Пошук

“Калі ідзеш праз пекла, нельга спыняцца”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 26 ліпеня-1 жніўня 2021


Фота: ілюстрацыя Лізы Лянкевіч
"ленты на стволах и ветках помогают не сбиться с пути платьице красное в белом окне не один уже месяц сохнет и сохнет помогает в пути"    Дзмітры Строцаў  

Спампаваць pdf-версію 43-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Вынікі маніторынгу парушэння культурных правоў за студзень-чэрвень 2021 года

За 1-е паўгоддзе 2021 года зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў і дзяячак культуры.


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Алег Груздзіловіч, фота svaboda.org

26 ліпеня на волю выйшлі Ігар Ільяш, журналіст, аўтар (разам з Кацярынай Андрэевай) кнігі “Беларускі Данбас” і Алег Груздзіловіч, журналіст, аўтар дакументальнай кнігі пра выбух у мінскім метро ў 2011 годзе. 

Следства пакінула без зменаў хатні арышт Юліі Чарняўскай. Яна была затрыманая 18 траўня і абвінавачваецца па арт. 243 Крымінальнага кодэксу – Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў.

У Гродна ліквідуюць мясцовы «Рок-клуб», заснаваны ў 2014 годзе Ігарам Банцарам, і «Студыю карысных кампетэнцый»

Наталля Зданевіч

Па месцы рэгістрацыі Наталлі Зданевіч, кіраўніцы праектаў “Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці”, 28 ліпеня адбыўся ператрус, які праводзіў КДБ. Нічога не забралі, глядзелі кнігі, з чым быў звязаны ператрус, не патлумачылі.

Фонд аб’ядноўвае намаганні міжнародных экспертаў у галіне вывучэння спадчыны Брэста і Брэсцкай крэпасці, ініцыюе архіўныя даследаванні, спрыяе папулярызацыі гісторыі ў новых сучасных фарматах.

Андрусь і Таццяна Мастыкі выйшлі на волю 29 ліпеня пасля 10 дзён арышту. 

Вярхоўны суд разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра 3 жніўня.

Інстытут імя Гётэ афіцыйна спыніў працу ў Беларусі – такім было патрабаванне Міністэрства замежных спраў Беларусі. 

У Брэцсе зліквідавалі яшчэ чатыры грамадскія арганізацыі, сярод іх: культурна-асветніцкая установа «Брэсцкі Аазіс» і культурна-асветніцкая установа «Еўрапейская брама»

Кніга “Рэвалюцыя” Віктара Марціновіча з’явілася ў продажы ў крамах канфіскату. У студзені 2021 года ў выдавецтва “Кнігазбор” было канфіскавана каля 500 асобнікаў кнігі.


Жыццё ў няволі

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ, мастачка, асуджаная да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары, дзе нават не выдаюць пасцельную бялізну, у якасці пакарання за адмову шыць форму сілавікам і іншыя парушэнні. Цяпер яе перавялі ў адзіночную камеру. Наталля не збіраецца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Ігар Банцар

Ігар Банцар, які адбывае “хімію” ў Віцебску за танец у стрынгах перад міліцыянтам, даслаў паштоўкі арыштаванаму кіраўніцтву “Вясны”; упершыню амаль за 40 дзён яго даставілі ў паліклініку, дзе ён паступова пачаў праходзіць абследаванне; яму прыйшла прапанова напісаць просьбу аб памілаванні, але ён не збіраецца гэтага рабіць. 

Стася Міронцава піша з папраўчай калоніі №4 у г. Гомель, дзе яна асуджаная адбываць 2 гады зняволення:

малюнак Стасі Міронцавай

“16-га мы глядзелі прэм’еру тэатральнай пастаноўкі. Тут ёсць клуб – такое памяшканне са сцэнай, вялізнымі шторамі і шэрагамі крэслаў. Рэжысёр ужо шмат гадоў працуе з асуджанымі. Вельмі крутую зрабіў пастаноўку! А дзяўчаты як сыгралі!.. Я нават падумала, што гэта сапраўдныя акторы”. 


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Нягледзячы на тое, што шмат дзеячаў і дзяячак культуры пакінулі Беларусь – праз пераслед, звальненні, немагчымасць працаваць – шмат засталіся ў Беларусі і працягваюць штодзённую працу па захаванні і развіцці беларускай культуры, хоць не так заўважна і шумна, як тое, што мы бачылі цягам 2020 года. Аднак такая сітуацыя для нас не новая, і мы ведаем цану гэтай штодзённай працы, без якой не было б таго свята культуры і абуджэння, што мы назіралі летась.  

Мікіта Моніч, мастацтвазнаўца, які летам 2020 года быў звольнены з Нацыянальнага мастацкага музея за верш, распачаў YouTube праект “Около культуры”, у якім ён будзе распавядаць, як атрымаць задавальнення ад культурных артэфактаў і навошта хадзіць у музеі ды тэатры.

Хор Вольных Бараўлянаў павіншаваў суседзяў і ўсіх беларусаў з Днём Незалежнасці 27 ліпеня. 

Гурт Laudans прэзентаваў новую кампазіцыю “Я б хацеў застацца”. Відэа зрабіла мастачка Ліза Лянкевіч.

 

Кніга прозы Паўла Каспяровіча “Чорная рэчка” выйшла пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў. Павел Каспяровіч – паэт, празаік, праваслаўны святар, клірык Свята-Пакроўскага сабора ў Гродна. 

Уладзімір Скамарошчанка, мастак з Гродна, распрацаваў серыю графічных партрэтаў выбітных беларускіх культурных дзеячоў і дзяячак. 

 

Выстава Іконы Веткі “Вогнепадобныя і агняпальныя…” адкрылася 24 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Genius loci. Genius lost, фота ncsm.by

Мастацкі куратарскі праект “Экзістенція. Прастора” адкрыўся ў Мінску 22 ліпеня. Маладыя беларускія мастакі і мастачкі-графікі раскрываюць тэму самотнасці, экзістэнцыйнага крызісу, унікальнасці быцця чалавека. 

Фота-выстава «Genius loci. Genius lost / Геній месца. Геній згубленасці» завяршылася ў НЦСІ 1 жніўня. Зыходнай кропкай мастацкага праекта стаў плэнер у арт-вёсцы Каптаруны, натхняльным і містычным месцы на мяжы Беларусі і Літвы. Фатографы намагаліся згубіцца ў незнаёмым ландшафце, і адкрыць яго і сабе наноў.

Выстава маляванак, фота ncsm.by

Выстава маляванак – маляваных дываноў, распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі ў 20-50-х гг 20 ст. – «Зори-Заряницы» праходзіць у НЦСІ. 

Знакаміты оперны спявак Ілья Сільчукоў выпусціў кліп на песню «Волки». У сюжэце адгукаецца тэма гвалту, які беларусы перажылі ў 2020-м.

Канцэрт «Вольнага хора» прайшоў на возеры Тэгель у Берліне.

Відэаверсія канцэрта, які адбыўся ў межах Тыдня беларускай культуры 11 ліпеня з удзелам беларускіх артыстаў, што ў выніку палітычных рэпрэсій пераехалі ў Кіеў. 

Беларуская дызайнерка Алёна Штайнке запусціла продаж сваёй калекцыі для дапамогі жанчынам–палітвязням.


Галасы асобаў

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец, пісьменнік, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра:

“З гледзішча адзінства беларускай гісторыі паўстанне 2020-га цалкам упісваецца ў доўгі шэраг паўстанняў, якія адбываюцца ў Беларусі з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Дэтанатар гэтых паўстанняў нязменны — непавага да чалавека”. 

 

 

Аляксей Стрэльнікаў

Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык, выкладчык Акадэміі мастацтваў, які далучыўся да страйку восенню 2020 года, у выніку чаго быў звольнены:

“Цэнзура заключаецца ў тым, каб з тэатру зрабіць мастацтва добранадзейных людзей: цэнзарам трэба толькі пераканацца, што вось такі не працуе, а вось такому не далі гастролькі. Абысці гэта магчыма, а калі ты не трапіў у чорны спіс і за табою пільна не сочаць, увогуле можна дазволіць сабе пэўныя вольнасці. Думаю, гэтая ілюзія свабоды, а таксама ўнутранае адчуванне, што ты робіш нешта важнае, шмат каго і трымае ў тэатры. Я кажу «ілюзія», але гэта не значыць, што я лічу такую свабоду несапраўднаю: свабода чалавечага духу часам важнейшая за свабоду наведаць нейкую кавярню ці з’ехаць у іншую краіну. Таму людзі бываюць настолькі хворымі тэатрам і таму яны могуць не падтрымліваць дзейных уладаў, але заставацца ў дзяржаўнай установе”.


Міжнародная салідарнасць

Народныя амбасады распрацавалі інструмент для транслітарацыі беларускіх імёнаў на замежныя мовы. 

У Японіі стварылі беларускае кімано з вершамі Лырысы Геніюш. Яго прадставілі падчас Алімпійскіх гульняў.  

Хваля міжнароднай салідарнасці з Беларускім ПЭН-цэнтрам і грамадскай супольнасцю не сыходзіць. Штодня з’яўляюцца новыя артыкулы, заявы і словы падтрымкі ў адрас арганізацый і асобных грамадскіх, культурных дзеячаў і журналістаў. Кожнае з выказванняў па-свойму рознае, але чырвонай стужкай праз кожны тэкст праходзіць “Мы салідарныя”.

 

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўзнагароджаныя Ляйпцыгскай прэміяй за свабоду СМІ. Кацярына Андрэева – суаўтарка кнігі “Беларускі Данбас”. 

Канцэрт Вольнага хора, прысвечаны Марыі Калеснікавай, прайшоў у Варшаве. 

Выстава “Беларусь. Гісторыя праз мастацтва” праходзіць у Манако з 30 ліпеня па 9 жніўня.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

У жніўні 8 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ала Шарко, менеджарка культуры, праграмная дырэктарка Прэс-клуба (24 жніўня) і Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня).

Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы.