Пошук

Заява аб прызнанні сямі новых палітычных зняволеных


Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваfабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Максім Сарычаў асуджаны судом Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК за абразу супрацоўніка АУС у тэлеграм-чаце да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Яўген Цітоў асуджаны судом Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці па арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сцяг да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Давід Шаракоў асуджаны судом Віцебскага раёна Віцебскай вобласці па арт. 369 КК за абразу былога намесніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова ў тэлеграм-чаце да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Сяргей Велікародны асуджаны па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  5. Ілля Дзярагін асуджаны судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Магілёўскай вобласці па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да трох месяцаў арышту. Іллю ўзялі пад варту ў зале суда;
  6. Юрый Кавалёў асуджаны судом Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  7. Дзмітрый Краўцоў асуджаны судом Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўным гербам Беларусі да трох месяцаў арышту, пачаў адбываць пакаранне.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Сарычава, Яўгена Цітова, Давіда Шаракова, Сяргея Велікароднага, Іллю Дзярагіна, Юрыя Кавалёва, Дзмітрыя Краўцова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Ідэнтычнасць і права;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.