Пошук

Патрабуем неадкладнага вызвалення валанцёраў фонда “Страна для жизни”. Дабрачыннасць не злачынства!


Фота: Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, spring96.org
Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці

9 ліпеня 2021 г. у г. Мінску супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя валанцёры фонда “Страна для жизни” Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых і Таццяна Астроўская.

13 ліпеня 2021 стала вядома, што валанцёры абвінавачваюцца ў злачынстве па ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці эстрымісцкага фармавання) і ім пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Усе чацвёра былі ўзятыя пад варту ў СІЗА № 1.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Прад’яўленне абвінавчвання валанцёрам фонда “Страна для жизни” адбываецца на фоне ўзмацнення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны.

Усе часцей для апраўдання масавых рэпрэсій у краіне ўлады выкарыстоўваюць г. зв. анты-экстрымісцкае заканадаўства – рэпрэсіўныя змены, ўнесеныя ў цэлы шэраг законаў краіны, як рэакцыя на падзеі мінулага году. Прыкрываючыся рыторыкай барацьбы з экстрымізмам і тэрарызмам, улады развязалі небывалыя рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў дзеючага рэжыму, незалежных журналістаў, правабаронцаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Абвінавачванне ў фінансаванні экстрымісцкага фаміравання валанцёраў, якія ажыццяўляюць гуманітарную, дабрачынную дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека з’ўляецца заганнай практыкай.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што валанцерская дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій не мае нічога агульнага з экстрымісцкай дзейнасцю, не з’яўляецца яе фінансаваннем, носіць выключна мірны характар і адпаведна пераследуе абсалютна легітымныя мэты. Такая дзейнасць апрыёры не можа быць крыміналізаваная, бо не носіць грамадска-небяспечны характар.

Канстытуцыя Беларусі гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду асацыяцыі з іншымі асобамі дзеля рэалізацыі супольных мэтаў. Гэтае свабода гарантаваная і арт. 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не можа падлягаць ніякім абмежаванням, арамя тых, што ўстаноўленыя законам і з’яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Па нашым глыбокім перакананні Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская не здзяйснялі якіх бы не было дзеянняў, якія б дазвалялі ўладам абмежаваць іх свабоду.

Мы ацэньваем іх пераслед, як палітычна-матываваны, звязаны з іх мірнай дабрачыннай, гуманітарнай дзейнасццю і рэалізацыяй свабоды асацыяцыі.

Кіруючыся п. 3.1 а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” мы прызнаем дадзеных асобаў палітычнымі зняволенымі і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкаладнага і безумоўнага вызвалення Марыны Дуброўскай, Антона Сташэўскага, Юліі Сырых, Таццяны Астроўскай і неадкалданага спынення іх крымінальнага пераследу.
  2. Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Iніцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”.