Пошук

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні шасці новых палітычных зняволеных


Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзян краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з здзекам над дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:

Намі атрымана інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:

  1. Максім Жалязнаў асуджаны па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Максім Шаўлінскі асуджаны паводле арт. 188 КК (Паклёп) да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Генадзь Казючыц асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Іван Курыленка асуджаны паводле арт. 188 КК (Паклёп) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Андрэй Грыва асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 КК (Абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта) да двух гадоў папраўчай калоніі;
  6. Уладзімір Аляксееў асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 КК (Абраза суддзі або народнага засядацеля), 188 КК (Паклёп) да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

У сувязі з гэтым мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх – палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” , і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Жалязнова, Максіма Шаўлінскага, Генадзя Казючыца, Івана Курыленку, Андрэя Грыву і Уладзіміра Аляксеева і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, а менавіта – артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”.