Пошук

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 5 новых палітычных зняволеных


Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Герман Быхаў  знаходзіцца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні па арт. 130 КК (распальванне варажнечы ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы – супрацоўнікаў МУС);
  2. Сяргей Бобашаў – асуджаны прысудам суда на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Аляксандр Аграйцовіч– асуджаны прысудам суда Завадскога р-на г. Мінска на два гады абмежавання волі з накіравнаннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 188 КК (паклеп), накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Дзмітры Бабок асуджаны прысудам суда Бабрускага р-на Магілеўскай вобласці на адзін год пазбаўлення волі па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);
  5. Юры Бірук – асуджаны прысудам суда Маладзечанскага р-на Мінскай вобласці на паўтары гады пазбаўлення волі па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Германа Быхава, Сярея Бобашава, Алякснадра Арайцовіча, Дзмітрыя Бабка, Юрыя Бірука і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

“Ініцыятыва FORB”;

Беларускі ПЭН-цэнтр.