальжыны Морт, Дзмітрыя Строцава, Юліі Цімафеевай, Сашы Філіпенкі ды Вольгі Шпарагі.

“Крык сцішаных”

Еўрапейская рада перакладчыкаў мастацкай літаратуры (CEATL), Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і Еўрапейская пісьменніцкая рада (EWC) заклікаюць урады еўрапейскіх краін аказаць падтрымку дэмакратычнаму руху ў Беларусі і забяспечыць неабходную дапамогу творцам.

Інтэрв’ю з Ганнай Комар і Дзмітрыем Строцавым ў нарвежскай газеце Klassekampen. 

Выстава “Крык сцішаных” адкрылася ў Газе 7 жніўня на знак салідарнасці з беларускімі творцамі, якія супрацьстаяць дыктатуры.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У жніўні 8 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ала Шарко, менеджарка культуры, праграмная дырэктарка Прэс-клуба (24 жніўня) і Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня).

Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы.